Краткая справка: шляхецкі род герба “Пелеш”
На Беларусі род Ельскіх стаў вядомы праз асобы выдатных дзеячаў на ніве навукі, культуры і мастацтва другой паловы ХІХ–пач. ХХ ст. Аднак гісторыя гэтага роду пачынаецца з больш старажытных часоў. Расійская геральдыка сведчыць, што продкі Ельскіх ужо з 1570 г. валодалі нерухомасцю, землямі, маёнткамі, дараванымі польскімі каралямі, а шляхецтва яны атрымалі за ваенныя заслугі.
“Найбольш старым вядомым прашчурам роду з’яўляецца Вінцэнт Ельскі герба “Пелеш”, прыкладна 1500 г. нараджэння”, продкі якога прыйшлі “ў канцы XV ст. праз Францыю з Італіі ў Тарунь на Вісле”. Неўзабаве нашчадкі Вінцэнта рассяліліся па тэрыторыі Беларусі. У розных месцах нашай рэспублікі захаваліся ў выглядзе фрагментаў сядзібы Ельскіх (Масаляны, Дудзічы, Замосце, Ляды, Ігнацічы, Хацькоўцы), вядомыя ў мінулым архітэктурныя ансамблі з вялікімі садамі і паркамі.
Радавод беларускіх Ельскіх пачынаецца ад Канстанціна (нарадзіўся каля 1530 г.), які ўпамінаецца ў аршанскіх актах у 1575–1590 гг. Па некаторых крыніцах продкам, папярэднікам Канстанціна быў яго брат – шляхціц Станіслаў па мянушцы “Пелеш” (польск. – птушынае гняздо, логава звера). Ён згадваецца ў аршанскіх актах за 1570–1610 гг. Сыны Канстанціна Цярэнцій (Шчасны, Шчэсны) і Гаўрыла (Габрыэль) мелі прывілеі польскага караля Стэфана Баторыя (ад ліпеня 1578 г.) на зямлю пры вёсках Глінішча і Крыніца Гродзенскага павета.
На жаль, звестак аб нашчадках Цярэнція не выяўлена. Вядома, што яго сын Раман займаў у 1617 г. пасаду пінскага войскага. Пасля смерці Рамана Ельскага яго жонка Кацярына Саламярэцкая падалася ў манастыр св. Барбары ў Пінску.
Радавая лінія ад Гаўрылы выглядала так: яго сын Іосіф (мазырскі стольнік і староста), праўнук – Мікалай Сцяпанаў (пінскі стольнік), потым Іосіф Сцяпанаў, далей яго сын Уладзіслаў (1710–1762) – пінскі староста, пазней брэсцкі ваявода, які трагічна загінуў у Нясвіжы, калі гасціў у Радзівілаў (пахаваны ў Пінскім касцёле). Адзін з яго сыноў – Францішак (1738–1821), уладальнік Масалян (Бераставіцкі раён), быў брэсцкім кашталянам, літоўскім кухмістрам, кавалерам ордэнаў св. Станіслава і Белага арла. Пасля паўстання 1794 г. эмігрыраваў. У 1812 г. ён увайшоў у камісію Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага. На радзіму вярнуўся па амністыі. Ад Францішка праз сыноў Людвіга і Міхаіла пайшло лядскае адгалінаванне роду Ельскіх, прадстаўнікам якога належалі Ляды (Чэрвеньскі р-н) і Ігнацічы (Мінскі р-н).
У 1818 г. старэйшы сын Францішка Людвіг (1785–1843) ажаніўся з Клацільдай Манюшка, дачкой Станіслава Манюшкі, вядомага кампазітара. У якасці пасагу ёй адышлі Ляды – невялікі маёнтак непадалёку ад Смілавіч. Яго новы ўладальнік – Людвіг Ельскі – атрымаў добрую адукацыю, закончыў Сарбону. Ён прымаў удзел у напалеонаўскай кампаніі, з’яўляўся кавалерам ордэнаў Ганаровага легіёна, Залатога Крыжа Віртуці Мілітары, св. Яна Ерусалімскага, св. Уладзіміра ІІІ ступені і Чырвонага арла. У час паўстання 1831 г. быў фінансавым міністрам рэвалюцыйнага ўрада, пасля паражэння якога эмігрыраваў у Францыю, дзе памёр у вялікай беднасці.
У 1820 г. Клацільда ўступіла ў шлюб з Міхаілам Ельскім (1789–1859), малодшым братам Людвіга. Ён быў капітанам першага палка конных стралкоў Каралеўства Варшаўскага, кавалерам ордэнаў Ганаровага легіёна і Залатога ваеннага крыжа, пазней стаў харунжым шляхты Ігуменскага павета. Шлюб Міхаіла і Клацільды палажыў пачатак лядскай лініі Ельскіх, другое пакаленне якіх склалі тры дачкі і пяць сыноў. Ад Міхаіла Ляды адышлі старэйшаму сыну Аляксандру (1824–1905), вядомаму будаўніку мастоў, губернскаму сакратару, а малодшы сын Канстанцін (1837–1896) стаў вядомым біёлагам, даследчыкам фауны Паўднёвай Амерыкі, заолагам, правадніком ідэй эвалюцыйнага вучэння Чарльза Дарвіна.
Другі сын Уладзіслава Ельскага Станіслаў (?–1829), ігуменскі павятовы маршалак, кавалер ордэна св. Станіслава, праз пасаг Розы Прозар стаў уладальнікам Дудзіч (Пухавіцкі р-н), якімі нашчадкі гэтай галіны роду валодалі больш за сто гадоў. Дом іх зрабіўся адным з цэнтраў культурнага жыцця на Беларусі. Тут нарадзіліся і жылі прадстаўнікі роду, якія сталі яго славай і гонарам: Казімір Ельскі (1782–1867), вядомы беларускі скульптар, аўтар многіх твораў станковай і манументальнай скульптуры; Аляксандр Ельскі (1834–1916),* пісьменнік, гісторык, этнограф, краязнаўца, перакладчык, публіцыст, стваральнік літаратурна-краязнаўчага музея ў Замосці (Пухавіцкі р-н); Міхаіл Ельскі (1831–1904), кампазітар, скрыпач-віртуоз, музыказнаўца. Яго адзіная дачка выйшла замуж за Януша Уняхоўскага. Уняхоўскія і былі апошнімі гаспадарамі Дудзіч.
Праз шлюбы род Ельскіх цесна зблізіўся з вядомымі родамі Манюшкаў, Булгарынаў, Ваньковічаў, Корсакаў, Чапскіх і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1998 г.