Колас Якуб (сапраўднае імя Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч)
Дата рождения:
03.11.1882 Стоўбцы, г., Мінская вобласць
Дата смерти:
13.08.1956
Краткая справка:
народны паэт Беларусі, класік беларускай літаратуры, грамадскі дзеяч, вучоны, педагог, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946, 1949), узнагароджаны пяццю ордэнами Леніна (1939, 1949, 1952 (двойчы), 1955), ордэнамі Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі
Псевдонимы:
Агарак; Адзінокі К.; Альбуцкий К.; Альбуцкі К.; Андрей "социалист"; Андрэй "сацыяліст"; Белорус К.; Булава Тамаш; Ганна Крум; Груд Ганна; Гушча Т.; Гушча Тарас; Гуща Тарас; Демьянов Гуз; Дземяноў Гуз; Дзягель Пятрусь; Дзядзька Карусь; Дубовы Ліст; Дягель Петрусь; Дядька Карусь; Карусь Лапаць; Карусь Лапоть; Колас Я.; Колас Як.; Колас Якуб; Колос Я.; Кудеснік; Левы; Лесавік; Лесовик; Марцін; Марцін з-за рэчкі; Мікалаевец; Міцкевіч М.; Наднёманец; Наднёманец К.; Наднёманский К.; Народный учитель; Николаевец; Одинокий; Свой чалавек; Свой человек; Стары шут; Старый Шут; Торба Иван
Имена на других языках:
Мицкевич Константин Михайлович (русский);
Криптонимы:
К.; К.М.; К.П-ій; Т.Г.; Я.К-с
5892 символа
Справка
У сапраўднага пісьменніка ёсць дата нараджэння і няма даты смерці. Гэтыя словы з поўным правам можна аднесці да Якуба Коласа – вялікага беларускага паэта і празаіка, драматурга і перакладчыка, крытыка і публіцыста, буйнога вучонага, выдатнага лінгвіста, фалькларыста, настаўніка моладзі, арганізатара навукі і выдавецкай справы ў рэспубліцы. Аддаленасць часу не робіць яго творчасць менш значнай. Наадварот, яна набывае ўсё большую актуальнасць, а талент пісьменніка прадаўжае прыцягваць увагу чытачоў і сёння.
Нарадзіўся Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (сапраўднае імя Я. Коласа) у в. Акінчыцы былога Мінскага павета (цяпер у межах Стоўбцаў) у сям’і лесніка. Спачатку вучыўся ў Мікалаеўскім народным вучылішчы, у 1898 г. паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, пасля заканчэння якой выкладаў на Палессі. За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе, што адбыўся ў 1906 г. у в. Мікалаеўшчыне (Стаўбцоўскі раён), Я. Колас быў пазбаўлены права працаваць і ў 1908 г. асуджаны на тры гады. Як палітычны вязень адбываў пакаранне ў Мінскім астрозе. Пасля вызвалення настаўнічаў у Пінску. У час Першай сусветнай вайны ён разам з сям’ёй эвакуіраваўся ў Расію, з верасня 1915 г. прызваны ў армію. Пасля заканчэння Аляксандраўскага ваеннага вучылішча (Масква) служыў у Пермі. Летам 1917 г. Я. Колас быў накіраваны на Румынскі фронт, але цяжка захварэў і апынуўся на лячэнні ў г. Абаяні, дзе ў той час знаходзілася яго сям’я. Па дэкрэце Савецкага ўрада ў пачатку 1918 г. быў звольнены з войска. Некаторы час настаўнічаў у Курскай губерні. Толькі ў маі 1921 г. па выкліку ўрада БССР паэт вярнуўся на радзіму.
З гэтага часу пачаўся новы перыяд у жыцці і творчасці пісьменніка. Ён працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Народнага камісарыята асветы БССР, літаратурнай камісіі па збіранні вуснай народнай творчасці Інстытута беларускай культуры, выкладаў у педагагічным тэхнікуме і Беларускім дзяржаўным універсітэце. У 1926 г. Я. Коласу было прысвоена ганаровае званне народнага паэта Беларусі. У 1927 г. яго абралі правадзейным членам Таварыства аматараў расійскай славеснасці пры Маскоўскім універсітэце. Каля 30 гадоў жыццё Я. Коласа было цесна звязана з дзейнасцю Акадэміі навук БССР. У 1928 г. стаў яе акадэмікам, а з 1929 г. – членам Прэзідыума і віцэ-прэзідэнтам.
У час Вялікай Айчыннай вайны Я. Колас разам з сям’ёй знаходзіўся ў Ташкенце. У 1941 г. пісьменніка напаткала вялікае гора – загінуў яго сын. У разбураны Мінск паэт вярнуўся ў 1944 г. Неўзабаве пасля Перамогі ў маі 1945 г. памерла жонка. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР і БССР, акадэмік Акадэміі навук БССР, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, Я. Колас актыўна займаўся ў пасляваенны час грамадскай дзейнасцю, не пакідаў і творчай працы, распачатай у 1906 г.
Пісаць Я. Колас пачаў на рускай мове. У друку дэбютаваў вершам, напісаным па-беларуску “Наш родны край” (газета “Наша доля”, 14 верасня 1906 г.). У 1910 г. у Вільні выйшаў першы зборнік вершаў “Песні-жальбы”, затым – кнігі прозы “Апавяданні” (1912), “Родныя з’явы” (1914). Асобнымі выданнямі былі надрукаваны ў Пецярбургу апавяданні “Нёманаў дар” і “Тоўстае палена” (абодва ў 1913 г.). 1920-я гг. былі надзвычай плённымі ў творчасці Я. Коласа. У гэты час ён стварыў паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, выдаў паэтычны зборнік “Водгулле”, кнігу апавяданняў “Казкі жыцця”, напісаў аповесці “У палескай глушы” і “У глыбі Палесся”, якія склалі аснову трылогіі “На ростанях”. У неспрыяльных умовах 1930-х гг. Я. Колас рабіў усё магчымае для развіцця беларускай мовы, літаратуры і культуры. Пісьменнік выступаў з вершаванымі творамі, апублікаваў аповесці “Адшчапенец” і “Дрыгва”, п’есы “Вайна вайне” і “У пушчах Палесся”, працаваў над паэмай “На шляхах волі”. Перыяд Вялікай Айчыннай вайны – адметны і складаны этап у творчай дзейнасці Я. Коласа. Усенародная трагедыя выклікала пачуцці горычы, гневу, абурэння, гатоўнасці непасрэдна далучыцца да абаронцаў роднай зямлі. Зброяй у гэтай барацьбе стала палымянае мастацкае слова. Верш “Шалёнага пса – на ланцуг!” быў надрукаваны ў газеце “Правда” ўжо 24 чэрвеня 1941 г. За творы ваенных гадоў Я. Коласу была прысуджана ў 1946 г. Дзяржаўная прэмія СССР. У 1949 г. ён атрымаў другую Дзяржаўную прэмію СССР за паэму “Рыбакова хата” (пачата ў 1939 г., завершана ў 1947 г.). Нямала было зроблена Я. Коласам і як перакладчыкам твораў А. Пушкіна, М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, А. Міцкевіча. З 1948 па 1954 г. працаваў над заключнай часткай трылогіі “На ростанях”. Дваццацігадовы перапынак не мог не адбіцца на змесце твора, характары асвятлення грамадскіх падзей і трактоўцы вобразаў герояў, бо ўсё асэнсоўвалася з вышыні вялікага жыццёвага вопыту пісьменніка, які на ўласныя вочы бачыў усе жахі грамадзянскай вайны, прымусовую калектывізацыю, перажыў масавыя рэпрэсіі. У апошнія гады жыцця Я. Колас працягваў працу над паэмай “На шляхах волі”. Меркавалася, што яна будзе складацца з 30 раздзелаў, але было напісана толькі 28 – не хапіла часу: 13 жніўня 1956 г. пісьменнік памёр. Пахаваны ён на Вайсковых могілках у Мінску.
У Беларусі свята ўшаноўваецца памяць народнага песняра. За лепшыя празаічныя творы і літаратуразнаўчыя працы два разы ў год прысуджаецца Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь імя Я. Коласа. У 1959 г. у Мінску быў адкрыты Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Я. Коласа. На радзіме пісьменніка музеефікаваны мемарыяльныя сядзібы Акінчыцы, Смольня, Альбуць, Ласток. Шмат гадоў праводзіцца навуковая канферэнцыя “Каласавіны”. Іменем народнага паэта названы многія ўстановы, вуліцы, скверы рэспублікі. У Мінску на плошчы, якая носіць яго імя, узведзены бронзавы манумент пісьменніка. Помнікі Я. Коласу пастаўлены таксама на яго магіле на Вайсковых могілках у Мінску, на радзіме ў в. Мікалаеўшчыне, у Навагрудку і в. Плоскае (Талачынскі раён). Па рашэнні ЮНЕСКА ў міжнародным маштабе адзначалася стагоддзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі.