Краткая справка:
актрыса тэатра і кіно, народная артыстка Беларусі і СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1951), узнагароджана двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Леніна і Кастрычніцкай Рэвалюцыі
Имена на других языках:
Ржецкая Лидия Ивановна (русский);
4811 символ
Справка
Акцёрскі лёс Лідзіі Іванаўны Ржэцкай вельмі своеасаблівы. Актрысе амаль не даводзілася іграць галоўныя ролі. Аднак любая яе работа вызначалася высокім узроўнем. Кожны спектакль з удзелам Л. Ржэцкай нёс на сабе адбітак яе яркай індывідуальнасці.
Нарадзілася будучая актрыса ў Мінску. Тэатрам захапілася ў гады юнацтва, калі вучылася ў Марыінскай гімназіі. Яна з поспехам выступала на літаратурна-мастацкіх вечарах, дзе выконвала рамансы рускіх і замежных кампазітараў. Пасля заканчэння гімназіі вырашыла атрымаць медыцынскую адукацыю і стаць урачом. Аднак у бацькоў не знайшлося сродкаў для навучання, і дзяўчыне прыйшлося разлічваць на ўласныя сілы. У пошуках работы яна выпадкова пазнаёмілася з У. Крыловічам, які быў апантаны тэатрам і іграў на аматарскай сцэне. Менавіта ён зацікавіў дзяўчыну спектаклямі рускіх і ўкраінскіх труп, што выступалі ў Мінску. У час гастролей тэатра Сагайдачнага Л. Ржэцкую папрасілі замяніць актрысу, якая захварэла, у пастаноўцы «Нешчаслівае каханне». Ролю галоўнай гераіні Соф’і яна сыграла з вялікім унутраным хваляваннем, тэмпераментам і глыбокім драматызмам. Пасля першага блізкага знаёмства са сцэнай далейшага свайго жыцця без тэатра ўжо не ўяўляла. Сцэнічную дзейнасць Л. Ржэцкая пачала ў 1916 г. у клубе «Беларуская хатка», які быў створаны Мінскім аддзяленнем Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Там наладжвалі вечарынкі, дзе чыталі творы беларускіх пісьменнікаў, арганізавалі хор і драматычны гурток пад кіраўніцтвам Ф. Ждановіча. Першай роллю, якую актрыса сыграла ў «Беларускай хатцы», была Пронка ў спектаклі «Хам» (паводле Э. Ажэшкі). З 1917 па 1920 г. яна працавала ў Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі, з 1921 г. – у Беларускім дзяржаўным тэатры (БДТ).
Актрыса шырокага творчага дыяпазону Л. Ржэцкая з аднолькавым поспехам іграла ў драматычных і камедыйных спектаклях. Для яе творчасці характэрны праўда жыцця, глыбіня думкі, прастата выканання, народнасць, мяккі лірызм і гумар. Асаблівае прызнанне атрымалі ролі ў беларускім рэпертуары, дзе Л. Ржэцкая раскрывала характар простай жанчыны, яе мужнасць і стойкасць у выпрабаваннях, імкненне да дабра і хараства, жыццялюбства. Сярод іх – Маці («Бацькаўшчына» К. Чорнага), Наталля («Канец дружбы» К. Крапівы), Каспарыха («Салавей» З. Бядулі), цётка Каця («Хто смяецца апошнім» К. Крапівы) і інш. Асабліва вылучаецца роля Альжбеты з п’есы Я. Купалы «Паўлінка», якую актрыса выканала з тонкім гумарам, паказала ў гэтым вобразе сакавітасць народнай мовы, яе насычанасць фальклорнымі прымаўкамі і прыказкамі. Пластычна выразныя, з дакладна вызначанай сацыяльнай прыналежнасцю, псіхалагічна абумоўленыя вобразы Ганначкі («На Купалле» М. Чарота), Афрасінні («Машэка» Е. Міровіча), Ганны Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка» А. Макаёнка). Вялікае месца ў творчасці Л. Ржэцкай займалі п’есы А. Астроўскага. Створаныя ёй вобразы Шабловай («Позняе каханне»), Домны Панцялееўны («Таленты і паклоннікі»), Мурзавецкай («Ваўкі і авечкі»), Кукушкінай («Даходнае месца»), Кручынінай і Галчыхі («Без віны вінаватыя») былі лепшым сведчаннем таго, як арганічна гучаць на беларускай сцэне творы рускага драматурга. Багаты духоўны свет, складаны лёс, мужнасць і адданасць Радзіме раскрыла актрыса ў ролях Марфы Касьянаўны («У мяцеліцу» Л. Лявонава), Марфы Пятроўны («Рускія людзі» К. Сіманава), Заіры («Мяцеж» Д. Фурманава і С. Паліванава), Глафіры («Інга» А. Глебава) і інш. Цудоўны вобраз абаяльнай, насмешлівай і задзірыстай Фразіны стварыла актрыса ў мальераўскай камедыі «Скупы». У рускай і сусветнай драматургіі Л. Ржэцкая спалучала традыцыйны падыход да класікі з сучасным яе разуменнем, уласнай адметнай трактоўкай вобразаў, падкрэсліваючы нацыянальную прыроду свайго таленту. Яе ігра захапляла поўнай верагоднасцю жыцця на сцэне, унутранай і вонкавай дакладнасцю малюнка ролі, тонкім пранікненнем у псіхалогію людзей. Шырокую папулярнасць набыла Л. Ржэцкая дзякуючы выступленням на беларускім радыё. Яна таксама здымалася ў кіно. Сярод найбольш папулярных мастацкіх фільмаў – «Хто смяецца апошнім» (1954), «Нашы суседзі» (1957), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1958), «Саша-Сашачка» (1966) і інш.
Лідзія Ржэцкая прайшла вялікі, цікавы творчы шлях: ад удзельніцы гімназічных канцэртаў да прафесійнага майстра сцэнічнага мастацтва. Яна дасягнула вышынь у тэатральнай дзейнасці: атрымала ганаровыя званні народнай артысткі БССР (1944) і народнай артысткі СССР (1955). За стварэнне вобраза Аўдоцці Вярбіцкай у п’есе «Пяюць жаваранкі» К. Крапівы актрысе была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР (1951). Яна ўзнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1940, 1948), Леніна (1967) і Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1974). Памерла Л. Ржэцкая 24 кастрычніка 1977 г. Пахавана на Усходніх могілках. У 1999 г. быў выпушчаны паштовы канверт, прысвечаны 100-годдзю з дня яе нараджэння.