Имена на других языках:
Куделька Михаил Семёнович (русский);
Криптонимы:
М.К-ка; М.К.; М.Ч-т; М.Ч.; Ч-т; Ч.М.
4879 символов
Справка
Лёс вядомага паэта, празаіка і драматурга, культурнага і грамадскага дзеяча Беларусі Міхася Чарота (творчы псеўданім Міхаіла Сымонавіча Кудзелькі) у многім тыповы для таго пакалення літаратараў, якія прыйшлі ў літаратуру адразу пасля рэвалюцыі. Нарадзіўся М. Чарот у вёсцы Рудзенск Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер гарадскі пасёлак Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці) у сям’і малазямельных сялян. У 1917 г. закончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю і ў хуткім часе быў мабілізаваны ў армію. Вясной 1918 г. М. Чарот вярнуўся ў Мінск і пачаў настаўнічаць у беларускай школе. У гэтым жа годзе паступіў на вучобу ў педагагічны інстытут. У 1924 г. вучыўся ў Маскве ў Дзяржаўным інстытуце журналістыкі. У 1920-я гады М. Чарот быў адным з актыўных арганізатараў і кіраўнікоў літаратурнага руху на Беларусі: з’яўляўся супрацоўнікам, а ў 1925–1929 гг. – рэдактарам газеты “Савецкая Беларусь”, прымаў удзел у стварэнні літаратурнага аб’яднання “Маладняк” (з 1923 г. яго кіраўнік), некаторы час працаваў у “Полымі”, потым уступіў у БелАПП, быў загадчыкам літаратурнага сектара Дзяржвыдавецтва БССР, кансультантам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Да таго ж М. Чарот удзельнічаў у культурна-нацыянальным жыцці: спяваў у хоры У. Тэраўскага пры “Беларускай хатцы”, быў старшынёй тэатральнага гуртка “Маладзік”.
Больш за ўсё М. Чарот адметны сваёй творчасцю, якая, на вялікі жаль, далёка не поўнасцю даследавана. Асаблівую ўвагу Міхась Чарот надаваў вершавана-паэтычным творам. Яго першыя вершы – “Пад крыжам”, “Звон”, “Песня беларуса”, “Памяці Алеся Гаруна”, “Ахвярую Беларускаму хору Тэраўскага” – працягвалі нашаніўскую адраджэнскую традыцыю. Увогуле ранняя творчасць М. Чарота знаходзілася пад вялікім уплывам такіх паэтаў, як М. Багдановіч, Цётка, Я. Купала, Я. Колас. Пасля 1921 г. дамінуюць рэвалюцыйна-пралетарскія матывы, аб чым сведчаць зборнікі вершаў “Завіруха” (1922), “Выбраныя вершы” (1925), “Сонечны паход” (1929). Першая кніга вершаў “Завіруха” праўдзіва адлюстроўвала духоўны свет чалавека, які свядома стаў на бок рэвалюцыі і ўключыўся ў будаўніцтва новага жыцця. Бура, навальніца, пажар, звон, меч і агонь, што крышаць стары свет, – гэта вобразнасць выяўляла рэвалюцыйны змест кнігі “Завіруха” і ўсёй паэзіі М. Чарота.
Светапогляд паэта фарміраваўся ў адназначнай абстаноўцы: ён выбраў рэвалюцыю, а ў творчасці развіваў адзіную тэму – апяванне новага жыцця. У героіка-рамантычнай паэме “Босыя на вогнішчы” (1922), дзе адчуваецца моцны ўплыў славутай паэмы А. Блока “Дванаццаць”, М. Чарот прадставіў версію рэвалюцыі на Беларусі. У паэме-фантазіі “Чырванакрылы вяшчун” (1923) аўтар ідэалізаваў вобраз “усясветнай камуны”. Пра пасляваеннае жыццё, збліжэнне горада і вёскі апавядаецца ў паэме “Беларусь лапцюжная” (1924).
Адметнай з’явай прозы М. Чарота стала аповесць “Свінапас” (1923–1924). На яе аснове ў 1926 г. створаны першы беларускі мастацкі фільм “Лясная быль”. Мова гэтай аповесці ўвабрала ў сябе асаблівасці так званай маладнякоўскай прозы, якая арыентавалася на арнаментальную апавядальную мову. Усе апавяданні М. Чарота сабраны самім аўтарам у зборнікі “Веснаход” (1924) і “Выбраныя апавяданні” (1926). Значнай творчай удачай літаратуразнаўцы 1970-х гг. (найперш М. Ярош) лічылі яго апавяданні “Кірмаш”, “Чалавек, які не радзіўся”, “Споведзь самагоншчыка”, “Бацюшка”, “Самалёт”.
У беларускую савецкую драматургію М. Чарот прыйшоў непасрэдна з тэатральных падмосткаў: спачатку як самадзейны артыст, а потым як член трупы У. Галубка. У 1921–1922 гг. вучыўся ў Беларускай тэатральнай студыі, якая знаходзілася ў Маскве. Там ён пазнаёміўся з С. Ясеніным, пасябраваў з У. Кірылавым, які ўзначальваў вядомую літаратурную групоўку “Кузніца” (блізкую да “Маладняка”). На працягу 1920–1924 гг. М. Чаротам былі напісаны і апублікаваны п’есы “Данілка і Алеська”, “Пастушкі”, “Слуцкая варона”, “Мікітаў лапаць”, “Дажынкі”, “Сон на балоце” і інш. Драматычная паэма “Сон на балоце”, вадэвіль “Мікітаў лапаць” і народная драма “На Купалле” М. Чарота атрымалі найбольшую вядомасць. Апошняя пад назвай “Кветка шчасця” была паказана артыстамі БДТ-1 у Маскве ў жніўні 1923 г. і натхніла кампазітара А. Туранкова на стварэнне аднайменнай оперы. У чэрвені 1940 г. яна была прадстаўлена на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве.
Усё сваё жыццё М. Чарот горача і шчыра клікаў да “вясны жыцця”, да натхнёнай і творчай працы, але 24 студзеня 1937 г. быў арыштаваны і ў хуткім часе расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.
У гісторыі айчыннай літаратуры М. Чарот застаўся палкім рэвалюцыйным рамантыкам, лепшыя творы якога прысвечаны падзеям рэвалюцыі, будаўніцтву светлага жыцця. Сучасныя беларускія літаратуразнаўцы адзначаюць самабытнасць і арыгінальнасць літаратурна-мастацкай дзейнасці пісьменніка. Імя М. Чарота носіць бібліятэка ў г. п. Рудзенск Пухавіцкага раёна, вуліцы ў Мінску, Гродне, Маладзечне і Рудзенску.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2006 г., актуалізаваны ў 2026 г.