Дата рождения:
05.10.1831 (ахрышчаны 08.10.1831) Дудзічы, в., Пухавіцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
студзень 1904
Краткая справка:
скрыпач, кампазітар, музычны пісьменнік
Варианты имени:
Ельскі Міхаіл Ксаверы Зыгмунт
Имена на других языках:
Ельский Михаил Карлович (русский); Ельский Михаил Ксаверий Сигизмунд (русский);
4051 символ
Справка
Значны ўклад у развіццё музычнага мастацтва Беларусі ўнёс скрыпач-выканаўца, кампазітар і публіцыст ХІХ ст. Міхаіл Карлавіч Ельскі.
Нарадзіўся ён у шляхецкай сям’і ў маёнтку Дудзічы Ігуменскага павета (цяпер вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці). Першыя музычныя веды атрымаў ад бацькі – высокаадукаванага чалавека, музыканта-аматара, у доме якога часта збіраліся літаратары і мастакі. У 1845–1847 гг. вучыўся ў нямецкай гімназіі ў г. Лаздэнен (цяпер г. Красназнаменск, Расія), дзе адначасова браў прыватныя ўрокі ў скрыпача Эндома. У далейшым удасканальваў майстэрства ў вопытнага мінскага кампазітара, педагога і спевака К. Кжыжаноўскага і віленскага скрыпача-віртуоза В. Банькевіча, пачаў удзельнічаць у публічных выступленнях. Пасля заканчэння Віленскага дваранскага інстытута (1849) у якасці вольнага слухача наведваў лекцыі па правазнаўстве ў Кіеўскім універсітэце, некаторы час працаваў юрыстам у судзе.
Пакінуўшы юрыдычную службу, М.К. Ельскі заняўся прафесійнай кампазітарскай і выканальніцкай дзейнасцю. Удзельнічаў у канцэртах у Кіеве і Мінску, шмат працаваў над пашырэннем свайго канцэртнага рэпертуару. Іграў у асноўным скрыпічныя творы Баха, Гайдна, Моцарта, Бетховена, а таксама ўласныя сачыненні. Выдатны класічны стыль выканання музыканта быў прыхільна сустрэты публікай і адзначаны крытыкамі. У 1852 г. у Кіеве выдадзены зборнік М.К. Ельскага «Скрыпічныя мініяцюры». З канца 1850-х гг. кампазітар шмат падарожнічаў. Наведваў музыкальныя цэнтры Еўропы, браў урокі ў выдатных скрыпачоў таго часу – К. Ліпінскага, А. В’ётана, І. Лахнера, з вялікім поспехам даваў канцэрты ў Кракаве, Вроцлаве, Парыжы, Франкфурце-на-Майне, Мюнхене, Берліне, Дрэздэне і інш.
Вярнуўшыся ў 1862 г. на радзіму, М.К. Ельскі пасяліўся ў Дудзічах. Займаўся гаспадарчымі пытаннямі сваіх уладанняў, актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці Мінскай губерні, стаў адным з ініцыятараў стварэння ў 1880 г. Мінскага музычна-літаратурнага таварыства. Кампазітар працаваў над сваімі творамі, удзельнічаў у шматлікіх дабрачынных канцэртах на радзіме і за мяжой, збіраў музычны фальклор, займаўся публіцыстыкай. За больш чым 50 гадоў сваёй творчай дзейнасці музыкант напісаў каля 100 твораў буйной і малой формаў, сярод якіх – два скрыпічныя канцэрты, фантазія «Вясна», Бліскучая фантазія на арыгінальныя тэмы, канцэртныя мазуркі «Успаміны аб Кіеве», «Успаміны аб Вільні», «Танец духаў», фартэпіянныя і скрыпічныя мініяцюры і інш. Характэрнымі рысамі яго музыкі, па меркаванні даследчыкаў, з’яўляліся арганічнае спалучэнне рамантычнага і класічнага стыляў, выдатная віртуознасць, выкарыстанне разнастайных прыёмаў скрыпічнай тэхнікі, глыбіня, выразнасць меладычнай мовы, яе сувязь з беларускім народным меласам. Кампазітарства М.К. Ельскі сумяшчаў з актыўным збіраннем музычнага фальклору. Да нашых дзён захавалася толькі адна яго рукапісная праца «Народныя танцы Мінскай губерні», у якой змешчаны грунтоўныя запісы мелодый старажытных мясцовых танцаў, звесткі аб беларускім народным інструментальным выканальніцтве. Займаўся Міхаіл Карлавіч таксама і музычнай публіцыстыкай. У шматлікіх перыядычных выданнях надрукаваў на польскай мове шэраг артыкулаў і нарысаў, прысвечаных кампазітарам і музыкантам, фактам з музычнай гісторыі краіны («В. Банькевіч», «К. Стравінскі», «Некалькі ўспамінаў з музычнага мінулага Літвы», «З нагоды скрыпічнай методыкі», «Параўнанне Паганіні з Ліпінскім і некалькі слоў аб скрыпічнай музыцы», «Музыка ў нас і за мяжой» і інш.). Свае погляды на музыку як жанр мастацтва кампазітар выклаў у працы «Вывучэнне музыкі» («Studya myzuczne»), выдадзенай у Мінску ў 1899 г.
Кампазітарская творчасць М.К. Ельскага стала значным укладам у музычную культуру Беларусі. Цікавасць да яе не знікае і ў наш час – творы перавыдаюцца, некаторыя з іх уваходзяць у рэпертуар сучасных музыкантаў, гучаць у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам М. Фінберга. У гонар кампазітара ў Мінску праводзіцца Міжнародны конкурс выканаўцаў на струнных смычковых інструментах.