Дата рождения:
22.05.1907 Пружаны, г., Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
29.05.1986
Краткая справка:
мастацтвазнавец, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі (1944–1977), заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Польшчы, кавалер ордэнаў Дружбы народаў і "Знак Пашаны"
Имена на других языках:
Aladava Alena Vasilyeuna (не определен); Аладова Елена Васильевна (русский); Пук Елена Васильевна (русский);
2615 символов
Справка
Пяцьдзесят гадоў свайго жыцця прысвяціла збору, захаванню, вывучэнню і прапагандзе выяўленчага мастацтва Алена Васілеўна Аладава. Яе імя было добра вядома ў музейных колах былога Савецкага Саюза.
Нарадзілася А.В. Аладава ў Пружанах у сям’і настаўніка. Пасля заканчэння ў 1928 г. Беларускага дзяржаўнага універсітэта пачала працаваць навуковым супрацоўнікам арганізацыйнай групы па стварэнні Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР, а ў 1939 г. стала загадчыцай аддзела беларускага і рускага мастацтва ўжо заснаванай галерэі.
У час Вялікай Айчыннай вайны Алена Васілеўна апынулася ў Саратаве, дзе працавала намеснікам дырэктара па навуковай частцы і адначасова галоўным захавальнікам Дзяржаўнага мастацкага музея імя А.М. Радзішчава. У 1944 г. Аладава прымала ўдзел у рабоце Камісіі па стратах, нанесеных нямецка-фашысцкімі захопнікамі музеям БССР. Дырэктарская кар’ера А.В. Аладавай пачалася з Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (1944). У тым жа годзе яна ўзначаліла адноўленую Дзяржаўную карцінную галерэю і некаторы час кіравала абодвума музеямі. У 1957 г. на базе карціннай галерэі быў створаны Дзяржаўны мастацкі музей БССР, які А.В. Аладава ўзначальвала да 1977 г., а потым яшчэ некаторы час была яго навуковым кансультантам.
Алена Васілеўна была апантанай збіральніцай твораў выяўленчага мастацтва. Збіральніцкая дзейнасць стала сэнсам яе жыцця, зрабіла Аладаву вядомай і паважанай у музейным свеце. Ёю, па сутнасці, была адноўлена калекцыя Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, разрабаваная ў 1941 г., сярод экспанатаў якой – карціны сусветна вядомых майстроў У. Баравікоўскага, К. Брулова, В. Трапініна, І. Айвазоўскага, І. Рэпіна, В. Сурыкава, М. Урубеля, палотны слынных мастакоў-беларусаў – І. Аляшкевіча, А. Гараўскага, І. Хруцкага, С. Жукоўскага… Менавіта ёй абавязаны музей багаццем спадчыны В. Бялыніцкага-Бірулі. Фонд музея, адноўлены намаганнямі мастацтвазнаўца, у 1977 г. налічваў 15 тысяч экспанатаў.
Музейныя экспазіцыі, выстаўкі, артыкулы, кнігі аб мастаках, складзеныя Аленай Васілеўнай альбомы “Государственный художественный музей БССР” (1958) і “Беларускі савецкі жывапіс” (1978) – такі плён працы і таленту А.В. Аладавай. Добра вядомы сёння мінчанам і гасцям сталіцы будынак Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі – таксама клопат Алены Васілеўны. Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 мая 1998 г. № 801 “Аб ушанаванні памяці былога дырэктара Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Аладавай Алены Васілеўны” на будынку музея была адкрыта мемарыяльная дошка ў яе гонар.