Пушча Язэп (сапраўднае імя Плашчынскі Іосіф Паўлавіч)
Дата рождения:
20.05.1902 Каралішчавічы, в., Мінскі раён
Дата смерти:
14.09.1964
Краткая справка:
паэт, асобныя творы якога пакладзены на музыку, крытык, перакладчык, адзін з заснавальнікаў літаратурных аб'яднанняў "Маладняк" і "Узвышша"
Имена на других языках:
Плащинский Иосиф Павлович (русский);
4161 символ
Справка
“Радзіма і народ мой ураджай узважаць, прысуд свой вынесуць і ўнукам праўду скажуць,” – гэтыя радкі з верша “Споведзь” належаць прадстаўніку той хвалі беларускіх пісьменнікаў, якія прыйшлі ў літаратуру пасля Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, З. Бядулі, А. Гаруна, – Язэпу Пушчы (сапраўднае прозвішча Плашчынскі Іосіф Паўлавіч).
Нарадзіўся будучы паэт у в. Каралішчавічы, непадалёку ад Мінска ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў вясковай школе, затым – у Мінскім вышэйшым пачатковым вучылішчы, у гады рэвалюцыі і грамадзянскай вайны – у Мінскім рэальным вучылішчы. Працаваў інспектарам адукацыі ў Мазырскім і Мінскім павятовых аддзелах народнай асветы, выкладаў беларускую мову і літаратуру на агульнаадукацыйных курсах, у Мінскім музычным тэхнікуме. З 1925 па 1927 г. займаўся на педагагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адкуль перавёўся ў Ленінградскі ўніверсітэт, але на чацвёртым курсе пакінуў вучобу і ў 1929 г. вярнуўся ў Мінск, дзе працаваў стыль-рэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве.
Язэп Пушча жыў і пісаў у вельмі складаную эпоху, што, вядома, паўплывала на яго мастацкае мысленне, погляды, ацэнкі. Першыя літаратурныя крокі паэт зрабіў, калі ў 1923 г. стаў адным з заснавальнікаў і арганізатараў літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, а пазней – “Узвышша”. За шэсць творчых гадоў Я. Пушча напісаў сем кніг паэзіі, але паспеў выдаць пяць: “Раніца рыкае” (1925), “Vita” (1926), “Дні вясны” (1927), “Песні на руінах” (1929), “Крывавы плакат” (1930). Падпісваўся ён псеўданімамі Лясун, Л. Кудзер, Я. Кудзер, Язэп Кудзер, Пушча, А. Пушча, Я. Пушча, Л. Трыер. З адкрытым, даверлівым сэрцам ішоў паэт насустрач будучыні. Таму настрой першага зборніка “Раніца рыкае” ўзнёслы, урачысты. У ім Я. Пушча вітае паслярэвалюцыйны час, новага героя, яго ўклад жыцця. Для вершаў характэрны тонкае лірычнае светаадчуванне, шырыня асацыяцый, дакладнасць вобразнага мыслення, светлыя радасныя фарбы, бадзёрасць і жыццесцвярджальнасць. Часы агульнага паскоранага руху ў развіцці грамадства, якімі і былі 1920-я гг., спрыялі яшчэ больш хуткаму росту яго грамадзянскай свядомасці, паглыбленню светапогляду, творчай эвалюцыі. Было відавочна: у літаратуру прыйшоў таленавіты паэт, з моцным прыродным голасам, чыстымі душэўнымі памкненнямі. У канцы 1920-х гг. у паэтычнай дзейнасці Я. Пушчы пачынаюцца пакутлівыя пошукі новых творчых дарог, узрастаюць патрабаванні да мастацкага слова. Вершы гэтага часу набылі новыя адценні: глыбейшым стала мысленне, прытупілася адчуванне радасці жыцця. Паэт пачаў задумвацца над унутранай сутнасцю рэчаў, пераасэнсоўваць свае адносіны да свету і сябе. Адчуванне дысгармоніі жыцця нараджаецца ў цыкле вершаў “Асеннія лісты” і зборніках гэтага перыяду.
У 1931 г. Я. Пушча быў высланы за межы Беларусі. Жыў у Шадрынску на Урале, пасля – каля Анапы, дзе працаваў бухгалтарам у саўгасе. У 1937–1941 гг. – у Манькаўскай сярэдняй школе Мурамскага раёна Уладзімірскай вобласці. Пасля вайны да 1958 г. у сяле Чаадаева Уладзімірскай вобласці займаў пасаду дырэктара мясцовай школы, вёў заняткі па рускай мове і літаратуры, друкаваў рускамоўныя творы ў мясцовых выданнях. 27 гадоў паэт быў вымушаны жыць за межамі Беларусі. Вершы гэтага перыяду нараджаліся ў выніку душэўнай неабходнасці дыялога з Радзімай, народам: “Успаміны”, “Паўночная тайга шуміць”, “На свеце боль і смутак ёсць” і інш. У студзені 1956 г. Я. Пушча быў рэабілітаваны, а ў ліпені 1958 г. вярнуўся з сям’ёй у Мінск. Пачаўся новы перыяд у яго жыцці – перыяд надзей і спадзяванняў на лепшае. За гэты час ён выдаў два зборнікі паэзіі: “Вершы і паэмы” (1960) і “Пачатак легенды” (1963). Асноўныя матывы пасляваеннай лірыкі – любоў да Радзімы, шматгалоссе прыроды, услаўленне працоўнага энтузіязму. Творы лёгка клаліся на музыку. Песні на вершы Я. Пушчы напісалі Г. Бараноўская, П. Падкавыраў, Ю. Семяняка і інш. Пісаў паэт таксама творы для дзяцей (вершаваная казка “На Бабрыцы”, 1960 і інш.).
Для роднай Беларусі, нашчадкаў Язэп Пушча застаўся паэтам, які служыў справядлівым, гуманістычным ідэалам. Многія малавядомыя старонкі яго жыцця ажылі ў мемуарах жонкі Станіславы Эдуардаўны Плашчынскай.