Дата рождения: 09.11.1902 Вешкі, в., Докшыцкі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти: 13.11.1950
Краткая справка: кампазітар, хормайстар, фалькларыст, імя якога прысвоена Гомельскаму дзяржаўнаму каледжу мастацтваў, адзін з арганізатараў Ансамбля беларускай народнай песні і танца Беларускай дзяржаўнай філармоніі, аўтар музыкі Дзяржаўнага гімна БССР (на словы М. Клімковіча), кавалер ордэна "Знак Пашаны"
Варианты имени: Сакалоўскі Нестар Фёдаравіч
Имена на других языках: Sokolovsky Nestor Fedorovich (английский); Соколовский Нестор Фёдорович (русский);
Вядомы беларускі кампазітар, Несцер Фёдаравіч Сакалоўскі, заслужыў усенароднае прызнанне. Яго ўклад у беларускую прафесійную песенную творчасць вельмі каштоўны. Не меншае значэнне для развіцця музычнай культуры мае тое, што Н. Сакалоўскі зрабіў для захавання і прапаганды лепшых узораў народнай песні. У гэтай высакароднай, надзвычай цяжкай і адказнай справе ён выступіў не толькі як збіральнік і выканаўца, але і як аўтар выдатных мастацкіх апрацовак для сольнага і харавога спявання цудоўных беларускіх мелодый.
Нарадзіўся Н. Сакалоўскі ў в. Вешкі Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і малазямельных сялян. Яго маці славілася ў наваколлі як пявуння. Родны дзядзька быў цудоўным скрыпачом-самавукам. Хлопчык выхоўваўся ў песеннай, музычнай атмасферы. З маленства ён увабраў у душу хараство народных мелодый. У 1908 г. сям’я Сакалоўскіх пераехала ў Мінск. Там Несцер вучыўся ў першай працоўнай школе, дзе даволі вялікая ўвага надавалася авалодванню музычнай граматай. Хлопчык запісаўся ў адзін з гурткоў мастацкай самадзейнасці, навучыўся спяваць, іграць на балалайцы і вельмі хутка стаў адным з самых актыўных школьных артыстаў. Вялікае значэнне ў жыцці будучага кампазітара адыграла сяброўства з вядомым дзеячам беларускага тэатральнага і музычнага мастацтва К. Пуроўскім, які спяваў у той час у хоры пад кіраўніцтвам знакамітага У. Тэраўскага. Дзякуючы яму Н. Сакалоўскі даведаўся пра існаванне “Беларускай хаткі”, дзе ўпершыню пачуў знаёмыя і любімыя з дзяцінства народныя песні ў выкананні прафесійнага хору. Хутка і сам стаў спяваць у ім. Выконваў не толькі беларускія, але і рускія, украінскія творы, да асобных з іх, такіх як “А ў полі каліна”, “Салавейка”, “Лён” і некаторых іншых, цікавасць не знікла і да цяперашняга часу. Разам з К. Пуроўскім папоўніў рэпертуар калектыву песняй “Бульба”, якая сёння карыстаецца вялікай папулярнасцю як у прафесійных, так і самадзейных выканаўцаў. Яе пачулі ад старой сялянскай жанчыны і запісалі. Гэты выпадак стаў для Н. Сакалоўскага важным творчым урокам. Ён упэўніўся: народная памяць – тая невычэрпная крыніца, што захоўвае ў сабе нямала арыгінальных песень, якія пакуль не вядомы шырокаму слухачу. Дыплом аб сярэдняй адукацыі ён атрымаў у 1921 г. Пасля заканчэння школы пачаў настойліва шукаць шляхі ў прафесійнае мастацтва. Два гады працаваў харыстам украінскай тэатральнай трупы. У 1923 г. Н. Сакалоўскага прызвалі на службу ў Чырвоную Армію. У 1926 г. звольніўся ў запас, быў залічаны акцёрам у Беларускі трэці дзяржаўны тэатр, што ўзначальваў выдатны рэжысёр і цудоўны знаўца сцэнічнага мастацтва У. Галубок; потым стаў хормайстрам калектыву. Праца ў тэатры, спектаклі якога былі адметныя нацыянальным каларытам – музыкай, спевамі, танцамі, – спрыяла развіццю мастацкага густу. У час паездак па Беларусі Н. Сакалоўскі блізка знаёміўся з выканаўцамі народных песень, актыўна збіраў фальклорныя матэрыялы, запісваў народныя мелодыі. Каб пачуць іх у харавым гучанні, зрабіць масавымі, шырокавядомымі, была патрэбна прафесійная музычная падрыхтоўка. У 1926 г., не пакідаючы працы ў тэатры, паступіў у Мінскі музычны тэхнікум (скончыў у 1931 г., клас кампазіцыі М. Аладава). У 1932–1935 гг. вучыўся ў Беларускай кансерваторыі.
На 1930-я гг. прыпадае пачатак актыўнай кампазітарскай дзейнасці Н. Сакалоўскага. Ён працаваў кіраўніком самадзейных харавых калектываў, для якіх збіраў і апрацоўваў лепшыя ўзоры народнай песеннай творчасці. У 1931 г. асобнай кніжкай выйшла песня “Бальшавіцкая сяўба”, у 1933 г. выпушчаны “Чырвонаармейская” і “Разгон не стрымаць”, у 1934 г. надрукаваны зборнік “8 песень для пачатковай школы”, куды ўвайшлі творы “Свята перамогі”, “У лагеры”, “Жніво ў калгасе” і інш. Натхнёны вершамі Я. Купалы, Я. Коласа, М. Чарота, Ю. Лявоннага, А. Якімовіча і іншых паэтаў, кампазітар напісаў уласныя песні, якія мелі вялікую папулярнасць. Некаторыя яго творы, такія як “Чырвоная вяргінечка”, “Скажы, скажы, чалавеча”, “Задумаў жаніцца” (на словы А. Русака), “Хлопец кудравы” (на словы А. Вялюгіна), “Калыханка” (на словы Я. Купалы), успрымаюцца сёння як народныя – так натуральна яны ўвайшлі ў музычны быт роднага краю. Несцер Сакалоўскі – адзін з арганізатараў і хормайстар Ансамбля беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі (1937–1941). Гэта быў унікальны калектыў, які прапагандаваў на прафесійным узроўні лепшыя ўзоры вакальнага, інструментальнага і харэаграфічнага мастацтва беларускага народа. Ён захапляў слухачоў прастатой, свежасцю, непасрэднасцю выканання. Больш за 500 запісаў і апрацовак беларускіх мелодый для сольнага і харавога спявання, якімі Н. Сакалоўскі шчодра дзяліўся з іншымі кампазітарамі, склалі залатую скарбніцу каштоўнейшай музычнай спадчыны народа. Галоўнае месца сярод апрацовак фалькларыста заняла пяцічасткавая сюіта для хору без суправаджэння, дзе ён выкарыстаў свае любімыя прыёмы ўзбагачэння народнай мелодыі, у тым ліку прыём шматгалосся.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Н. Сакалоўскі быў у эвакуацыі. Знаходзіўся ў г. Алатыры (Чувашыя), працаваў на заводзе. Хутка быў прызваны ў армію, але служба працягвалася нядоўга: многіх дзеячаў культуры, мастацтва, літаратуры адклікалі з часцей, каб яны маглі займацца творчай працай. У іх шэрагу апынуўся і Н. Сакалоўскі. З 1943 г. з’яўляўся мастацкім кіраўніком Палескага абласнога ансамбля песні і танца, які адраджаў і тэатралізаваў беларускія народныя абрады – “Дажынкі”, “Вяснянка”, “Вяселле Цярэшкі” і інш. Кампазітар працягваў апекаваць і іншыя хары. У ваенны час Н. Сакалоўскім напісана шмат твораў, якія заклікалі да барацьбы з фашыстамі, уздымалі дух савецкага народа, некаторыя з іх былі прасякнуты тонкім лірызмам. На жаль, большасць песень гэтага перыяду не захавалася. Тыя, якія засталіся, “жывуць” і сёння. Адзін з самых папулярных твораў “Песня пра Нёман” (на словы А. Астрэйкі) – сімвал мужнасці, сапраўднага патрыятызму, любові да роднай зямлі. Яшчэ адна шырокавядомая песня майстра “Мы беларусы” (на словы М. Клімковіча), напісаная ў гады вайны, стала Дзяржаўным гімнам БССР. У 2002 г. з’явіўся новы (на словы У. Карызны), блізкі сваімі матывамі папярэдняму (таму сярод аўтараў Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь значацца два паэты). Музыка ж засталася ранейшая. З 1944 г. Н. Сакалоўскі быў начальнікам аддзела мастацкай самадзейнасці Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР, з 1946 г. – старшым рэдактарам рэдакцыі музычнай літаратуры Беларускага дзяржаўнага выдавецтва. Ён спрыяў выданню шматлікіх спеўнікаў, апрацовак беларускіх народных песень, арыгінальных твораў кампазітараў Беларусі.
Несцер Сакалоўскі ўзнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны” і двума медалямі. Яго імя прысвоена Гомельскаму дзяржаўнаму каледжу мастацтваў. Знакамітаму хормайстру прысвечана кніга І. Нісневіча “Кампазітар Нестар Сакалоўскі” (1969).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.