Краткая справка:
фалькларыст, літаратуразнавец, літаратурны і тэатральны крытык
Псевдонимы:
Голуб; Горскі Э.; Эдуард У.
Имена на других языках:
Голубок Эдуард Владиславович (русский);
Криптонимы:
Г-ок
1760 символов
Справка
Эдуард Уладзіслававіч Галубок нарадзіўся ў Мінску ў сям’і вядомага беларускага тэатральнага дзеяча і мастака У. І. Галубка. З самага ўтварэння Трупы беларускіх артыстаў (БДТ-3), арганізаванай бацькам у 1920 г., прымаў актыўны ўдзел у яе спектаклях. Тэатр стаў для маладога чалавека сапраўднай школай жыцця і выхавання.
Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1930) Э. У. Галубок працаваў навуковым супрацоўнікам секцыі этнаграфіі і фальклору ў Інстытуце літаратуры і мастацтва (1931–1933), з 1934 па 1941 г. у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук БССР. Малады вучоны даследаваў беларускі фальклор і літаратуру, збіраў розныя жанры беларускай вусна-паэтычнай творчасці. Ён стаў складальнікам зборнікаў “Дарэвалюцыйная і Савецкая Беларусь у народнай творчасці” (1938), “Беларускі народ супраць папоў і рэлігіі” (1939, сумесна з А. Калечыцам), “Жанчына ў беларускай народнай творчасці” (1940, сумесна з А. Калечыцам і Н. Багдановіч). У 1939 г. фалькларыст удзельнічаў у навукова-даследчай экспедыцыі Акадэміі навук у Нясвіжскі замак. Падрыхтаваў да абароны кандыдацкую дысертацыю па беларускай драматургіі, аднак абараніць яе не змог з-за арышту бацькі ў 1937 г.
У 1930-я гг. Э. У. Галубок выступаў і як тэатральны крытык. Ён з'яўляецца аўтарам артыкулаў “Каштоўны ўклад у беларускую драматургію” (1934), “Творчасць Я. Купалы ў ацэнцы крытыкі” (1935) і інш. Пісаў таксама тэатральныя рэцэнзіі. Падрыхтаваў да друку кнігі “Шлях развіцця БДТ-3” і “Мастацкае выхаванне ў сістэме нашай школы”(рукапісы зніклі ў Беларускім дзяржаўным выдавецтве).
Эдуард Уладзіслававіч удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Ён загінуў на фронце ў 1943 г. Месца яго гібелі і дакладная дата невядомы.