Крупкі – горад у Мінскай вобласці, цэнтр Крупскага раёна. Знаходзіцца за 118 км на паўночны ўсход ад Мінска, у 6 км ад чыгуначнай станцыі Крупкі, на аўтадарозе Мінск – Масква. Размешчаны на рацэ Бобр.
Крупкі вядомы з сярэдзіны XVI ст. як уладанне князёў Сангушкаў у Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Пазначаны як мястэчка на карце ВКЛ, надрукаванай у 1613 г. у Амстэрдаме картографам Томашам Макоўскім. У 1627 г. Сымон Самуэль Сангушка падараваў Крупкі сваёй жонцы Алене Корвін-Гансеўскай. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) мястэчка значна пацярпела ад ваенных дзеянняў. У гэты час праз тэрыторыю Крупшчыны рухаліся войскі, спусташаючы навакольныя паселішчы.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Крупкі далучаны да Расійскай імперыі ў склад Бобрскай воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні. З пачатку XIX ст. належалі дваранам Свяцкім. У час вайны 1812 г. былі часткова спалены французскімі войскамі. У 1859 г. у мястэчку пабудаваны млын з сукнавальняй. У 1861 г. тут працавалі 17 рабочых і выраблялася 30 тыс. пудоў мукі ў год. У лістападзе 1871 г. каля Крупак прайшла лінія Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, што паспрыяла іх эканамічнаму і прамысловаму развіццю. У 1896 г. была адкрыта фабрыка запалкавай саломкі, у 1900 г. пачаў выпускаць прадукцыю лесапільны завод. Паводле перапісу 1897 г. у мястэчку налічвалася 186 двароў, пражывала 1523 жыхары, дзейнічалі вадзяны млын, гарбарны завод, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, царкоўнапрыходская школа, царква, сінагога, 4 яўрэйскія малітоўныя дамы, карчма і інш. Двойчы ў год праводзіліся кірмашы. У час Першай сусветнай вайны з 26 лютага да 21 лістапада 1918 г. мястэчка занімалі германскія войскі. З 1919 г. Крупкі знаходзіліся ў Віцебскай губерні РСФСР, з сакавіка 1924 г. – у складзе БССР, з 17 ліпеня 1924 г. з’яўляліся цэнтрам Крупскага раёна Барысаўскай, з 9 чэрвеня 1927 г. – Мінскай, з 18 чэрвеня 1927 да 26 ліпеня 1930 г. – Аршанскай акруг. У 1926 г. у мястэчку дзейнічалі посудаганчарны, шкіпінарна-смалакурны і маслабойны заводы, швейная арцель “Перамога”. У 1933 г. заснавана дрэваапрацоўчая арцель “Ударнік”, працавалі льнозавод, кавальская арцель “Чырвоны молат”, хлебапякарня, кравецкая арцель “14 гадоў Кастрычніцкай рэвалюцыі”, электрастанцыя, машынна-трактарная станцыя, агульнаадукацыйная школа, ветэрынарны тэхнікум. 27 верасня 1938 г. Крупкі сталі гарадскім пасёлкам у складзе Мінскай вобласці.
У гады Вялікай Айчыннай вайны 1 ліпеня 1941 г. Крупкі былі акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі тут 1800 жыхароў. Падчас акупацыі ў Крупках размяшчаліся ўправа, нямецкі гарнізон, канцэнтрацыйны лагер. У 1942 г. на тэрыторыі пасёлка былі расстраляны 100 мірных жыхароў. Крупкі вызвалілі 28 чэрвеня 1944 г. войскі 3-га Беларускага фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі.
Згодна распрацаванага ў 1974 г. генеральнага плана ў пасёлку пераважае забудова сядзібнага тыпу. У 1986 г. створаны праект дэталёвай планіроўкі цэнтра. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр сфарміраваўся ўздоўж вуліцы Савецкай.
У 1991 г. Крупкі атрымалі статус горада, у 1999 г. быў зацверджаны сучасны герб – на блакітным полі іспанскага шчыта ў верхняй яго частцы выява сярэбранага кола вадзянога млына, у ніжняй – сярэбраная галінка травы крупкі з залатымі кветкамі.
У цяперашні час у горадзе працуюць гімназія, 2 сярэднія школы, дзіцячая школа мастацтваў, раённы Цэнтр культуры, гісторыка-краязнаўчы музей, раённая бібліятэка імя Янкі Купалы, гасцініца, кінатэатр, цэнтральная раённая бальніца, паліклініка. Дзейнічаюць ТАА “Амкадор-Можа”, “Круплеспраект”, ААТ “Крупскі райаграсэрвіс”, КУП “Крупскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання”, прадпрыемствы розных форм гандлю, грамадскага харчавання і інш. Выдаецца раённая газета “Крупскі веснік”. У Крупках знаходзяцца царква свяціцеля Мікалая Цудатворца, касцёл Святога Юзафа, брацкія магілы партызан, савецкіх воінаў, загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну (сярод іх Герой Савецкага Саюза Я.Д. Бяляеў), магілы ахвяр фашызму. Устаноўлены помнікі Героям Савецкага Саюза А. Ф. Колесавай, У. М. Марцінкевічу, воінам-інтэрнацыяналістам, бюсты двойчы Героя Савецкага Саюза, лётчыка-касманаўта У. В. Кавалёнка. Помнікам архітэктуры з’яўляецца сядзібны дом (пачатак ХХ ст.).
Крупкі – радзіма Герояў Савецкага Саюза М. Я. Зайцава, У. М. Марцінкевіча, беларускага паэта М. І. Калачынскага.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.