Имена на других языках:
Трус Павел Адамович (русский); Трус Павлюк (русский);
Криптонимы:
П-к Т-с; П.Т-с; П.Т.
4076 символов
Справка
Сярод прадстаўнікоў беларускай літаратуры пачатку XX ст. вылучаўся непадобны на іншых, са сваім уласным голасам малады паэт Паўлюк (Павел Адамавіч) Трус.
Нарадзіўся ён у в. Нізок на Уздзеншчыне. Сям’я жыла, як і большая частка сялян, зусім небагата. Яшчэ з маленства пачаў дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Яго вельмі цягнула да навукі, і пасля сканчэння пачатковай школы, дзе асабліва прыметна выявілася адоранасць хлопчыка, бацька адвёз сына ў мястэчка Узда і ўладкаваў у пачатковае вучылішча. У 1923 г. П. Трус пераехаў у Мінск і стаў студэнтам Беларускага педагагічнага тэхнікума. Менавіта ў гэты перыяд паэзія стала сэнсам яго жыцця. З першымі творамі выступіў у друку ў 1922 г. Потым яго вершы з’яўляліся на старонках беларускіх газет і часопісаў “Радавая рунь”, “Беларускі піянер”, “Малады араты”, “Савецкая Беларусь”, часцей за ўсё супрацоўнічаў з рэдакцыяй газеты “Беларуская вёска”. У 1925 г. П. Трус быў прыняты ў літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”. Раз на тыдзень наведваў паэтычную студыю, дзе слухаў лекцыі А. Бабарэкі, прымаў удзел у літаратурных дыскусіях, наведваў школы і рабочыя клубы. Творы П. Труса ўсё часцей сталі з’яўляцца на старонках часопіса “Маладняк”. У гады навучання ў педагагічным тэхнікуме ён выдаў зборнік паэзіі “Вершы” (1925). У 1927 г. выйшаў другі зборнік “Ветры буйныя”. Назва кніжкі сведчыць пра актыўную настроенасць паэта на ацэнку свайго часу як зменлівага, асэнсаванне перамен, што адбываліся ў жыцці і свядомасці людзей. Пасля заканчэння вучобы працаваў у рэдакцыі газеты “Палеская праўда” (Гомель). У верасні 1928 г. П. Трус стаў студэнтам літаратурна-лінгвістычнага аддзялення педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гады вучобы сталі для яго часам далейшага мастацкага сталення. Аўтарскі стыль выпрацоўваўся пад уплывам народна-песеннай паэзіі. Паўлюк Трус ведаў на памяць шмат народных песень, любіў беларускую музыку і танцы. Малюнкавыя краявіды, фарбы вясны, лета, восені і зімы, шматгалоссе гукаў лесу і поля, успаміны пра начлежныя кастры ў дзяцінстве, звыклая сялянская праца – усё гэта ў многім вызначала асноўны змест яго паэзіі (“Вясновая песня”, “Вясна”, “Сенажаць”, “На сенажаці”, “У жніво”, “Перад восенню” і інш.). Адметнае месца ў творчасці П. Труса займала інтымная лірыка (“Навошта сэрца я параніў...”, “Хацелася не верыць”, “Нашто мне смех...”, “Скажы мне, мілая, скажы...” і інш.). У хуткім часе з’явіліся вершы плакатна-агітацыйнага плана. Адным з першых у беларускай паэзіі спалучыў у лірыцы паэтыку з унутраным перажываннем. Яго захапіла рэвалюцыйная стыхія (“Мінулася кату масленіца”, “К кулаку мне йсці нягожа – мне страхоўка дапаможа”, “Камітэты дапамогі ставяць беднага на ногі”, “Няхай сабе ныюць званы медзяныя”, “Лячыся ў доктара, а не ў шаптухі” і інш.). З’явіліся вобразы-сімвалы, якія прынёс час вялікіх надзей: бунтарскія хвалі, бурны акіян, вольная плынь, мяцежная завіруха. Яго паэмы “Юны змаганец” і “Астрожнік” (1925), “Чырвоныя ружы” (1929) прасякнуты рэвалюцыйнай рамантыкай, вызначаюцца лірычным ладам, задушэўнай узрушанасцю. Рэвалюцыйнай узнёсласцю напоўнена і паэма “Дзясяты падмурак” (1928), пабудаваная на канкрэтных фактах і прысвечаная 10-годдзю БССР. Форма і змест твораў звязаны непарыўна. Паэт часта ўводзіў у вершы дыялектызмы. Выбіраючы стылістыку выказвання, вызначаў, ці стасуецца яна са зместам, эмацыянальнай танальнасцю, якую хоча перадаць, і ці адпавядае жанру канкрэтнага твора. Паўлюк Трус пісаў балады, санеты, рандо, трыялеты, байкі, пародыі, паэмы і апавяданні.
Пасля здачы экзаменацыйнай сесіі за першы курс летам 1929 г. паехаў у вандроўку па Магілёўшчыне, дзе захварэў на брушны тыф. Выратаваць юнака ўрачам не ўдалося. Паэта не стала 30 жніўня 1929 г. Паўлюку Трусу было наканавана кароткае жыццё, на літаратурную дзейнасць адпушчана толькі сем гадоў. Аднак ён паспеў пакінуць адметны след у беларускай літаратуры. Дакументальная спадчына П. Труса захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Імем паэта названы бібліятэка на яго радзіме, вуліца ў Гомелі.