Дата рождения: 21.05.1869 Арменія
Дата смерти: 27.12.1964 Мінск, г.
Краткая справка: кампазітар, фалькларыст, адзін з заснавальнікаў беларускай прафесійнай музыкі, народны артыст Беларусі, узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам «Знак Пашаны», медалямі
Имена на других языках: Чуркин Николай Николаевич (русский);
Мікалай Мікалаевіч Чуркін, адзін з заснавальнікаў беларускай кампазітарскай школы, пачынальнік нацыянальнага жанравага сімфанізму, выдатны фалькларыст, унёс значны ўклад у развіццё беларускай музычнай культуры.
Нарадзіўся ён у мястэчку Джэлал-Аглы (былая Тыфліская губерня, зараз г. Сцепанаван у Арменіі) у сям’і селяніна. З дзяцінства вылучаўся рознабаковым талентам: спяваў у школьным хоры, іграў на многіх інструментах, маляваў дэкарацыі да аматарскіх спектакляў. У 1881 г. паступіў у Тыфліскую ваенна-фельчарскую школу, дзе адначасова з выкладаннем спецыяльных прадметаў вялікая ўвага надавалася музыцы і маляванню. Пасля заканчэння вучобы М. Чуркін некаторы час працаваў кіраўніком аркестра, які быў арганізаваны пры школе. У 1888 г. ён паступіў у Тыфліскае музычнае вучылішча Рускага музычнага таварыства (займаўся ў класе кампазіцыі М. Іпалітава-Іванава). У 1892 г. М. Чуркін скончыў вучобу і быў накіраваны ў Баку. На працягу 11 гадоў настаўнічаў, кіраваў аматарскімі харавымі калектывамі, самастойна вывучаў фартэпіяна і смычковыя інструменты, наведваў клас спеваў, займаўся апрацоўкай рускіх, украінскіх, азербайджанскіх, грузінскіх і армянскіх песень. Знаходзячыся ў Баку, М. Чуркін завочна вучыўся ў Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў (скончыў чатырохгадовы курс). У 1903 г. ён пераехаў у Коўна, дзе выкладаў маляванне і чарчэнне ў рамесным вучылішчы. Праз два гады атрымаў запрашэнне на працу ў Віленскі настаўніцкі інстытут. У 1908 г. у Вільні пазнаёміўся з вядомым этнографам Е. Раманавым, пад уплывам якога зацікавіўся фальклорам і пачаў збіраць мелодыі беларускіх песень і танцаў. Частка з іх (53 творы) у запісе і апрацоўцы кампазітара змешчана ў «Беларускім зборніку» Е. Раманава (вып. 7, 1910).
З 1914 г. жыццё М. Чуркіна было звязана з Магілёўшчынай. Ён выкладаў музыку, спевы, маляванне ў настаўніцкай семінарыі і агульнаадукацыйных школах Мсціслава, кіраваў мастацкай самадзейнасцю, арганізаваў з мясцовых музыкантаў духавы аркестр. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі М. Чуркін загадваў музычнай падсекцыяй павятовага выканкама, прымаў актыўны ўдзел у рабоце грамадскага савета музея гісторыі, таварыства «Аховы прыроды і старажытнасцей», геаграфічнага таварыства, займаўся кампазітарскай дзейнасцю. Крыніцай творчага натхнення стала паэзія Я. Купалы, Я. Коласа, Я. Журбы, К. Буйло і іншых паэтаў, на вершы якіх былі напісаны рамансы і песні. У Мсціславе М. Чуркін стварыў першую беларускую оперу на рэвалюцыйную тэму «Вызваленне працы» (1922). У 1924 г. кампазітар пераехаў у Магілёў. Ён выкладаў музыку і спевы ў Магілёўскім педагагічным тэхнікуме, працаваў у вайсковых часцях, Саюзе работнікаў асветы, працягваў пісаць музычныя творы і збіраць фальклор. Менавіта багацце народных песень стала асновай самага вядомага твора М. Чуркіна – знакамітай сімфаньеты «Беларускія карцінкі» (1925), якая лічыцца адным з першых нацыянальных сімфанічных твораў. Яна атрымала прызнанне слухачоў і гучала на дэкадах беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве (1940, 1955). У Магілёве кампазітар напісаў таксама некалькі камерна-інструментальных твораў, сярод якіх – п’еса для струннага квартэта «Калыханка» (1927). У 1935 г. М. Чуркін пераехаў у Мінск, дзе пачаўся самы плённы перыяд яго кампазітарскай дзейнасці. Сярод твораў, напісаных у гэты час, – музычная камедыя «Кок-сагыз» (1939), дзіцячая радыёопера «Рукавічка» (1941), шматлікія хоры, рамансы, песні і інш. У гады Вялікай Айчыннай вайны кампазітар знаходзіўся ў эвакуацыі ў Ленінабадзе (цяпер г. Худжант у Таджыкістане). Там сабраў каля 50 народных таджыкскіх мелодый, на аснове якіх напісаў музыку да п’есы «Легенда аб Мухамедзі». У 1944 г. стварыў сімфанічную сюіту «Памяці Вялікай Айчыннай вайны» (1944), дзе гучаць таджыкскія і беларускія мелодыі. У 1945 г. М. Чуркін вярнуўся ў Мінск. Ён працягваў выкладчыцкую і кампазітарскую дзейнасць, удзельнічаў у фальклорных экспедыцыях. У гонар 30-годдзя БССР напісаў марш для духавога аркестра (1948), уверцюру «Памяці Янкі Купалы» (1952), сюіту «Мары аб Палессі» (1953), квартэтныя мініяцюры. Найбольш значным творам пасляваеннага перыяду стала «Танцавальная сюіта» (1950) для сімфанічнага аркестра. Кампазітар плённа супрацоўнічаў з тэатрам. У 1947 г. у Бабруйску была пастаўлена камедыя М. Чуркіна «Песня Бярэзіны». Ён з’яўляецца таксама аўтарам музыкі да спектакляў «Рускія людзі» К. Сіманава (1942), «Раскіданае гняздо» Я. Купалы і «Рэпка» П. Малярэўскага (1951).
Больш чым за 70 гадоў дзейнасці М. Чуркін напісаў вялікую колькасць разнастайных па жанры музычных твораў, сабраў больш за 3 тыс. мелодый народных песень і танцаў (беларускіх, грузінскіх, армянскіх, азербайджанскіх, польскіх, літоўскіх, таджыкскіх), склаў зборнікі «Беларускія народныя песні і танцы» (1949) і «Беларускія народныя песні» (1959). У 1940 г. ён атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, у 1949 г. стаў народным артыстам БССР. Кампазітар узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1949, 1955), ордэнам «Знак Пашаны» (1940), медалямі. Яго імя прысвоена Мсціслаўскай музычнай школе, у горадзе праводзіцца Рэспубліканскі фестываль мастацтваў імя М. Чуркіна. У Мінску на доме, дзе жыў кампазітар, устаноўлена мемарыяльная дошка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.