Іверс Анатоль (сапраўднае імя Міско Іван Дарафеевіч)
Дата рождения:
15.05.1912 Чамяры, в., Слонімскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
26.10.1999
Краткая справка:
паэт, дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі
Псевдонимы:
Двоеў Васіль; Иверс Анатоль; Іван Іванавіч; Іверс Анатоль; Івэрс А.; Івэрс Анатоль
Имена на других языках:
Миско Иван Дорофеевич (русский);
4176 символов
Справка
Цікавай і прыкметнай з’явай у беларускай літаратуры стала творчая дзейнасць пісьменніка Анатоля Іверса (сапраўднае імя Іван Дарафеевіч Міско). Ён нарадзіўся ў в. Чамяры Слонімскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Слонімскі раён Гродзенскай вобласці) у сялянскай сям’і. У Першую сусветную вайну тысячы беларусаў сталі бежанцамі. У 1914 г. бацькі А. Іверса таксама пакінулі радзіму. Спачатку жылі каля Казані, потым пераехалі ў Кіеў. Летам 1918 г. сям’я вярнулася ў Чамяры. Чытаць па-руску хлопчыка навучыў бацька, потым ён некалькі месяцаў хадзіў у мясцовую беларускую школу, якую ў хуткім часе закрылі польскія ўлады. Летам 1926 г. А. Іверс паступіў у Віленскую беларускую гімназію, дзе пасябраваў з В. Таўлаем. Яны выдавалі часопісы «Золак» і «Пралескі», разам удзельнічалі ў пратэстах вучняў супраць забароны беларускай мовы. У 1928 г. А. Іверс быў выключаны з гімназіі. Вучобу працягваў у Клецкай, потым у Навагрудскай гімназіях, але скончыць іх не змог. З 1931 г. ён знаходзіўся ў Чамярах пад наглядам польскай паліцыі.
Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР А. Іверс працаваў літаратурным супрацоўнікам слонімскай раённай газеты «Вольная праца» (1939–1941). У 1940 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. У гады Вялікай Айчыннай вайны застаўся на акупіраванай тэрыторыі. Быў адным з арганізатараў падпольнага руху, партызанам брыгады імя К. Ракасоўскага, сакратаром Слонімскага міжраённага антыфашысцкага камітэта, намеснікам камандзіра атрада імя Дзяржынскага, адказваў за выпуск лістовак і падпольнай газеты «Барацьба». У 1947–1949 гг. А. Іверс з’яўляўся адказным сакратаром рэдакцыі раённай газеты «Вольная праца», сакратаром Слонімскага гарвыканкама. У 1949–1966 гг. працаваў майстрам смалакурнага завода і тэхнолагам лесахімзавода. З 1966 г. зноў на журналісцкай рабоце ў Слоніме. У 1976–1984 гг. ён адказны сакратар слонімскага раённага аддзялення Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
У 1934 г. у часопісе «Літаратурная старонка» быў апублікаваны першы верш А. Іверса «Вёска». Потым яго творы пачалі друкавацца ў заходнебеларускіх газетах і часопісах «Беларускі летапіс», «Калоссе», «Асва», «Шлях моладзі» і інш. Атрыманыя ў гімназіях веды, самаадукацыя, знаёмства з класічнай і сучаснай паэзіяй (беларускай, польскай, савецкай) дазволілі А. Іверсу выпрацаваць свой уласны стыль, вызначыць асноўныя тэмы творчасці.
Амаль ва ўсіх ранніх вершах паэт апісваў цяжкае жыццё селяніна, заклікаў змагацца за лепшую долю. У іх адчуваўся ўплыў Я. Купалы. У верасні 1939 г. у Вільні выйшаў першы зборнік паэта «Песні на загонах», вершы якога напоўнены лірызмам, матывамі свабодалюбства і вернасці Радзіме. У пасляваенных творах, многія з якіх склалі кнігу «З пройдзеных дарог» (1970), захавалася памяць пра суровыя ваенныя дні. Тэматыка вершаў звязана з асобай чалавека, грамадзяніна; гераічныя матывы пераходзяць у лірычныя, напаўняюцца пачуццём шчырай любві да роднага краю і яго працавітых людзей. У наступныя зборнікі – «Жыву ў бацькоўскім краі» (1982), «Я пайшоў бы ўслед за летам» (1987), «Прыдарожныя сосны» (1995), «Травень» (1997) – увайшлі разнастайныя па тэматыцы і адметныя па стылі творы. У іх аўтар прыгадвае пачатак літаратурнай дзейнасці («Пачатак шляху»), успамінае жыццё пад Польшчай («Сонца і краты») і партызанскае мінулае («Лясны паклон», «Хадзілі мы паходамі…»), піша пра родны Слонім («Мой горад», «Слонім – мой родны горад»), працоўныя дасягненні краю («Над картай рэспублікі»). У зборніках змешчаны таксама вершы ў фальклорным стылі («Пакасілі мае…») і вершы пра ролю мастацкага слова ў жыцці народа («Паэзія»). У творах А. Іверс паэтызуе завешчаную папярэднікамі спадчыну, з павагай ставіцца да мінулага беларускага народа. Цікавай старонкай яго творчасці з’яўляюцца ўспаміны. Пісьменнік пісаў пра В. Таўлая, Г. Леўчыка, П. Пестрака, Я. Купалу і інш. Артыкулы пра іх і іншых знакамітых людзей Беларусі ўвайшлі ў кнігу «З глыбінь жыцця» (2012).
Анатоль Іверс пакінуў адметны след у беларускай паэзіі. Ён напісаў не вельмі шмат, але тое, што стварыў, адлюстроўвае гісторыю Слонімшчыны, глыбіню народнага жыцця, праўду і рэальнасць убачанага і перажытага самім аўтарам.