Дата начала: 23.11.1923
Дата окончания: 25.11.1928
Краткая справка: першае літаратурнае аб'яднанне пісьменніцкай моладзі ў БССР
Варианты названия: Усебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў "Маладняк"
Названия на других языках: "Молодняк" (русский); Всебелорусское объединение поэтов и писателей "Молодняк" (русский);
Яркай з’явай у беларускай савецкай літаратуры стала творчае аб’яднанне пісьменніцкай моладзі “Маладняк”, у радах якога выхавалася цэлая плеяда паэтаў, празаікаў, драматургаў, крытыкаў, прапагандыстаў роднага слова. Яно ўзнікла як гурток маладых літаратараў пры часопісе “Маладняк” у лістападзе 1923 г. Заснавальнікамі аб’яднання з’яўляліся А. Александровіч, А. Бабарэка, А. Вольны, А. Дудар, Я. Пушча. Арганізацыйнае афармленне адбылося ў Мінску 28 лістапада 1923 г. у клубе “КіМ”, старшынёй выбралі М. Чарота. Творчая праграма была сфармулявана ў дэкларацыі ў снежні 1924 г. (удакладнялася ў 1925, 1926 гг.). Са стварэннем філіялаў у Маскве (май 1924) і ініцыятыўных груп у Віцебску і Магілёве гурток атрымаў назву Усебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў. Восенню 1925 г. адбыўся Першы Усебеларускі з’езд “Маладняка”. У гэты час арганізацыя налічвала 300 членаў, 12 філіялаў: у Мінску, Бабруйску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Оршы, Полацку, Слуцку, Смаленску, Ленінградзе, Празе, Рызе. У аб’яднанне ўваходзілі таксама нацыянальныя секцыі рускіх, польскіх, яўрэйскіх і літоўскіх літаратараў. Да “Маладняка” далучыліся пісьменнікі старэйшага пакалення – А. Гурло, У. Галубок, Я. Журба і інш. У розныя гады яго ўзначальвалі М. Чарот, А. Вольны, У. Дубоўка, П. Галавач. Кіруючым органам з’яўляўся прэзідыум, з лютага 1925 г. – Цэнтральнае бюро; друкаваным – часопіс “Маладняк”.
Члены аб’яднання праводзілі вялікую выхаваўчую работу сярод моладзі, садзейнічалі выяўленню маладых талентаў, наладжвалі сувязі з літаратурнымі арганізацыямі іншых рэспублік СССР, займаліся кнігаабменам з замежнымі краінамі. Крытыкі адзначалі, што іх творчасць была прасякнута пафасам сцвярджэння сацыялістычнага ладу, вызначалася пошукамі розных мастацкіх форм і сродкаў, распрацоўкай новых тэм. У філіялах “Маладняка” пад кіраўніцтвам Цэнтральнага бюро праводзілася культурна-асветная работа сярод насельніцтва, выдаваліся часопісы і альманахі (“Пачатак”, “Світанне” у Віцебску), (“Росквіт”, “Наддзвінне” у Полацку) і іншыя, дзе друкаваліся творы паэтаў і пісьменнікаў аб’яднання. Рэгулярна выходзілі “кніжыцы” – невялікія зборнікі вершаў і прозы з іх творамі. Найбольш плённа развівалася паэзія, дзе ствараўся сімвалічны вобраз “Беларусі бунтарнай”, якая праз “буралом” і “завіруху” крочыць у светлую будучыню. У вершах дамінавалі ўрбаністычныя матывы, асэнсоўваліся постаці гістарычнага мінулага (паэма “Кастусь Каліноўскі” А. Вольнага, вершы “Скарына” і “Жалезны воўк” А. Дудара, паэма У. Дубоўкі пра І. Вашчылу “Грахі чубатыя”) і інш. Асноўны матыў прозы – супрацьпастаўленне новага ладу жыцця старому. Асабліва ярка гэта праяўлялася ў творах К. Чорнага , П. Галавача, М. Лынькова, С. Хурсіка і інш.
Масавы характар “Маладняка”, прыярытэтнасць культурна-асветнага кірунку працы, заняпад мастацкасці сталі прычынамі творчага і арганізацыйнага крызісу аб’яднання і яго расколу. У маі 1926 г. з арганізацыі выйшлі Я. Пушча, К. Крапіва, К. Чорны і А. Бабарэка, якія восенню 1926 г. разам з У. Дубоўкам стварылі новае літаратурнае аб’яднанне “Узвышша”. Праз год з’явілася “Полымя” (арганізавана пры аднайменным часопісе Я. Купалам, Я. Коласам, Ц. Гартным, А. Гурло, У. Галубком). Да іх далучыліся былыя маладнякоўцы М. Чарот, М. Зарэцкі, А. Дудар, А. Вольны, А. Александровіч. Незадаволеныя крызісным становішчам некаторыя члены “Маладняка” (Я. Бобрык, П. Броўка, В. Каваль, Т. Кляшторны, Ю. Лявонны, Я. Туміловіч, П. Шукайла і інш.) у 1927 г. стварылі свае літаратурныя згуртаванні: Пралетарска-сялянскую беларускую суполку “Пробліск” і Беларускую літаратурна-мастацкую камуну, якія дзейнічалі нядоўга. У 1928 г. кіраўніцтва “Маладняка” шукала шляхі выхаду з крызісу і аднаўлення арганізацыі. У лістападзе гэтага ж года адбыўся Другі Усебеларускі з’езд аб’яднання, які абвясціў пра яго рэарганізацыю ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП).
“Маладняк” быў школай станаўлення новага пакалення беларускіх пісьменнікаў, што сведчыла пра пераемнасць развіцця беларускай літаратуры, а таксама вызначыла на некалькі дзесяцігоддзяў яе ідэйна-эстэтычны кірунак. Лёс былых маладнякоўцаў у 1930-я гг. склаўся трагічна, амаль усе яны былі рэпрэсіраваны.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.