Дата рождения:
04.03.1782 Дудзічы, в., Пухавіцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
сакавік 1867
Краткая справка:
скульптар, першы прафесар скульптуры на Беларусі
Имена на других языках:
Jelski Kazimierz (польский); Ельский Казимир (русский);
3644 символа
Справка
Творчасць Казіміра Ельскага звязана з культурным жыццём Літвы і Беларусі. Ён засвоіў асветніцкую, філасофскую і мастацкую праграмы класіцызму, якімі кіраваўся ў рабоце і сістэме мастацкай адукацыі. Выдатнаму майстру былі падуладны разнастайныя жанры: скульптурны партрэт, барэльефы, скульптура малых формаў, сакральная і мемарыяльная пластыка. Меў ступені кандыдата мастацтваў, магістра мастацтваў, ад’юнкта (апошнюю атрымаў за трактат “Аб сувязі архітэктуры, скульптуры і жывапісу” (1828), дзе выступіў прыхільнікам ідэі сінтэзу мастацтваў).
Нарадзіўся К. Ельскі ў радавым маёнтку ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні (зараз в. Дудзічы ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці). Паходзіў са старадаўняга шляхецкага роду. Бацька быў вядомым лепшчыкам і скульптарам, шмат гадоў аддаў упрыгожванню палацаў і касцёлаў; брат Ян – разьбяром і скульптарам. Казімір Ельскі вучыўся ў Віленскім універсітэце (1801–1808) на кафедры скульптуры ў А. Лебруна. Да гэтага часу адносіцца і пачатак актыўнай творчай працы: упрыгожваў у Краславе (прыехаў туды ў 1801 г.) пазалочанай разьбой алтары ў мясцовых храмах, у 1804 г. разам з братам у Вільні аздабляў галоўны алтар касцёла Пятра і Паўла. Так раскрыўся яго талент рэзчыка і дэкаратара. У 1810 г. на працягу трох месяцаў К. Ельскі ўдасканальваў скульптурнае майстэрства ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў пад кіраўніцтвам І. Мартаса, Ф. Шчадрына, В. Дэмут-Маліноўскага. У 1811–1826 гг. ён узначальваў кафедру скульптуры на факультэце жывапісу, скульптуры і архітэктуры Віленскага ўніверсітэта. Быў бясконца адданы сваёй справе – выхаванню маладых мастакоў, развіццю іх прафесійных навыкаў і эстэтычнага густу. Акрамя практычных заняткаў вялікую ўвагу надаваў тэорыі скульптуры. Сярод вучняў К. Ельскага, якія пакінулі значны след у гісторыі беларускага мастацтва XIX ст., – Я. Астроўскі, Р. Слізень, Г. Дмахоўскі, К. Барычэўскі і інш.
Галоўным для скульптара стаў жанр партрэта, дзякуючы якому мог выразіць патрыятычныя і грамадзянскія ідэі асобы, унутраны свет і стаўленне да рэчаіснасці. Да яго К. Ельскі звярнуўся яшчэ ў пачатку творчага шляху: у 1807 г. працаваў над бюстамі І. Броэль-Плятэр, яе мужа і дзяцей. Скульптар з’яўляецца аўтарам серыі бюстаў дзеячаў культуры (мастакоў Ф. Смуглевіча, Я. Рустэма і інш.), вучоных (Л. Баянуса, З. Нямчэўскага і інш.), князя А. Чартарыйскага; партрэтаў маршалка Віленскай губерні М. Ромера і яго жонкі, а таксама партрэтаў-бюстаў для калоннай залы Віленскага ўніверсітэта. Адпаведна ідэалам антычнасці імкнуўся надаць ім узвышаны характар.
Вельмі паспяхова К. Ельскі працаваў у галіне станковай і манументальнай скульптуры, ствараў таксама мемарыяльную і сакральную пластыку, скульптуру малых форм. Сярод работ творцы – барэльефы “Алегорыя скульптуры” (1858), “Смерць Барбары Радзівіл”, “Трыумф Аляксандра II у гонар Парыжскага кангрэса 1856 г.”; статуі ў бакавых парталах Віленскага кафедральнага сабора; шэраг барэльефаў і бюстаў для Віленскага ўніверсітэта; паркавыя скульптуры; медальёны з выявамі гістарычных асоб і дзеячаў універсітэцкага кола, выкананыя ў гіпсе і тэракоце (з ліку найлепшых – медальёны з партрэтамі Пятра I, Кацярыны II, караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і інш.).
Казімір Ельскі шмат зрабіў для станаўлення і развіцця прафесійнай скульптуры ў Беларусі, падрыхтоўкі творчых кадраў і ўдасканалення іх таленту. Вызначальнымі рысамі творчасці вядомага майстра былі сцвярджэнне патрыятычных ідэй, агульначалавечых каштоўнасцей, цікавасць да роднага краю. На жаль, многае са спадчыны К. Ельскага незваротна страчана. Работы, якія захаваліся, знаходзяцца ў музеях Літвы і Польшчы.