Дата рождения:
11.03.1903 Парэчча, в., Лепельскі павет, Віцебскай губерня (цяпер Лепельскі раён, Віцебская вобласць)
Дата смерти:
30.10.1937
Краткая справка:
паэт, перакладчык, асноўнае месца ў творчасці якога займала героіка грамадзянскай вайны і падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі, сацыялістычнае будаўніцтва
Имена на других языках:
Кляшторный Тодар Тодарович (русский); Кляшторный Тодор Тодорович (русский);
2843 символа
Справка
У гісторыю беларускай літаратуры Тодар Тодаравіч Кляшторны ўвайшоў як паэт-рамантык, вершы якога адметны яркай эмацыянальнасцю, выразнасцю, глыбінёй пачуццяў.
Нарадзіўся ён у в. Парэчча Лепельскага павета Віцебскай губерні (цяпер Лепельскі раён Віцебскай вобласці) у сялянскай сям’і. Пасля службы ў Чырвонай арміі вучыўся на рабфаку ў Оршы. Потым паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта, які скончыў у 1931 г. Працаваў на радыё, у рэспубліканскіх газетах і часопісах, быў членам аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша» і Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў і паэтаў.
Першыя вершы Т. Кляшторны апублікаваў у 1925 г. у часопісе «Аршанскі маладняк». Яны былі напоўнены рамантычнай узнёсласцю, пяшчотнасцю, жыццярадаснасцю. У 1927 г. выйшаў зборнік паэзіі «Кляновыя завеі». У вершах, змешчаных там, вызначыўся індывідуальны, своеасаблівы талент Т. Кляшторнага – талент паэта-лірыка. За падабенства стылю і настрой твораў яго сталі называць «беларускім Ясеніным». Але, арыентуючыся на высокія ўзоры ясенінскай паэзіі, Т. Кляшторны і сам дасягнуў вяршынь паэтычнага слова. Вершы са зборнікаў «Светацені» (1928) і «Ветразі» (1929) – «Зноў вясна…», «Завечарылася бярозавая просінь…», «Раскідаў месяц перамёты…», «Ўпрадае дым у залатую гладзь…», «Не дары асенніх васількоў…», «Бачу і чую, чую і бачу», «Ой, ты дзеўчына» і іншыя – насычаны яркімі вобразамі-метафарамі і нагадваюць народныя песні. У іх аўтар захапляецца прыгажосцю беларускай прыроды, праяўляе сябе сапраўдным майстрам у лірыцы кахання. У паэмах «Калі асядае муць» (1927–1928), «Беларусь» (1928), «Палі загаманілі» (1930), «Сляды дарог» (1933) і ў зборніку «Праз шторм – на штурм» (1934) Т. Кляшторны амаль адмаўляецца ад напісання лірычных твораў. Вершы «Машыніст Сакалоў», «Старшыня Алеся», «Размах утрой», «У мільёнаў б’ецца ленінскае сэрца» і іншыя прысвечаны ўдарнікам дарожнай будоўлі, кіраўнікам першых калгасаў, працаўнікам сельскай гаспадаркі, падзеям Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Тодар Кляшторны з’яўляецца аўтарам апавядання «Праз куламесіцу часу» (1926), нарысаў «Нашы межы непарушны…» (1933), «Уся справа ў людзях» (1934) і інш. Ён пераклаў на беларускую мову паасобныя творы К. Ванэка, Ф. Панфёрава, В. Гусева, П. Тычыны, У. Маякоўскага і інш. Свой апошні верш «Песня пра вясну» паэт апублікаваў 27 сакавіка 1936 г. Восенню гэтага ж года Т. Кляшторны быў арыштаваны. У 1937 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957 г.
Творы Т. Кляшторнага перакладзены на рускую, украінскую і літоўскую мовы. На вершы паэта кампазітары І. Іваноў і М. Равенскі напісалі музыку. У 2003 г. у в. Камень на Лепельшчыне ў вясковым Доме культуры адкрыта бібліятэка-музей Т. Кляшторнага. У 2008 г. адной з вуліц гэтай вёскі прысвоена імя паэта.