Яўген Максімавіч Палосін нарадзіўся ў в. Урыўкі Ялецкага раёна Ліпецкай вобласці (Расія) у сям'і сельскага настаўніка. Прыйшоў у тэатр з самадзейнасці. Яшчэ ў 1930 г., працуючы на Тульскім зброевым заводзе, ён захапіўся драматычным мастацтвам, прымаў удзел у выступленнях заводскага гуртка «Сіняя блуза». У 1931 г. разам з іншымі здольнымі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці яго накіравалі ў Тульскі тэатр рабочай моладзі (ТРАМ). У ТРАМе Я. Палосін стварыў рад цікавых вобразаў. Потым быў залічаны акцёрам у Тульскі тэатр юнага гледача, дзе працаваў два гады. У 1934 г. Я. Палосін вырашыў грунтоўна авалодаць тэорыяй сцэнічнага майстэрства і паступіў ў Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва імя А. Луначарскага ў Маскве, які закончыў ў 1939 г. па класе народнага артыста СССР Л. Леанідава. У кастрычніку таго ж года выпускная група яго выхаванцаў была сфарміравана як самастойны тэатр і накіравана ў Гомель, дзе Я. Палосін працаваў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Тут ён сыграў шэраг роляў, якія выявілі яркі камедыйны талент выканаўцы. Сярод іх Ляпкін-Цяпкін («Рэвізор» М. Гогаля), Нічыпар («Хто смяецца апошнім» К. Крапівы) і інш.
У 1941 г. Я. Палосін быў залічаны ў склад 1-й Беларускай франтавой брыгады, якую ён потым і ўзначальваў. Да лютага 1945 г. артыст працаваў у гэтай брыгадзе па абслугоўванні перадавых часцей, якая дала за гэтыя гады больш за 2 тыс. канцэртаў. Ваенны савет 3-га Беларускага фронту ўзнагародзіў Я. Палосіна ордэнам Чырвонай Зоркі і трыма медалямі. На ўсесаюзным аглядзе франтавых брыгад акцёр атрымаў першую прэмію за выкананне скетча на франтавую тэму. У 1945–1948 гг. працаваў у Магілёўскім, у 1948–1949 гг. – у Брэсцкім абласных драматычных тэатрах.
Яўген Палосін – акцёр яркага камедыйнага таленту. Вобразы, створаныя ім, вызначаліся рэалістычнай манерай выканання. Па сваёй арганічнасці, адметнаму каларыту і акрэсленаму малюнку яны надоўга запаміналіся гледачу. Вастрыня формы, якой выканаўца карыстаўся ў сваёй працы, заўсёды была псіхалагічна апраўдана і таму пераконвала. Яўген Палосін быў вельмі простым і разам з тым тэатральным акцёрам. Найярчэйшага росквіту яго талент дасягнуў у перыяд работы ў Дзяржаўным рускім драматычным тэатры БССР імя М. Горкага, дзе ён працаваў у 1949–1976 гг. Сярод шматлікіх роляў, сыграных тут артыстам, найбольш запамінальнымі з'яўляліся ролі ў творах беларускіх і рускіх савецкіх аўтараў. Таму яго можна назваць акцёрам сучаснай тэмы. Выканаўца ствараў каларытныя вобразы людзей з народу, якіх надзяляў шчырасцю, цеплынёй і мяккім гумарам.
У спектаклі «Што пасееш, тое і пажнеш» («Песня нашых сэрцаў») В. Палескага (1950) Я. Палосін выканаў ролю муляра Пракопа Каржа. Ён паказаў на сцэне вобраз будаўніка новага жыцця, змог сродкамі акцёрскага майстэрства абагуліць, зрабіць яго зборным і тыповым. У пастаноўцы «Порт-Артур» І. Папова паводле А. Сцяпанава (1954) Я. Палосін іграў ролю салдата Блахіна. Сярод іншых вобразаў рускіх воінаў-патрыётаў Блахін у спектаклі – адна з найбольш каларытных фігур. Спачатку крыху нязграбны, кволы, ён пад канец спектакля ператвараецца ў сапраўднага волата, які прыносіць у ахвяру сваё жыццё і гіне геройскай смерцю. Крытыкі адзначалі тонкую і разумную ігру Я. Палосіна, уменне размеркаваць фарбы на ўсёй лініі ролі так, каб іх хапала ў патрэбнай прапорцыі і для знешняй характарыстыкі, і для абмалёўкі складанага духоўнага жыцця героя.
У канцы 1954 г. тэатр паказаў прэм'еру гераічнай драмы «Брэсцкая крэпасць» К. Губарэвіча. Яўген Палосін стварыў у гэтым спектаклі вобраз радавога салдата Кукушкіна. Акцёр не паўтараецца ў гэтай ролі, знаходзіць новыя фарбы і сродкі. У час Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве ў 1955 г. тэатральная грамадскасць аднадушна прызнала, што работа Я. Палосіна ў гэтым спектаклі заслугоўвае вялікай увагі. Адзначалася, што гледачы палюбілі салдат брэсцкага гарнізона, але асабліва запомнілі вясёлага байца Кукушкіна, які ўмее пажартаваць, разагнаць тугу шчырай размовай, гатовы памерці, як і жыў, доблесна і сціпла. Лепшай пахвалой акцёру Я. Палосіну з'явілася параўнанне вобраза з любімым літаратурным героем савецкіх людзей, мужным і вясёлым франтавіком Васілём Цёркіным з паэмы А. Твардоўскага. Паглыбіўшы матэрыял ролі цэлым радам тонкіх псіхалагічных дэталяў, артыст здолеў увасобіць праўдзівы, яркі і цэльны вобраз воіна-патрыёта.
У 1963 г. на сцэне тэатра быў пастаўлены спектакль «Узнятая цаліна» паводле М. Шолахава. Найбольш яркімі і адметнымі былі вобразы Макара Нагульнава (Р. Янкоўскі) і дзеда Шчукара (Я. Палосін). Гэтыя акцёры здолелі паказаць сваіх герояў ва ўсёй паўнаце і складанасці. У творчай біяграфіі Я. Палосіна вобраз Шчукара – вялікае дасягненне. Гэта прынцыпова новы, якасны зрух, значная з'ява тэатральнага мастацтва Беларусі.
Багацце фарбаў, арганічнасць сцэнічных паводзін, псіхалагічная дакладнасць вызначаюць такія ролі Я. Палосіна ў класічным рэпертуары, як Грыша Радазубаў, Печанегаў, Пярчыхін («Варвары», «Ворагі», «Мяшчане» М. Горкага), Кучумаў, Рабінзон («Шалёныя грошы», «Беспасажніца» А. Астроўскага), Акім («Улада цемры» Л. Талстога) і інш. Акцёр здымаўся ў фільмах «Несцерка», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Анюціна дарога», «Каханнем трэба даражыць», «Не плач, Алёнка» і інш.
Кожны мінчанін-тэатрал старэйшага пакалення і сёння памятае Я. Палосіна. У любой ролі ён авалодваў увагай гледачоў з першага выхаду на сцэну: уздзейнічала сіла вялікага абаяння, прастаты і глыбіні выканання, акцёрскі гумар. Адданасць сцэне ў спалучэнні з творчым талентам паставілі Я. Палосіна ў рад перадавых дзеячаў нацыянальнага тэатра. У бліскучай пляядзе выдатных майстроў ён заняў сваё пачэснае месца. Артыст узнагароджаны 4 ордэнамі, медалямі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.