Имена на других языках:
Jelski Aleksander (польский); Ельский Александр Карлович (русский);
Криптонимы:
1(?); A.j.
5852 символа
Справка
Аляксандр Карлавіч Ельскі – выдатны дзеяч беларускай культуры, які пакінуў адметны след у літаратуры і краязнаўстве, займаўся збіральніцтвам гістарычных каштоўнасцей і помнікаў пісьменства. Сваёй шматграннай дзейнасцю вучоны імкнуўся раскрыць свету эстэтычнае хараство і веліч беларускага народа, яго нацыянальную самабытнасць і багатую мінуўшчыну.
Нарадзіўся А. Ельскі ў в. Дудзічы Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) у сям’і памешчыка. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома, потым вучыўся ў нямецкай школе ў Лясдэнене (Прусія). У 1852 г. скончыў Мінскую гімназію і паступіў на вайсковую службу, якую праходзіў у рускай арміі. Удзельнічаў у Крымскай вайне 1853–1856 гг. У чыне паручніка выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў в. Замосце на Ігуменшчыне, дзе пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну фальварак. У сваім маёнтку А. Ельскі пабудаваў драўляны дом і капліцу. Шмат намаганняў прыкладаў, каб павысіць культуру земляробства і жывёлагадоўлі, займаўся меліярацыяй, агародніцтвам, садаводствам, рыбалоўствам, прымаў меры для павышэння ўрадлівасці зямлі. Актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці: з’яўляўся міравым суддзёй у Ігуменскім павеце (з 1861 г.), членам апякунскага савета рэальнай гімназіі ў Мінску (1882–1887), з 1901 г. ганаровым куратарам павятовага Таварыства ўзаемастрахоўкі ад пажару.
Больш за ўсё А. Ельскага прываблівалі гісторыя і культура Беларусі. У Замосці ён заняўся стварэннем літаратурна-краязнаўчага музея. Збіраючы матэрыялы, вёў шырокую перапіску з дзеячамі навукі і культуры Расіі, Польшчы, Літвы і замежных краін. Сярод яго адрасатаў былі В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч, А. Кіркор, В. Каратынскі, Я. Карловіч, Ю. Крашэўскі і інш. З 1864 г. музей пачаў дзейнічаць. У ім былі сабраны каштоўныя экспанаты. Сярод іх – карціны, гравюры, малюнкі і эскізы як мясцовых мастакоў, так і заходнееўрапейскіх майстроў выяўленчага мастацтва; рэдкія вырабы з фарфору, косці, шкла, дрэва; калекцыі слуцкіх паясоў, гадзіннікаў, мэблі; археалагічныя, нумізматычныя, этнаграфічныя зборы. Захоўваліся папкі з рукапісамі знакамітых людзей – французскага караля Людовіка XVI і яго жонкі Марыі Антуанеты, Напалеона Банапарта, рускіх цароў Паўла і Пятра І, аўтографы А. Міцкевіча. Музей А. Ельскага ведалі ў Польшчы, Расіі і іншых краінах. У кнізе наведвальнікаў былі запісы на рускай, польскай, французскай, нямецкай, дацкай, беларускай і іншых мовах.
Асобнае месца ў зборах займала бібліятэка, якая налічвала звыш 10 тыс. адзінак. Сярод іх – рэдкія беларускія старадрукі, летапісы, хронікі, геаграфічныя карты, атласы, усе выданні Статута Вялікага Княства Літоўскага, прыжыццёвыя выданні А. Міцкевіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, А. Кіркора, а таксама запісы беларускага фальклору, зробленыя А. Ельскім і яго дачкой Алесяй. Унікальны музей і багатая бібліятэка ў Замосці, на жаль, не захаваліся. Зберагліся толькі тыя экзэмпляры, якія А. Ельскі ў 1900 г. падарыў бібліятэцы Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве, і экспанаты, ахвяраваныя вучоным кафедры археалогіі гэтага ўніверсітэта. Частка рукапісных і кніжных збораў трапілі ў музеі і архівы Вільнюса, Мінска і Варшавы.
Вучоны займаўся і літаратурна-публіцыстычнай дзейнасцю, якую пачаў з допісаў у газету “Віленскі веснік” (“Kurjer Wilenski”). Артыкулы былі прысвечаны пераважна вызваленню сялян ад прыгону. Плённа супрацоўнічаў і з польскай пецярбургскай газетай “Край” (“Kpaj”), дзе перыядычна з’яўляліся яго “Лісты з правінцыі” (пра жыццё Міншчыны), а таксама друкаваліся нарысы, артыкулы і грунтоўныя навуковыя даследаванні на беларускай, польскай і рускай мовах.
Аляксандра Ельскага па праву можна лічыць заснавальнікам навуковага беларусазнаўства. Ён першы заняўся ўсебаковым і сапраўды глыбокім даследаваннем гісторыі, мовы, літаратуры, матэрыяльнай культуры, этнаграфіі, прамысловасці і сельскай гаспадаркі беларусаў як самастойнага народа ў славянскім свеце. Гэта знайшло адлюстраванне ў працах на польскай мове “Пра беларускую гаворку” (1885), “Слоўца пра матэрыялы для вывучэння беларускай гаворкі, этнаграфіі і літаратуры” (1886), “Беларуская літаратура і бібліяграфія” (1892), “Нарыс гісторыі мясцовай гаспадаркі ў супастаўленні з народнымі звычаямі ад першабытных да апошніх часоў” (т. 1–2, 1893–1897), “Гістарычныя звесткі пра радзівілаўскую ткальню паясоў у Слуцку” (1893), “Гістарычныя звесткі пра фабрыку шкла і аздобных люстэрак у радзівілаўскім Урэччы на Літве” (1899) і інш. Вучоны з’яўляўся таксама аўтарам каля 10 тыс. гісторыка-краязнаўчых артыкулаў для “Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў” і “Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі”, у якіх апісваў мясцовасці многіх беларускіх паветаў. Ад прыроды таленавіты, А. Ельскі займаўся рознымі відамі культурна-асветніцкай дзейнасці. Перакладаў на беларускую мову А. Міцкевіча, А. Мальчэўскага, Ю. Супінскага і іншых; з’яўляўся аўтарам некалькіх беларускамоўных мастацкіх і публіцыстычных твораў, апублікаваных пры жыцці асобнымі кніжкамі: “Сынок! Расказ з праўдзівага здарэння. Усім бацькам і дзецям для перасцярогі” (1895), “Выбіраймася ў прочкі! Скарэй у Томск!” (1896), “Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцці і смерці п’яніцы: добраму беларускаму народу на пакрапленне яго душы і розуму расказаў прыяцель яго папячыцель трэзвасці А. І.” (1900) і інш. Многія яго рукапісныя творы і кніжныя зборы захоўваюцца ў Варшаве, Кракаве, асобныя з іх – у Мінску і Вільнюсе.
Шматгранная навукова-даследчая, літаратурная, асветніцкая і грамадская дзейнасць А. Ельскага набыла вядомасць і прызнанне яшчэ пры жыцці. Ён стаў членам Імператарскага Вольнага эканамічнага таварыства ў Пецярбургу (1877), правадзейным членам Камісіі гісторыі мастацтва філалагічнага аддзялення Акадэміі навук у Кракаве і членам гістарычнай камісіі (1892). Па малюнку І. Урублеўскага быў адліты медаль А. Ельскага.