Дата рождения: 18.04.1903 Пабокавічы, в., Бабруйскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти: 29.10.1937
Краткая справка: пісьменнік, грамадскі дзеяч
Имена на других языках: Головач Платон Романович (русский);
Цікавай і прыкметнай з’явай у беларускай літаратуры 1920–30-х гг. стала творчасць Платона Раманавіча Галавача. Нарадзіўся ён у в. Пабокавічы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер Бабруйскі раён Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і. Вучыўся ў двухкласным царкоўнапрыходскім вучылішчы, потым у Гарбацэвіцкай сямігодцы. У 1922 г. Бабруйскі павятовы камітэт камсамола накіраваў П. Галавача ў Мінскую аднагадовую партыйна-савецкую школу першага склікання. Пасля кароткатэрміновай (некалькі месяцаў) вучобы быў інструктарам Барысаўскага павятовага камітэта камсамола. У 1926 г. скончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі імя У. І. Леніна і пачаў працаваць загадчыкам арганізацыйнага аддзела ЦК ЛКСМБ, у 1928 г. стаў першым сакратаром ЦК ЛКСМБ і адначасова з’яўляўся адказным рэдактарам газеты «Чырвоная змена». Садзейнічаў публікацыі на яе старонках твораў маладых літаратараў (П. Броўкі, А. Куляшова, М. Чарота, М. Хведаровіча, Я. Скрыгана, А. Звонака, Ю. Таўбіна, В. Каваля і інш.). У розны час П. Галавач быў таксама рэдактарам часопісаў «Маладняк» і «Полымя рэвалюцыі». У лістападзе 1929 г. прызначаны намеснікам народнага камісара асветы БССР (працаваў да сакавіка 1930 г.). Пісьменнік прымаў актыўны ўдзел і ў грамадскай дзейнасці. Ён уваходзіў у кіраўніцтва літаратурнага аб’яднання «Маладняк» (1923–1928) і Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў і паэтаў (1930–1932); прымаў удзел у рабоце I Усесаюзнага з’езда савецкіх пісьменнікаў (1934, Масква); сустракаўся з вядомымі дзеячамі культуры М. Горкім, А. Серафімовічам, Р. Раланам, А. Зегерс і інш. З красавіка 1930 г. П. Галавач займаўся выключна літаратурнай працай. У 1934 г. ён стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР, уваходзіў у яго аргкамітэт (працаваў у камісіі па масавай рабоце). У жніўні 1937 г. быў арыштаваны, асуджаны і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 г., рэабілітаваны ў 1956 г.
Нататкі і замалёўкі П. Галавача ўпершыню з’явіліся на старонках бабруйскай газеты «Камуніст» у 1920 г. Больш актыўна пісьменнік пачаў друкавацца з 1923 г. У газетах «Юный пахарь» і «Красная смена», а таксама ў студэнцкім часопісе «Чырвоны сцяг» з’явіліся яго фельетоны і нарысы. Першае апавяданне «Загубленае жыццё» было апублікавана ў некалькіх нумарах газеты «Савецкая Беларусь» у 1925 г. У ім пісьменнік выказаў пратэст супраць эксплуатацыі чалавека. У другім творы – «Рубанаўскі вузел» (1926) – аўтар звярнуўся да паказу жыцця вёскі, узняў адно з самых важных пытанняў таго часу – землеўпарадкаванне. Антырэлігійная тэма была распрацавана ў апавяданні «Яўленая». Раннія творы П. Галавача склалі першую кнігу «Дробязі жыцця» (1927). Яны напісаны ў стылі маладнякоўскай прозы і вылучаюцца эмацыянальнасцю, лірычнасцю, паэтычнай сімволікай і своеасаблівай рытмічнасцю. У 1930 г. выйшаў зборнік «Хочацца жыць». Значную цікавасць сярод твораў, змешчаных у ім, уяўляюць апавяданні «Кнак», «Суседзі» і «Не так», у якіх апісваецца вясковае жыццё; «Перад канцом», дзе аўтар уздымае пытанне пра значэнне грамадска-карыснай працы, падкрэслівае, што жыццё чалавека вымяраецца не пражытымі гадамі, а тым, што ён зрабіў; у апавяданні «Дасужая» стварыў вобразы вясковай моладзі, якая імкнецца авалодаць ведамі. Разнастайныя па тэматыцы творы П. Галавача закранаюць самыя надзённыя праблемы таго часу. Пісьменнік пісаў пра грамадзянскую вайну і класавую барацьбу ў вёсцы, шмат увагі ўдзяляў антырэлігійным матывам, паказваў заганы старога жыцця і імкненне моладзі да новага. Яго апавяданні вызначаюцца гуманістычным пафасам, вастрынёй канфліктаў, псіхалагізмам.
Ад празаічных твораў малых форм П. Галавач паступова перайшоў да напісання больш значных эпічных твораў. У 1930 г. выйшла першая аповесць «Вінаваты», у цэнтры якой – маральна-этычная праблематыка. Аўтар уважліва даследаваў душэўны стан героя, які апынуўся ў становішчы непрызнанага, уздымаў важнае пытанне даверу да чалавека. Адным з самых вядомых твораў П. Галавача стала аповесць «Спалох на загонах» (1930, перапрацавана ў 1932 г.), у якой пісьменнік адлюстраваў працэс калектывізацыі. У 1931–1933 гг. ён зноў працаваў над апавяданнямі. У гэты час з’явіліся ў друку такія творы, як «Кара», «Сваё ўласнае», «Чацвёртае спатканне», «Навела без назвы», «З тых дзён», «Пра Сяргея Агейчыка – каменданта маршрутнага поезда № 32». У 1934 г. яны былі выдадзены асобным зборнікам «Апавяданні». У 1935 г. выйшаў раман П. Галавача «Праз гады». Ён ахоплівае даволі вялікі прамежак часу (з 1913 па 1933 г.) і насычаны такімі падзеямі, як Першая сусветная вайна, Кастрычніцкая рэвалюцыя і грамадзянская вайна, калектывізацыя. Пра падпольную і партызанскую барацьбу супраць белапалякаў расказваецца ў аповесцях «Носьбіты нянавісці» (1936) і «Яны не пройдуць!» (1937).
Неад’емнай часткай творчасці П. Галавача была публіцыстыка. Пісьменнік неаднаразова звяртаўся да такіх жанраў, як нарыс, памфлет, фельетон. Тэмы яго публіцыстычных выступленняў самыя разнастайныя: перамены на вёсцы, жыццё моладзі, галавацяпства чыноўніцтва. Самы значны твор у гэтым жанры – нарыс «Ад Мядзведжай гары да Белага мора», у якім аўтар расказвае пра будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала. Платон Галавач рэгулярна выступаў і як літаратурны крытык. Ён пакінуў шэраг цікавых рэцэнзій і заўваг пра творчасць Я. Купалы, К. Чорнага, М. Лынькова, П. Броўкі, Я. Скрыгана, П. Труса. Творы П. Галавача перакладзены на рускую, польскую, украінскую, чэшскую, яўрэйскую і іншыя мовы.
У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Магілёве і Бабруйску. У 1968 г. на будынку Гарбацэвіцкай школы ўстаноўлена памятная дошка. У музеі в. Сычкава створана экспазіцыя, прысвечаная пісьменніку. У красавіку 2003 г. у Беларусі была ўведзена паштовая картка з арыгінальнай маркай, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння П. Галавача.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.