Имена на других языках:
Голуб Владислав Иосифович (русский); Голубев Владислав Иосифович (русский); Голубок Владислав Иосифович (русский);
Криптонимы:
В.Г-к; Г-к; Г-у-к
5173 символа
Справка
Гісторыя беларускага тэатра першых двух дзесяцігоддзяў XX ст. цесна звязана з шматграннай дзейнасцю ў мастацтве Уладзіслава Іосіфавіча Галубка.
Нарадзіўся ён на станцыі Лясная пад Баранавічамі ў сям’і рабочага-чыгуначніка. Пазней сям’я пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Мінск, дзе загартоўваўся характар будучага пісьменніка і драматурга, акцёра і рэжысёра, мастака і музыканта, выхавальніка артыстычнай моладзі і арганізатара тэатральнай справы. Юнака з маленства цягнула да ведаў, мастацтва, і бацькі падтрымлівалі ў ім гэту цягу. Спачатку займаўся дома, затым – у царкоўнапрыходскай школе і Мінскім гарадскім вучылішчы. Пасля смерці бацькі хлопец узяў на сябе клопаты пра сям’ю. Працаваў грузчыкам, прыказчыкам у гастранамічным магазіне, потым слесарам у чыгуначным дэпо. У вольны ад працы час спрабаваў свае сілы ў музыцы, жывапісе, літаратуры. Захапленне выяўленчым мастацтвам прывяло У. Галубка да вядомага мінскага мастака Пракоф’ева, пад кіраўніцтвам якога ён працаваў каля двух гадоў. Пазней перайшоў у майстэрню мастакоў Сухоўскага і Яроменкі, атрымаў там даволі значную тэарэтычную і практычную падрыхтоўку. Вядомы яго карціны “Раніцай”, “Туманы”, “На рацэ Бярозе”, “Сож”. Мастацкая дзейнасць стала захапленнем на ўсё жыццё і адыграла асаблівую ролю ў час вандравання ўласнага тэатра: Уладзіслаў Іосіфавіч выступаў не толькі як рэжысёр і акцёр-выканаўца, але і як адзіны ў трупе мастак-дэкаратар.
Паспрабаваў свае сілы У. Галубок і ў літаратуры. Пісаў вершы, апавяданні. Першым было надрукавана апавяданне “На вяселле”, падпісанае псеўданімам Сымонка, якое з’явілася ў 1908 г. на старонках газеты “Наша ніва”. Пазней ён не карыстаўся гэтым псеўданімам, спыніўшыся на ласкавым Галубок. З гэтага часу імя маладога пісьменніка ўсё часцей і часцей з’яўлялася на старонках газет, часопісаў, альманахаў. Апавяданні “Абмылка вучонага”, “Навальніца”, “Мінуўшчына”, “Гонар” і іншыя прасякнуты глыбокім дэмакратызмам, напоўнены шчырым пачуццём да простага чалавека. Невялікія па аб’ёме творы нагадваюць драматычныя эцюды ці сцэнічныя абразкі. Адметнымі рысамі іх мастацкай пабудовы з’яўляюцца востры канфлікт, напружанасць дзеяння, унутраная насычанасць дыялогаў. У 1913 г. у Пецярбургу выйшаў першы зборнік У. Галубка “Апавяданні”. Асноўныя жанры, якія ён распрацоўваў, – камедыя і меладрама. Камедыйнае майстэрства яскрава праяўляецца ў п’есах “Пісаравы імяніны”, “Суд”, “Пінская мадонна”, “На курорце”, “Культурная цешча”. Меладраматычную лінію ў драматургіі У. Галубка пачынае драма “Апошняе спатканне”. Пасля былі напісаны “Ганка”, “Пан Сурынта”, “Плытагоны” і інш. Усяго ён стварыў каля 40 п’ес на гістарычныя, гісторыка-рэвалюцыйныя і бытавыя тэмы.
З найбольшай паўнатой раскрыўся талент У. Галубка ў тэатральнай дзейнасці, якая пачалася з узнікненнем ў 1917 г. Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Праз тры гады ён выступаў ужо як кіраўнік самастойнага тэатра. 10 жніўня 1920 г. адбыўся спектакль “Суд”. З гэтай даты і пачалося існаванне сцэнічнага калектыву, які спачатку называўся Трупай беларускіх артыстаў пад загадам Галубка, пазней – Другой беларускай дзяржаўнай трупай (з 1924 г.), затым – Беларускім дзяржаўным вандроўным тэатрам (з 1926 г.) і, нарэшце – Беларускім трэцім дзяржаўным тэатрам (БДТ-3) (з 1932 г.). Уладзіслаў Галубок стварыў глыбока самабытны, непаўторны тэатр, дзе набыткі народнага тэатра ўзнімаў да прафесійнага ўзроўню. Адначасова быў драматургам, рэжысёрам, акцёрам, мастаком-дэкаратарам, выконваў адміністрацыйныя абавязкі. Пастаўленыя ім спектаклі вызначаліся народнай сакавітасцю, маляўнічасцю, уражальнымі сцэнічнымі прыёмамі. Меладрамы выконваліся з пафасам, адкрытай эмацыянальнасцю, камедыі – з абыгрываннем смешных сітуацый. Пастаноўкі былі шчодра насычаны музыкай, песнямі, танцамі, выкарыстоўвалася ўмоўнае афармленне, што дастасоўвалася да канкрэтных умоў вандроўнага тэатра. Уладзіслаў Галубок выступаў і як акцёр, стварыўшы на беларускай сцэне шэраг яркіх мастацкіх вобразаў: Дзяка (“Пісаравы імяніны”), Лаўрэна Авечкі (“Суд”), Палкоўніка (“Ганка”), Сурынты (“Пан Сурынта”) і інш.
Сваім самаадданым служэннем тэатру У. Галубок заваяваў шчырае прызнанне і ўсеагульную любоў. Яму першаму па праву было прысвоена званне народнага артыста БССР (1928). Пра У. Галубка шмат напісана, ёсць сур’ёзныя навуковыя даследаванні яго творчай дзейнасці, выдадзены збор твораў. Да 100-годдзя з дня нараджэння на кінастудыі “Беларусьфільм” створана дакументальная стужка “Уладзіслаў Галубок”, у якой выкарыстаны хранікальныя кадры 1920-х гг., матэрыялы тагачасных часопісаў, газет і дакументаў. У 1982 г. у Мінску адкрыта тэатральная “Гасцёўня Уладзіслава Галубка” – філіял Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь. На сённяшні дзень тут размешчана фондасховішча музея і працуе навукова-фондавы аддзел, а для наведвальнікаў дзейнічае пастаянная экспазіцыя “Жыццёвы і творчы шлях першага народнага артыста Беларусі Уладзіслава Галубка”. Акрамя гэтага, у гасцёўні маецца выставачная зала, у якой арганізуюцца разнастайныя тэматычныя выстаўкі, праходзяць цікавыя мерапрыемствы, музычныя вечары, батлеечныя інтэрмедыі.