Дата рождения:
03.03.1942 Белае, в., Крупскі раён, Мінская вобласць
Краткая справка:
лётчык-касманаўт, вучоны ў галіне ваенных навук, акадэмік Расійскай акадэміі касманаўтыкі імя К.Э. Цыялкоўскага, генерал-палкоўнік авіяцыі, двойчы Герой Савецкага Саюза (1978, 1981), Герой ГДР (1978), Герой Манголіі (1981), кавалер многіх ордэнаў Беларусі, Расіі і СССР
Варианты имени:
Кавалёнак Уладзімір Васілевіч
Имена на других языках:
Ковалёнок Владимир Васильевич (русский);
5052 символа
Справка
Шлях Уладзіміра Васілевіча Кавалёнка ў космас быў нялёгкі і няпросты. Нарадзіўся будучы касманаўт у в. Белае Крупскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Дзяцінства праходзіла ў цяжкія пасляваенныя гады. Ён выхоўваўся без бацькі і вельмі рана спазнаў увесь цяжар вясковага жыцця: давялося працаваць у калгасе, каб дапамагчы маці пракарміць бабулю і малодшага брата. У роднай вёсцы не было школы, таму вучыцца прыходзілася хадзіць у суседняе сяло Зачысце, якое знаходзілася за сем кіламетраў ад дому. Дапытлівы і здольны, хлопчык цягнуўся да ведаў, шмат чытаў, а яшчэ з дзяцінства захапляўся самалётамі. Мара аб небе выношвалася, мацнела і чакала свайго часу. У 1959 г. У. В. Кавалёнак скончыў сярэднюю школу з сярэбраным медалём і паспяхова вытрымаў уступныя экзамены ў Ленінградскую ваенна-медыцынскую акадэмію імя С. М. Кірава, аднак змяніў рашэнне і паступіў у Балашоўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча.
Пасля заканчэння вучобы ў 1963 г. служыў у ваенна-транспартнай авіяцыі ў Туле. Выконваючы палёты па пошуку і эвакуацыі касмічных аб’ектаў, ён марыў аб прафесійнай працы лётчыка-касманаўта. Пасля некалькіх гадоў паспяховай службы па рэкамендацыі камандзіра палка старшага лейтэнанта У. В. Кавалёнка залічылі ў 1967 г. у атрад касманаўтаў. Дзесяць гадоў агульнакасмічнай падрыхтоўкі былі запоўнены напружанай адказнай працай, упартымі трэніроўкамі. Кожную вольную хвіліну ён праводзіў з кнігай і ў 1976 г. без адрыву ад асноўнай работы ў Цэнтры касманаўтаў скончыў Ваенна-паветраную акадэмію імя Ю. А. Гагарына.
Першы касмічны палёт У. В. Кавалёнак здзейсніў 9 кастрычніка 1977 г. на караблі “Саюз-25” у якасці камандзіра разам з бортінжынерам В. В. Руміным. Другі палёт адбыўся 15 чэрвеня 1978 г. Запуск карабля, пілатуемага У. В. Кавалёнкам і бортінжынерам А. С. Іванчэнкавым, яго стыкоўка са станцыяй “Салют-6” прайшлі бездакорна. За 139 сутак палёту касманаўты выканалі ўсе запланаваныя работы. Яны правялі шырокі комплекс тэхналагічных, астрафізічных і тэхнічных эксперыментаў, зрабілі здымкі зямной паверхні, прыстыкоўвалі да станцыі грузавыя беспілотныя транспартныя караблі тыпу “Прагрэс”, выходзілі ў адкрыты космас і нават сустракалі “касмічных” гасцей – П. І. Клімука і М. Гермашэўскага (з “Саюза-30”), В. Ф. Быкоўскага і З. Ена (з “Саюза-31”). Трэці раз У. В. Кавалёнак паляцеў у космас 12 сакавіка 1981 г. разам з бортінжынерам В. П. Савіных на караблі “Саюз Т-4”. Праграма палёту была надзвычай насычанай і складанай. Яна ўлічвала заяўкі некалькіх соцень арганізацый 22 міністэрстваў і ведамстваў краіны, а таксама шэрагу сацыялістычных дзяржаў. Касманаўты праводзілі разнастайныя геафізічныя даследаванні, звязаныя з назіраннямі прыроднага асяроддзя, са здымкамі зямной паверхні. Не менш эфектыўнымі былі і даследаванні па касмічнай тэхналогіі, пазаатмасфернай астраноміі, акіянаграфіі. Па праграме “Інтэркосмас” у час палёту да арбітальнай станцыі прыстыкаваліся касмічныя караблі “Саюз-39” (экіпаж У. А. Джанібекаў і Ж. Гурагча) і “Саюз-40” (з Л. І. Паповым і Д. Прунарыу). Уладзімір Кавалёнак і Віктар Савіных правялі ў космасе 74 дні, паспяхова выканалі праграму і 26 мая 1981 г. вярнуліся на зямлю.
Пасля палётаў у космас У. В. Кавалёнак у 1984 г. скончыў Ваенную акадэмію Генеральнага штаба. У 1984–1992 гг. ён знаходзіўся на кіруючых пасадах у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю. А. Гагарына, Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба, Цэнтральным навукова-даследчым інстытуце авіяцыйнай і касмічнай тэхнікі Міністэрства абароны Расіі, з 1992 па 2002 г. узначальваў Ваенна-паветраную інжынерную акадэмію імя М. Я. Жукоўскага. Уладзімір Васілевіч Кавалёнак з’яўляецца прэзідэнтам Федэрацыі касманаўтаў Расіі і Беларускай рэспубліканскай федэрацыі касманаўтыкі, акадэмікам Расійскай акадэміі касманаўтыкі імя К. Э. Цыялкоўскага і Міжнароднай акадэміі духоўнага адзінства народаў свету, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Ён аўтар больш за 60 навуковых прац па касмічным матэрыялазнаўстве, даследаванні пілатуемых касмічных апаратаў. Уладзімір Васілевіч напісаў аўтабіяграфічную аповесць “Родина крылья дала” і кнігу “Орбиты жизни”.
За паспяховае выкананне касмічных палётаў У. В. Кавалёнку двойчы (1978, 1981) прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза. Ён узнагароджаны ордэнамі Леніна (1977, 1978, 1981), “За службу Радзіме ў Узброеных сілах СССР” 3-й ступені (1991), “За заслугі перад Айчынай” 3-й ступені (1996), “За ваенныя заслугі” (2000), “За службу Радзіме” 2-й ступені (2002); шматлікімі медалямі, у тым ліку залатымі медалямі імя К. Э. Цыялкоўскага Акадэміі навук СССР, Міжнароднай авіяцыйнай федэрацыі (абодва 1978) і “За заслугі ў асваенні космасу” (2011), мае ўзнагароды іншых краін – Герой ГДР (1978), Герой МНР (1981). Уладзімір Васілевіч Кавалёнак – ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці і г. Крупкі, некалькіх гарадоў былога СССР і Манголіі. На яго радзіме (у раённым цэнтры Крупкі Мінскай вобласці) устаноўлены бронзавы бюст, а ў Хацюкоўскай сярэдняй школе створаны музей, прысвечаны беларускаму касманаўту.