Дата рождения: 06.02.1914 Саматэвічы, в., Клімавіцкі павет, Магілёўская губерня (цяпер Касцюковіцкі раён, Магілёўская вобласць)
Дата смерти: 04.02.1978
Краткая справка: паэт, перакладчык, сцэнарыст, народны паэт Беларусі, заслужаны работнік культуры Украіны, выдатнік кінематаграфіі СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946, 1949), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1970), прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, кавалер ордэна Леніна (двойчы), Чырвонага Сцяга
Псевдонимы: Амсціслаўцы; Дуда Арк.; Дуда Аркадзь; Жытнёвы Аркадзь; Казарлюга Апанас; Качкін Язэп; Мсціслаўцы
Имена на других языках: Кулешов Аркадий Александрович (русский);
Криптонимы: А.К. і Ю.Т.
У беларускай літаратуры ёсць творы самых розных жанраў, якія стаяць упоравень з найлепшымі здабыткамі прыгожага пісьменства сусветнага масштабу. Сярод паэтычных узвышшаў айчыннай літаратуры ХХ ст. адно з пачэсных месцаў займае вершаванае слова Аркадзя Куляшова. Ён узбагаціў не толькі беларускую, але і шматнацыянальную савецкую паэзію непаўторнымі лірычнымі творамі, спавядальна-філасофскімі маналогамі, пафасна-публіцыстычнымі вершамі, выдатнымі паэмамі аб мінулым і сучаснасці.
Аркадзь Куляшоў – паэт-патрыёт, паэт-воін – чалавек, які беззапаветна любіў сваю родную зямлю, які не ўяўляў сабе жыцця без яе, быў гатовы бараніць яе “штыком і пяром”. З самых першых друкаваных твораў, якія з’явіліся ў канцы 1920-х гг. больш за паўстагоддзя паэт услаўляў свой родны край, сваю Бацькаўшчыну. У 1926 г. на старонках клімавіцкай акруговай газеты “Наш працаўнік” быў надрукаваны першы верш А. Куляшова “Ты, мой брат”, а ў 1930 г. у шаснаццацігадовым узросце ён выдаў свой першы зборнік вершаў “Росквіт зямлі”. Праз два гады былі надрукаваны яшчэ дзве кнігі: “Па песню, па сонца!..” і “Медзі дождж”. У наступныя гады яго вершы змяшчаліся ў часопісах “Чырвоны сейбіт“, “Маладняк“, “Полымя“, газеце “Чырвоная змена“. Творы маладога паэта былі прыхільна сустрэты крытыкай, бо адразу было відаць, што ў літаратуру прыйшоў таленавіты, неардынарны паэт са сваім непаўторным успрыняццем жыцця і свайго месца ў ім.
Пасля была вучоба ў Беларускім вышэйшым педагагічным інстытуце і плённая паэтычная праца. З’явіліся новыя зборнікі вершаў і паэм, якія расказвалі пра тое, што аўтар асабіста добра ведаў. Этапным творам А. Куляшова, які сведчыў аб сталасці паэта, стала яго паэма “У зялёнай дуброве” (1938–1939), блізкая па сваёй праблематыцы да Купалавай “Над ракой Арэсай” і паэмы А. Твардоўскага “Краіна Муравія”.
Талент паэта вельмі ярка праявіўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адступленне нашых войск, жорсткія налёты фашысцкай авіяцыі, разбурэнні і шматлікія чалавечыя ахвяры – усё гэта ўразіла душу паэта сваім трагізмам і не магло не выліцца ў яго паэзіі. У гэты час А. Куляшоў – карэспандэнт армейскай газеты “Знамя Советов” – аказаўся на вышыні свайго абавязку: выдатнымі ўзорамі патрыятычнай лірыкі гэтай пары сталі яго вершы “Млынар”, “Балада аб чатырох заложніках”, “Над брацкай магілай”, “Ліст з палону”, “Камсамольскі білет”, “Маці”, “Балада аб знойдзенай падкове” і інш. У 1942 г. была напісана, а ў 1943 г. у часопісе “Знамя” пабачыла свет паэма А. Куляшова “Сцяг брыгады” – першы буйны твор аб Вялікай Айчыннай вайне ва ўсёй савецкай літаратуры. У 1946 г. твор быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР (у той час Сталінская прэмія І ступені). У ваенны час паэт напісаў таксама такія значныя творы, як “Прыгоды цымбал” (1943–1944) і “Дом № 24” (1944). Вялікі ўклад зрабіў паэт у беларускую ваенную песенную лірыку. Ён увёў у нацыянальную паэзію, а потым і песню сапраўдны драматызм суровай народнай балады. Найлепшымі ўзорамі такіх твораў з’яўляюцца “Камсамольскі білет” і “Балада аб чатырох заложніках”, музыку для якіх напісаў У. Мулявін. Радзіма высока ацаніла творчую працу паэта: ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга (1943), медалямі “За баявыя заслугі” (1942),“Партызану Айчыннай вайны” І ступені (1945), “За доблесную працу ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг.” (1946).
Паэзія А. Куляшова пасляваеннага часу развівалася ў рэчышчы тагачаснага літаратурнага працэсу, але і тады яна вызначалася інтэлектуалізмам, які разам з палкім грамадзянскім пафасам выдзяляў яе з агульнага патоку. З-пад пяра майстра слова выйшлі такія паэмы, як “Новае рэчышча” (1948, Дзяржаўная прэмія СССР 1949), “Простыя людзі” (1949), “Толькі ўперад” (1950), “Грозная пушча” (1955). За дзве апошнія, а таксама за паэму “Песня аб слаўным паходзе” (1935–1951) і вершы ў перыёдыцы паэт атрымаў у 1968 г. прэмію Ленінскага камсамола Беларусі. Значнай вяхой на творчым шляху А. Куляшова сталі яго вершы, якія спачатку друкаваліся ў перыёдыцы пад агульнай назвай “З новай кнігі”. У 1964 г. яны былі ўключаны пад гэтай жа назвай у другі том “Выбраных твораў” паэта, а ў 1966 г. выйшлі асобнай кнігай у перакладзе на рускую мову Я. Хелемскага. У гэтых вершах, якія сталі пачаткам выхаду ўсёй беларускай паэзіі на новыя рубяжы, удала выявілася філасофская глыбіня паэзіі А. Куляшова, яго імкненне да ўсебаковага асэнсавання складаных жыццёвых з’яў, да максімальна поўнага выяўлення маральна-псіхалагічнага вопыту сучасніка ў багацці яго духоўнай культуры. Аб чым бы ні пісаў паэт, ён глядзеў на праблему вачыма чалавека новай, касмічнай эры. У 1968 г. А. Куляшоў атрымаў высокае званне – народны паэт БССР.
З гадамі філасофская аснова паэзіі А.Куляшова істотна паглыбілася, што знайшло сваё адлюстраванне ў вершах і паэмах “Цунамі” (1968) і “Далёка да акіяна” (1969) са зборніка “Сасна і бяроза” (1970).
У 1976 г. пабачыла свет апошняя кніга А. Куляшова “Хуткасць”. У яе ўвайшлі паэмы “Варшаўскі шлях” і “Хамуціус”, вершы. У кнізе гучыць адчуванне няспыннага паскарэння бегу часу, які мяняе жыццё, свет, чалавека.
Ёсць хуткасць гуку, ёсць – звышгукавая,
Ёсць хуткасць зор, прыкметная для ўсіх.
Яшчэ ёсць хуткасць думкі, хуткасць тая,
Што, як святло, стагоддзе абганяе,
З тысячагоддзем размаўляе ўслых.
“Хуткасць”.
Значнай падзеяй у літаратуры стала паэма “Варшаўскі шлях” (1972–1973), прысвечаная памяці А. Твардоўскага – першага чытача твораў А. Куляшова, рэдактара, крытыка і лепшага сябра. Твор А. Куляшова – не толькі расказ “пра час і пра сябе”, але і рэквіем Твардоўскаму, сабе і ўсім сапраўдным паэтам усіх часоў.
Драматычная паэма пра лёс і подзвіг К. Каліноўскага “Хамуціус” – яшчэ адно магутнае адгалінаванне на дрэве паэтычнага эпасу А. Куляшова. Гэты твор – вяршыня і вянец творчасці паэта, сведчанне таго, што ён не толькі ішоў упоравень з часам, але і апярэджваў яго. “Хамуціус” – паэма-запавет, які разам з іншымі сваімі творамі аўтар пакінуў сваім нашчадкам.
Спадчына А. Куляшова – яскравы этап развіцця не толькі нацыянальнай паэзіі ў цэлым, але і беларускай песеннай лірыкі ў прыватнасці. Песня ўвайшла ў жыццё А. Куляшова з дзяцінства. Сын вясковых настаўнікаў – Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў – вельмі рана адчуў у сабе паэтычны дар: першыя спробы складання вершаў пачаліся, калі паэту было толькі чатыры гадкі! Схільнасць да спеваў, музыкі слова перадаліся А. Куляшову ад бацькоў. Бацька паэта ў маладосці пэўны час жыў у Маскве і спяваў у народнай оперы. Пявунняй была і маці паэта, Кацярына Фамінічна Ратабыльская. Станаўленне А. Куляшова як паэта ішло поруч з песняй, што падцвярджаюць радкі і загалоўкі паасобных твораў нават самага ранняга перыяду: “Песня перамог” (1929), “Па песню, па сонца!..” (1930), “Сустракайце маладых песнямі” (1931), “Песня аб слаўным паходзе” (1936), “Песня лістаносца” (1939) і інш. Шэраг вершаў паэта пакладзены на музыку. З усіх песень, створаных на словы А. Куляшова, найперш згадваецца “Алеся”. Мала хто не ведае сёння радкі з гэтай песні, у аснову якой кампазітарам І. Лучанком пакладзены верш “Бывай…”, напісаны чатырнаццацігадовым паэтам у 1928 г.:
Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.
Аркадзь Куляшоў – паэт глыбока лірычны, які стварыў свой непаўторны паэтычны свет і даказаў, што музыка і слова – раўназначныя і роўнавялікія, як два крылы, на якія абапіраецца птушка натхнення.
На працягу ўсёй сваёй творчасці паэт добра і многа перакладаў. На беларускай мове гучыць у яго перакладзе “Яўгеній Анегін” і “Цыганы” А. Пушкіна, лірыка М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, С. Ясеніна, У. Маякоўскага, А. Твардоўскага, М. Рыльскага, М. Нагнібяды. У 1970 г. пераклады кніг “Выбраная паэзія” М. Лермантава, “Энеіда” І. Катлярэўскага, “Спеў аб Гаяваце” Г. Лангфела былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Купалы.
Аркадзь Куляшоў спрабаваў свае сілы і ў прозе. Ён – аўтар шэрагу артыкулаў пра творчасць беларускіх пісьменнікаў, некалькіх сцэнарыяў для кінастудыі “Беларусьфільм“ (“Чырвонае лісце“ сумесна з А. Кучарам, “Першыя выпрабаванні“ (паводле трылогіі Я. Коласа “На ростанях“) і “Запомнім гэты дзень“ (аб Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі) у суаўтарстве з М. Лужаніным). Творчыя поспехі ў галіне кінематаграфіі былі адзначаны ганаровым знакам “Выдатнік кінематаграфіі СССР” (1967). Жыццю і творчасці знакамітага паэта прысвечаны дакументальныя фільмы “Край крынічны” (1972), “… І кружыцца планета Куляшова“ (2004).
Народны паэт Беларусі, аўтар соцень вершаў і дзясяткаў паэм, яркі прадстаўнік паэзіі савецкай эпохі беларускай літаратуры А. Куляшоў быў адным з самых таленавітых і шырока вядомых беларускіх паэтаў ХХ стагоддзя. Выдатны майстар слова, мастак высокай культуры, ён у сваёй творчасці выявіў лёс цэлага пакалення, да якога належаў і сам. Творы яго не старэюць, зробленае ім назаўсёды застанецца ў скарбніцы нацыянальнай культуры.
У 1984 г. у родным сяле паэта быў адкрыты Літаратурны музей Аркадзя Куляшова, яго імя носіць Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт і вуліца ў Магілёве.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.