Дата рождения:
06.09.1907 Церахоўка, г. п., Добрушскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
09.03.1986
Краткая справка:
акцёр, рэжысёр, народны артыст Беларусі і СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1970), кавалер ордэна Дружбы народаў
Варианты имени:
Рахленка Леанід Гдальевіч
Имена на других языках:
Рахленко Леон Гдальевич (русский); Рахленко Леонид Гдальевич (русский); Рахленко Леонид Григорьевич (русский); Рахленко Эвель Гдальевич (русский);
3895 символов
Справка
У гісторыі беларускай тэатральнай культуры XX ст. асобнае месца займае дзейнасць выдатнага акцёра і рэжысёра, народнага артыста Беларусі і СССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Леаніда Рыгоравіча (Гдальевіча) Рахленкі.
Нарадзіўся будучы артыст на Гомельшчыне ў г.п. Церахоўка Добрушскага раёна. З тэатральным мастацтвам упершыню пазнаёміўся ў дзяцінстве, дзякуючы вандроўным тэатрам, і стаў яго гарачым прыхільнікам. Удзельнічаў у аматарскіх спектаклях, а ў 1925 г. паступіў у Ленінградскі інстытут сцэнічнага мастацтва на курс Л. Віўена і С. Радлава. Вучоба ў такіх славутых майстроў тэатра дазволіла Л. Рахленку раскрыць свае прыродныя якасці, вызначыць творчую індывідуальнасць. Адначасова з вучобай Л. Рахленка пачаў працаваць у Ленінградскім рабочым тэатры пралеткульта, дзе ім і былі зроблены першыя крокі на шляху станаўлення як акцёра і рэжысёра. У 1929 г. адбылася сустрэча маладога артыста з мастацкім кіраўніком Першага беларускага дзяржаўнага тэатра Е. Міровічам, якая і вызначыла далейшы лёс таленавітага юнака. З гэтага часу ўсё жыццё Л. Рахленкі было звязана з гэтым вядучым тэатрам Беларусі. У тэатры ён сумяшчаў дзве прафесіі – акцёра і рэжысёра. У 1937–1943 гг. быў мастацкім кіраўніком тэатра. У 1956–1958 і 1967–1969 сумяшчаў акцёрскую і рэжысёрскую працу з дзейнасцю мастацкага кіраўніка студыі пры тэатры.
На купалаўскай сцэне Л. Рахленка выконваў самыя розныя ролі. У яго рэпертуары былі героі беларускай, рускай і замежнай класічнай і сучаснай драматургіі. Сярод іх – легкадумны ветрагон Клеант з п’есы “Скупы” Ж.-Б. Мальера, хітры правіцель старажытнага Эфеса Тысаферн з п’есы “… Забыць Герастрата!” Р. Горына, філасафічны Старац з “Раскіданага гнязда” Я. Купалы, парывісты, рамантычна прыўзняты Салавей з аднайменнага твора З. Бядулі, саркастычны Бубноў з горкаўскай драмы “На дне” і многія іншыя. Па прыродзе свайго таленту Л. Рахленка – артыст характарнага плана, які найбольшага поспеху дасягаў у стварэнні сатырычных вобразаў. На працягу не аднаго дзесяцігоддзя Л. Рахленка заставаўся нязменным выканаўцам ролі Гарлахвацкага ў камедыі “Хто смяецца апошнім” К. Крапівы. Гэта роля стала вяршыннай у творчасці артыста. Свой працяг сатырычная лінія знайшла таксама ў ролях Круціцкага (“На ўсякага мудраца хапае прастаты” А. Астроўскага), Сцяпана Сыраварава (“У мяцеліцу” Л. Лявонава), Гваздзіліна (“Трэцяя патэтычная” М. Пагодзіна) і інш.
Амаль адначасова з акцёрскім адбылося рэжысёрскае “хрышчэнне” Л. Рахленкі на сцэне купалаўскага тэатра. У 1930 г. ён паставіў разам са славутым Е. Міровічам спектакль “Лінія агню” Н. Нікіціна, а ў сярэдзіне і другой палове трыццатых гадоў ужо самастойна ажыццявіў пастаноўкі п’ес “Жыццё кліча” У. Біль-Белацаркоўскага, “Ваўкі і авечкі” А. Астроўскага, “Скупы” Ж.-Б. Мальера. Ставіў спектаклі з такімі буйнымі рэжысёрамі, як Л. Літвінаў, К. Саннікаў, І. Раеўскі. У рэпертуары Рахленкі-рэжысёра – сатырычныя і лірычныя камедыі, рамантычныя меладрамы, гераічныя і псіхалагічныя драмы. Шмат зрабіў ён для развіцця нацыянальнай драматургіі. У супрацоўніцтве з З. Бядулем нарадзілася п’еса па яго аднайменнай аповесці “Салавей”. Хвалюючай старонкай культурнага жыцця рэспублікі стала пастаўленая ім разам з І. Раеўскім камедыя К. Крапівы “Хто смяецца апошнім” – спектакль, які стаў класікай беларускага тэатра. Сярод пастановак Л. Рахленкі вылучаліся таксама “Партызаны” К. Крапівы (разам з К. Саннікавым), “Фландрыя” В. Сарду, “Фронт” А. Карнейчука, “Каварства і каханне” Ф. Шылера. Артыст здымаўся ў фільмах “Хто смяецца апошнім”, “Міколка-паравоз”, “Палеская легенда”, “Гадзіннік спыніўся апоўначы” і “Веснавыя навальніцы”.
Творчую працу Л. Рахленка плённа спалучаў з грамадскай, пастаянна дапамагаў самадзейным тэатральным калектывам, выступаў у шэфскіх спектаклях. Быў узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.