Вольны Анатоль (сапраўднае імя Ажгірэй Анатоль Іўсцінавіч)
Дата рождения:
02.12.1902 Мар'іна Горка, г., Пухавіцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
29.10.1937
Краткая справка:
пісьменнік, сцэнарыст, кінадраматург, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі
Псевдонимы:
Ажгірэй В.; Акша; Алёша; Вольны Анатоль; Вольный Анатолий Ивстинович
Варианты имени:
Вольны Анатоль Іўсцінавіч
Имена на других языках:
Ажгирей Анатолий Ивстинович (русский);
2272 символа
Справка
Сярод прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, якая ў 1920–1930-х гг. закладвала асновы новай беларускай літаратуры і кінадраматургіі, вылучаецца пісьменнік Анатоль Вольны (сапраўднае імя Анатоль Іўсцінавіч Ажгірэй).
Нарадзіўся ён на станцыі Пухавічы Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер г. Мар’іна Горка Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці) у сям’і служачага. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Ігуменскай гімназіі. У 1920 г. добраахвотнікам пайшоў у Чырвоную армію. Пасля дэмабілізацыі вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, працаваў у Цэнтральным камітэце ЛКСМБ. З гэтага ж часу стаў актыўным удзельнікам літаратурна-мастацкага руху ў складзе літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Полымя», з’яўляўся членам Саюза пісьменнікаў Беларусі (1934). З 1920 г. у газетах «Савецкая Беларусь», «Звязда», «Малады араты», «Чырвоная змена» і іншых пад псеўданімам А. Вольны пачаў друкаваць свае артыкулы, вершы, гумарэскі і фельетоны, прысвечаныя актуальным палітычным падзеям у краіне і за мяжой. У зборніках паэзіі «Камсамольская нота» (1924, у суаўтарстве), «Чарнакудрая радасць» (1926), «Табе» (1927) услаўляў рэвалюцыйныя здзяйсненні, выказваў захапленне і радасць за сваё пакаленне, якое станавілася будаўніком сацыялізму. Грамадзянскай вайне і барацьбе супраць польскіх акупантаў прысвяціў аповесці «Два» (1925) і «Антон Савіцкі» (1927). Бюракратыю і дэградацыю ўлады пісьменнік выкрываў у шматлікіх сатырычных і гумарыстычных творах, якія пад псеўданімам Алёша апублікаваў у кнігах «Зборнік фельетонаў» (1927) і «Суседзі» (1932). Сярод твораў таксама п’есы і драматызаваныя агітжарты «Калі дзяк гаворыць праўду», «Міколка», «У агранома» (1924), раман «Ваўчаняты» (1925, у суаўтарстве), камедыя «Ратуй, божа!» (1932, у суаўтарстве) і інш. Выступаў А. Вольны і як кінадраматург. Па яго сцэнарыях пастаўлены фільмы «Хвоі гамоняць» (1929, сумесна з К. Дзяржавіным), «Атэль “Савой”» і «У агні народжаная» (1930), «Сонечны паход» (1931), «Новая радзіма» (1935) і інш. Пісьменнік – аўтар кінааповесці «Шасцідзесятая паралель» (1935). За заслугі ў развіцці кінематаграфіі А. Вольнаму ў 1935 г. прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. У 1936 г. ён быў арыштаваны і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, рэабілітаваны ў 1957 г.