Краткая справка:
паэт, адзін з арганізатараў літаратурнага аб'яднання "Маладняк", член-карэспандэнт НАН Беларусі
Псевдонимы:
А. А-віч; А. Андр.; Ал. Андр.; Андр. Ал-іч; Бэцін; Худніцкі А.; Чыгуначнік
Имена на других языках:
Александрович Андрей Иванович (русский);
4627 символов
Справка
Паэт Андрэй Іванавіч Александровіч нарадзіўся 22 студзеня 1906 г. у Мінску ў сям'і шаўца. Бацька заўчасна памёр, і Андрэй быў вымушаны пайсці працаваць яшчэ ў дзяцінстве. Першай яго прафесіяй было шавецтва, аднак не цураўся ён і выпадковага заробку. У 1914 г. хлопчыка аддалі вучыцца ў царкоўна-прыходскую школу. Тут ён стаў удзельнікам першага беларускага народнага хору пад кіраўніцтвам У. Тэраўскага – выкладчыка спеваў у школе, а пазней вядомага кампазітара. Хор з поспехам выступаў у шпіталях перад параненымі, перад жыхарамі горада, набываючы ўсё большую вядомасць у слухачоў. Амаль 6 гадоў спяваў Андрэй у хоры, дэкламаваў творы беларускіх пісьменнікаў. У 1919 г. на адным з канцэртаў яго заўважыў Я. Купала і падараваў яму кнігу сваіх вершаў «Шляхам жыцця», з якой юнак не раставаўся на працягу доўгага часу.
У 1921–1925 гг. А. Александровіч вучыўся ў Мінскім педагагічным тэхнікуме, а ў 1930 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Малады паэт з’яўляўся адным з арганізатараў літаратурнага аб'яднання «Маладняк» (1923). У 1925 г. стаў рэдактарам часопіса «Малады араты», потым – намеснікам рэдактара газеты «Чырвоная Полаччына» і адказным сакратаром акруговай нацыянальнай камісіі. У 1932 г. прызначаны намеснікам старшыні аргкамітэта па ўтварэнні Саюза пісьменнікаў, прымаў удзел у першым Усесаюзным з'ездзе пісьменнікаў. У 1936 г. А. І. Александровіч абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі. Пэўны час Андрэй Іванавіч з’яўляўся дырэктарам Інстытута мовы АН БССР. Прымаў удзел у падрыхтоўцы рэформы правапісу беларускай мовы: пад яго рэдакцыяй быў выдадзены «Руска-беларускі слоўнік» (1937).
У 1938 г. паэт быў рэпрэсіраваны, адбываў пакаранне на Крайняй Поўначы, працаваў на будаўніцтве Нарыльскага металургічнага камбіната (1938–1947). Пасля скарачэння тэрміну зняволення працаваў літаратурным супрацоўнікам на Мінскім трактарным заводзе (1947). У 1949 г. быў зноў адпраўлены ў ссылку ў Краснаярскі край. Пасля рэабілітацыі ў 1955 г. жыў і працаваў у Мінску.
Літаратурная дзейнасць А. І. Александровіча пачалася яшчэ ў пачатку 1920-х гг. Першы яго верш «Ад беларускай моладзі» быў надрукаваны ў 1921 г. у газеце «Савецкая Беларусь». У 1925 г. выйшаў з друку першы зборнік паэта «Па беларускім бруку», у гэтым жа годзе – раман «Ваўчаняты» (напісаны ў суаўтарстве з А. Вольным і А. Дударам). Крыху пазней былі выдадзены кнігі паэзіі «Прозалаць» (1926), «Угрунь» (1927), «Фабрыка смерці» (1929) і інш. Сапраўдную славу маладому паэту прынёс верш «Сасна», які ўпершыню пабачыў свет у газеце «Звязда» ў 1927 г. Верш быў перакладзены на чэшскую, балгарскую, грузінскую, узбекскую, рускую і іншыя мовы.
У 1930-я гг. выйшлі з друку наступныя творы Андрэя Александровіча: «Паэма імя вызвалення» (1930), «Цені на сонцы» (1930), «Гудкі» (1930), «Нараджэнне чалавека» (1931), «Векапомная восень» (1933) і інш. Патрыятычная тэматыка адлюстравана ў паэтычным зборніку «Узброеныя песні» (1936). У1938–1955 гг. паэтам быў напісаны цыкл вершаў «Поўнач», прысвечаны яго жыццю ў ссылцы.
А. І. Александровіч займаўся таксама і перакладамі: пераклаў на беларускую мову паэму А. Пушкіна «Руслан і Людміла», шэраг твораў рускіх, украінскіх, літоўскіх паэтаў і празаікаў. Нямала напісана майстрам і для дзяцей: «Рыбак» (1928), «Горад раніцой» (1930), «Калыханка» (1930), «Хлопчык і певень» (1930), «Шчаслівая дарога» (1935), паэма-казка «У ноч на Новы год» (першапачатковая назва «Палярная ноч», 1937) і інш. Апошні твор ставіўся на сцэне мінскага Палаца піянераў (сёння Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі). Аўтарам музыкі да танцаў і песень у спектаклі выступіў знакаміты музыкальны дзеяч У. Тэраўскі.
Не страцілі сваёй значнасці ў цяперашні час і дзіцячыя вершы А. І. Александровіча «Месяц сеў на хмарку», «Працавітая дзяўчынка», «Хай кожны ведае» і інш. У вершы «Наш дзень» паэт навучае: «Дзецям з працай трэба знацца, пасабляй бацькам у працы!» і «Хочаш знаць усё і ўсіх – сябрам будзь цікавых кніг…»*. Дзіцячы вершык «Гарачы дзень» стаў адным з апошніх твораў паэта. Працаваў пісьменнік таксама і над аўтабіяграфічным творам «Маё маленства», але не паспеў яго скончыць.
Творчасць паэта А. І. Александровіча непарыўна звязана з усімі падзеямі грамадскага і літаратурнага жыцця нашай краіны. Як адзначаў знакаміты пісьменнік С. Грахоўскі, не было ў жыцці ніводнай важнай і актуальнай тэмы, на якую б не адгукнуўся вершаваным словам паэт Андрэй Іванавіч Александровіч.
* Творы / Андрэй Александровіч. Мінск, 1981. – С. 362–364.