Дата рождения:
17.02.1837 Ляды, в., Ігуменскі павет, Мінская губерня (цяпер Смалявіцкі раён, Мінская вобласць)
Дата смерти:
26.11.1896
Краткая справка:
вучоны-біёлаг, географ, геолаг, падарожнік, які працаваў за межамі Беларусі
Имена на других языках:
Ельский Константин Михайлович (русский);
4908 символов
Справка
Род Ельскіх багаты на адукаваных і таленавітых людзей. Сярод іх – аграномы, музыканты, пісьменнікі, скульптары, грамадскія і палітычныя дзеячы… Адным з іх з’яўляецца Канстанцін Міхайлавіч Ельскі – вядомы заолаг, географ, падарожнік. Яго, рамантыка па натуры, усё жыццё вабілі далёкія краіны. У гісторыю навукі ён увайшоў як першапраходзец і даследчык паўночных тэрыторый Паўднёвай Амерыкі.
Нарадзіўся К. Ельскі ў вёсцы Ляды Смілавіцкай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Чэрвеньскі раён). Спачатку вучыўся ў Мінскай гімназіі, а затым, скончыўшы яе на “выдатна”, паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага універсітэта (1853). У 1856 г. перавёўся на матэматычна-прыродазнаўчы факультэт Кіеўскага універсітэта, дзе вывучаў батаніку і заалогію. У 1858 г., яшчэ студэнтам, К. Ельскі за конкурсную работу па вывучэнню анатамічнай будовы трахеі птушак атрымаў залаты медаль. Гэта дало яму магчымасць працаваць ва універсітэцкім заалагічным кабінеце, а потым прыняць актыўны ўдзел у навуковай экспедыцыі на ліманы Днястра і Крыма.
У 1860 г., пасля завяршэння вучобы, К. Ельскі працаваў настаўнікам адной з мясцовых гімназій, адначасова наведваў педагагічныя курсы, публікаваў свае першыя навуковыя працы ў Пецярбургу, Парыжы і Кіеве. Праз два гады маладому вучонаму было прысуджана званне магістра заалогіі за работу “Анатамічнае даследаванне прэснаводнага малюска”. На абароне сваёй працы ён выступіў у якасці аднаго з першых у Расіі прыхільнікаў эвалюцыйнай тэорыі Ч. Дарвіна. У 1862 г. выйшаў артыкул К. Ельскага, прысвечаны фауне ваколіц Кіева.
Паспяховая выкладчыцкая дзейнасць перапынілася ў сувязі з паўстаннем 1863 г., якое прымусіла К. Ельскага пакінуць Украіну. Пад выглядам удзельніка заалагічнай экспедыцыі па Бесарабіі ён эмігрыраваў праз Румынію ў Турцыю, дзе праводзіў геалагічныя даследаванні, шукаў карысныя выкапні, працягваў цікавіцца прыродазнаўствам.
У 1865 г. сябры дапамаглі яму пераехаць у Еўропу. К. Ельскі апынуўся ў Парыжы і ўладкаваўся на працу ў Прыродадаследчы інстытут. Ацаніўшы глыбокія веды новага супрацоўніка, прафесар Дэйроль – непасрэдны кіраўнік К. Ельскага – прапанаваў яму паехаць у Гвіяну (паўднёваамерыканскую калонію Францыі) у якасці пастаўшчыка чучал птушак і шкур жывёл. У жніўні 1865 г. фрэгат “Амазонка” дасягнуў узбярэжжа Амерыкі. У Кайене, сталіцы Гвіяны, К. Ельскі быў памочнікам фармацэўта ў адной з аптэк. Неўзабаве даследчыка накіравалі абследаваць зняволеных на астравах Выратавання. Але не толькі лекарскія справы займалі ўвесь час К. Ельскага. На астравах ён лавіў розных птушак глінянымі шарыкамі з сарбакана (спецыяльнай трубкі), збіраў ракаў, марскіх зорак і рознакаляровых асцыдый, трапляліся і каралы – белыя, жоўтыя, чырвоныя. Акрамя гэтага К. Ельскаму ўдалося сабраць каля 100 відаў мурашоў. Па меры папаўнення калекцыі К. Ельскі частку яе рэгулярна адсылаў у Еўропу.
У 1869 г. па рэках Аяпок і Уасу вучоны наведаў унутраныя раёны Гвіяны, дзе пазнаёміўся з разнастайным жывёльным светам. Але клімат аказаўся неспрыяльным для здароўя, і К. Ельскі вымушаны быў пакінуць гэтыя мясціны. Хутка ён апынуўся ў Ліме, сталіцы Перу. Там К. Ельскі сустрэўся са знакамітым італьянскім падарожнікам, даследчыкам А. Раймондзі, пазнаёміўся з польскімі інжынерамі Е. Габіхам і Е. Маліноўскім, якія параілі вучонаму заняцца вывучэннем тутэйшай фауны. К. Ельскі перайшоў Кардыльеры, даследаваў усходнія схілы гэтых гор, наведаў вярхоўе Амазонкі. Заалагічныя матэрыялы, сабраныя ў малавядомай тады ў Еўропе краіне, прынеслі К. Ельскаму вялікую славу. Увесь час ён падтрымліваў цесныя сувязі з многімі еўрапейскімі музеямі, навуковымі цэнтрамі. А. Раймондзі прапанаваў яму займацца прыроднымі калекцыямі ў прыродазнаўчым музеі ў Ліме. У гэты ж час К. Ельскі адкрыў сакрэт кітайскай чорнай тушы, удасканаліў спосаб захавання насякомых, апісаў звычаі і абрады мясцовых жыхароў.
Пасля вяртання з Паўднёвай Амерыкі К. Ельскі працаваў у Кракаве ў фізіялагічным музеі Акадэміі навук захавальнікам натуральных калекцый. Акрамя гэтага выкладаў заалогію на вышэйшых жаночых курсах пры мясцовым тэхнічна-прамысловым музеі. У 1883 г. К. Ельскі ажаніўся са сваёй стрыечнай сястрой Е. Корсак. Ужо ў сталым узросце вучоны ўдзельнічаў у геалагічных экспедыцыях у Брэтань і Далмацыю, апрацоўваў матэрыялы сваіх падарожжаў і даследаванняў у Амерыцы. К. Ельскі марыў абагульніць вынікі сваёй работы і падрыхтаваць да друку падарожныя нататкі. Але ўбачыць сваю кнігу яму не давялося – 26.11.1896 г. К. Ельскага не стала.
Заслугі К. Ельскага ў вывучэнні фауны Паўднёвай Амерыкі вельмі значныя і шырока вядомыя. Многія еўрапейскія вучоныя давалі апісанне жывёльнага свету па яго калекцыях. Шматлікія даследаванні і ўражанні ад падарожжаў апісаны К. Ельскім у кнізе “Перу, Ліма” (1880) на іспанскай мове і незавершаных успамінах “Папулярна-прыродазнаўчыя апавяданні пра знаходжанне ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу” (Кракаў, 1898).