Краткая справка:
рэжысёр тэатра і кіно, педагог, народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, акадэмік Міжнароднай акадэміі тэатра, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" (1997), уладальнік Гран-пры Міжнародных фестываляў (1979, 2005) і прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў "Крыштальная Паўлінка" (2013)
Имена на других языках:
Луценко Борис Иванович (русский);
4616 символов
Справка
Адукаваны і таленавіты, сапраўдны майстар сцэны, Барыс Іванавіч Луцэнка вядомы сваімі бліскучымі пастаноўкамі не толькі ў Беларусі, але і ў многіх іншых краінах. Яго спектаклі ставіліся ў тэатрах Літвы, Латвіі, Германіі, Швейцарыі. Многія з іх удзельнічалі ў розных тэатральных фестывалях свету і былі адзначаны Гран-пры і іншымі ўзнагародамі.
Нарадзіўся Барыс Іванавіч у г. Майкопе Краснадарскага краю ў сям’і служачага. Вучыўся ў чыгуначным тэхнікуме ў Растове-на-Доне. У час вучобы Б.І. Луцэнка зацікавіўся тэатрам: наведваў Дом афіцэраў, дзе дзейнічаў народны тэатр, якім кіраваў рэжысёр Р.К. Гутоўскі. Адзін выпадак яшчэ больш упэўніў яго звязаць сваё жыццё з мастацтвам: у Растове Б. Луцэнку запрасілі на роль маладога лейтэнанта з фільма “Салдаты”. Пасля размеркавання малады акцёр заняў пасаду інжынера-тэхнолага ў дэпо (г. Лінькі). Але і там ён прадоўжыў сваю любімую справу: стварыў тэатр, дзе сам ставіў спектаклі, быў акцёрам. У хуткім часе Р.К. Гутоўскі прапанаваў яму працаваць у Сызранскім тэатры (1959). Потым былі курсы акцёрскага майстэрства пры Доме ветэранаў у Рузе. Пасля вучобы ён вярнуўся ў Сызранскі тэатр і стаў яго рэжысёрам. У 1962–1967 гг. вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (курс У. Маланкіна). У 1967 г. быў прыняты ў Беларускі тэатр імя Я. Купалы. Яго дэбютная пастаноўка п’есы В. Розава “Традыцыйны збор” пакарыла сэрцы гледачоў. На Купалаўскай сцэне Б. Луцэнка паставіў шэраг запамянальных спектакляў. Сярод лепшых – “Рудабельская рэспубліка” паводле С. Грахоўскага (1968), “Памяць сэрца” А. Карнейчука (1970), “Зацюканы апостал” А. Макаёнка (1971), “Раскіданае гняздо” (1972, адноўлены ў 1982). У 1973 г. Б. Луцэнка назначаны галоўным рэжысёрам Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра імя М. Горкага. Першы этап (1973–1981) яго кіраўніцтва калектывам быў вельмі плённым. Тэатр у той час валодаў моцным акцёрскім патэнцыялам. Кожны год Б.І. Луцэнка ўражваў і зачароўваў гледачоў удалымі пастаноўкамі. Ім былі ўласцівы філасофская трактоўка характараў, метафарычнасць выяўлення думкі, стылявыя кантрасты (“Макбет” У. Шэкспіра, 1974; “Трохграшовая опера” Б. Брэхта, 1976; “Апошнія” М. Горкага, 1976, з У. Маланкіным; “Трагедыя чалавека” І. Мадача, 1979). Спектаклі “Макбет” і “Трагедыя чалавека” – пераможцы на міжнародным фестывалі ў Венгрыі (1979). У 1981 г. Б.І. Луцэнка пакінуў драматычны тэатр. Да 1982 г. з’яўляўся рэжысёрам тэатра імя Я. Купалы. На працягу амаль дзесяці гадоў ён ставіў спектаклі з вахтангаўцамі, працаваў у тэатрах Вільні і Берліна, узначальваў маладзёжны тэатр у Мінску. З 1982 па 1991 г. быў галоўным рэжысёрам тэатра-студыі кінаакцёра. За гады работы ў гэтым тэатры асаблівую папулярнасць набылі спектаклі: “Глядзіце, хто прыйшоў” У. Аро, “Шчасце маё, або Папяровы тэлефон” А. Чарвінскага (абедзве 1983), “Не баюся Вірджыніі Вульф” Э. Олбі (1985), “Гамлет” У. Шэкспіра (1988) і “Генералы ў спадніцах” Ж. Ануя (1990). Для іх характэрна псіхалагічнасць у абмалёўцы персанажаў, выкарыстанне экспрэсіўных прыёмаў, пошукі вобразнай выразнасці праз пластыку. У пачатку 90-х гг. яму прапанавалі зноў быць мастацкім кіраўніком Рускага тэатра імя М. Горкага. У 2002 г. Б. Луцэнка паставіў незвычайны спектакль, які да яго нікому не ўдавалася зрабіць: ён змог “ажывіць” вядомую паэму Я. Купалы “Сон на кургане”. Перыяд 2003–2004 гг. для Луцэнкі быў адзначаны такімі высокамастацкімі пастаноўкамі, як рок-опера кампазітара А. Еранькова “Анджэла і іншыя”, пастаўленая па творах А. Пушкіна, спектаклі “Перад захадам сонца” Г. Гауптмана і “Паведамленне Марыі” П. Кладэля. Апошні спектакль у 2004 г. удзельнічаў у фестывалі “Славянскі базар у Віцебску” ў рамках праграмы “Тэатральныя сустрэчы – 2004”. Прыкметнай з’явай на тэатральнай прасторы Беларусі і за яе межамі стала музыкальная пастаноўка “Опера жабракоў” Б. Брэхта і кампазітара К. Вайля (2004).
Знаходзячыся ў кінематаграфічным асяродку, Б.І. Луцэнка паспрабаваў сябе ў якасці кінарэжысёра і зняў кінастужку па матывах п’есы Я. Купалы “Раскіданае гняздо” (1982). На Рэспубліканскім тэлебачанні ажыццявіў пастаноўку фільмаў-спектакляў “Зацюканы апостал” (1982) і “Вяртанне ў Хатынь” (1985).
Не менш значным напрамкам творчага жыцця Б. Луцэнкі з’яўляецца яго выкладчыцкая дзейнасць. З 1970 г. ён рыхтуе акцёраў і рэжысёраў у сценах роднага інстытута – Беларускай Акадэміі мастацтваў.
За свой талент, няспынную працу і бязмежную любоў да тэатральнага мастацтва Б.І. Луцэнка быў узнагароджаны медалём Ф. Скарыны (1997). У гэтым жа годзе рэжысёр стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”.