Дата рождения: 15.02.1904 Мінск, г.
Дата смерти: 23.05.1980
Краткая справка: артыстка оперы, рэжысёр, грамадскі дзеяч, народная артыстка Беларусі і СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1941), уладальніца ордэна Леніна
Имена на других языках: Александровская Лариса Помпеевна (русский);
У гісторыі беларускай нацыянальнай культуры цэлую эпоху ўвасабляе бліскучая камерная і оперная спявачка, уладальніца ўнікальнага па дыяпазоне і тэмбры голасу, папулярная актрыса і буйны грамадскі дзеяч Ларыса Александроўская. Яна пражыла жыццё, поўнае разнастайных перажыванняў і падзей, простае і незвычайнае адначасова: ад сціплай удзельніцы чырвонаармейскай мастацкай самадзейнасці да лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, народнай артысткі БССР і СССР, ад радавой грамадзянкі – да дэпутата Вярхоўнага Савета СССР. Аднак галоўным у яе жыцці была песня.
Песня ўвайшла ў жыццё Ларысы Александроўскай з ранняга дзяцінства. Бацькі яе былі музыкальнымі людзьмі: у іх доме пад акампанемент балалайкі, мандаліны ці гітары выконваліся народныя беларускія песні, гучалі грамзапісы Ф. Шаляпіна, Я. Кубеліка, П. Цясевіча, В. Панінай. Пасля пераезду сям’і ў Петраград Ларыса Александроўская сур’ёзна захапілася вакалам і нават здала экзамены ў кансерваторыю, але атрымаць вышэйшую музычную адукацыю ёй не давялося. Абставіны склаліся так, што дзяўчына зноў апынулася ў Мінску. Спявала ў царкве, працавала ў напаўпрафесійным беларускім тэатры, які потым атрымаў статус трупы тэатра Галоўпалітасветы Заходняга фронту. Сістэматычна вучыцца спевам Ларыса пачала толькі ў 1924 г., калі ў Мінску адкрыўся Беларускі музычны тэхнікум. Займалася ў класе славутага прафесара В.А. Цвяткова. У 1927 г. маладая артыстка бліскуча дэбютавала на Міжнароднай музычнай выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне. У ліку лепшых савецкіх артыстаў Ларысу Александроўскую запрасілі ў канцэртнае турнэ па Германіі і Швецыі. Гэта паездка стала трыумфам не толькі маладой спявачкі, але і беларускай народнай песні. Пасля вяртання з паездкі Л. Александроўская прадоўжыла заняткі ў тэхнікуме. У дыпломным спектаклі “Фауст” Ш. Гуно, першай оперы на беларускай мове, пастаўленай выхаванцамі тэхнікума, яна выконвала партыю Маргарыты.
А далей была бліскучая артыстычная кар’ера, за якой стаяла цяжкая, да знямогі, праца. Талент спявачкі аказаўся на рэдкасць шматгранным: шырокі дыяпазон голасу даваў магчымасць выконваць і сапранавыя, і мецца-сапранавыя партыі; музыкальнасць, драматычны тэмперамент, глыбокае веданне жыцця абумовілі моцнае эмацыянальнае ўздзеянне на гледачоў. У маі 1933 г., падчас адкрыцця Беларускага тэатра оперы і балета, Ларыса Пампееўна бліскуча выканала галоўную партыю ў оперы “Кармэн” Ж. Бізэ, якая вылучыла яе ў шэраг лепшых оперных артыстаў Савецкага Саюза. Услед за Кармэн Александроўская стварыла шэраг запамінальных жаночых вобразаў: Таццяны ў “Яўгеніі Анегіне”, Лізы і графіні ў “Пікавай даме” П. Чайкоўскага, Яраслаўны ў “Князі Ігары” А. Барадзіна, Наташы ў “Русалцы” А. Даргамыжскага, Любашы ў “Царскай нявесце” М. Рымскага-Корсакава і інш. Яркі след у нацыянальным оперным мастацтве пакінулі яе выступленні ў операх беларускіх кампазітараў. У “Міхасі Падгорным” Я. Цікоцкага спявачка ўпершыню выступіла ў ролі беларускай дзяўчыны Марысі. Дарэчы, адна з арый гэтай оперы – па-майстэрску выкананая Л. Александроўскай “Перапёлачка” – набыла славутую вядомасць. Пасля былі Алеся з аднайменнай оперы Я. Цікоцкага, Марыя з “Кастуся Каліноўскага” Д. Лукаса, Надзейка з “Кветкі шчасця” А. Туранкова.
На працягу дзесяці год (1951–1960) Александроўская была галоўным рэжысёрам Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Беларусі. Ёй належаць пастаноўкі опер “Мазепа” і “Пікавая дама” П. Чайкоўскага, “Барыс Гадуноў” М. Мусаргскага, “Трубадур”, “Травіата” і “Аіда” Дж. Вэрдзі, “Страшны двор” С. Манюшкі, “Надзея Дурава” А. Багатырова і інш. Шмат выступала Л. Александроўская як канцэртная спявачка. Была адным з арганізатараў Беларускага тэатральнага аб’яднання (БТА): з 1946 г. узначальвала гэта аб’яднанне, а з 1976 г. з’яўлялася ганаровым старшынёй прэзідыума БТА.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2004 г.