Краткая справка:
этнограф, фалькларыст, археолаг, літаратар, мовазнавец, краязнавец, педагог, правадзейны член Рускага геаграфічнага таварыства, Маскоўскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі, Маскоўскага археалагічнага таварыства, Віцебскага статыстычнага камітэта
Псевдонимы:
Белицкий Е.; Белорус; Радзіміч; Радимич; Радимич Е.
Имена на других языках:
Романов Евдоким Романович (русский);
Криптонимы:
N; Е.Р.; Е.Р.Р.; М.Р.; Ъ
4791 символ
Справка
Даследчыцкая дзейнасць Еўдакіма Раманавіча Раманава ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. склала цэлую эпоху ў гісторыі айчыннай гуманітарнай навукі. Яго творчая спадчына стала каштоўным укладам у развіццё беларускай этнаграфіі, фалькларыстыкі, археалогіі і мовазнаўства.
Нарадзіўся Е.Р. Раманаў у беднай мяшчанскай сям’і ў мястэчку Нова-Беліца Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер у межах Гомеля). Скончыў Гомельскую прагімназію і курсы настаўнікаў рускай мовы і гісторыі. У 1872 г. здаў экстэрнам экзамены і быў накіраваны на працу ў Герасімаўскае народнае вучылішча Аршанскага павета Магілёўскай губерні. На працягу 14 гадоў выкладаў у розных навучальных установах Паўночна-Заходняга краю, з’яўляўся інспектарам народных вучылішч Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай губерняў (1886–1906).
Дзякуючы частым службовым пераездам меў шырокія магчымасці знаёміцца з жыццём і культурай насельніцтва розных рэгіёнаў. Адначасова з выкананнем службовых абавязкаў Е.Р. Раманаў займаўся самаадукацыяй, зацікавіўся беларускай гісторыяй, літаратурай і мовай, пачаў запісваць народныя тлумачэнні слоў, казкі, песні, замовы, прыкметы; рабіў апісанні сродкаў народнай медыцыны, ежы, адзення, прылад працы, дзіцячых гульняў, музыкальных інструментаў; праводзіў археалагічныя раскопкі, калекцыяніраваў прадметы старажытнасці, рабіў замалёўкі і падрабязныя апісанні; збіраў матэрыялы па тапаніміцы і інш. З 1880 г. пачаў выступаць у друку, падрыхтаваў больш за 200 навуковых публікацый па археалогіі, этнаграфіі, археаграфіі, фалькларыстыцы, гісторыі, мове і літаратуразнаўстве, музеязнаўстве. Назапашаныя Е.Р. Раманавым мовазнаўчыя матэрыялы сталі асновай для кніг «Опыт белорусского словаря», «Краткая белорусская грамматика», навучальнага дапаможніка па рускай мове «Учебник русской грамматики. Этимология» (1881) і дапаўнення да яго – «Краткая этимология церковно-славянского языка» (1895). Своеасаблівай энцыклапедыяй вуснай народна-паэтычнай творчасці, побыту, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў з’яўляецца фальклорна-этнаграфічная праца «Белорусский сборник» (т. 1–9, 1886–1912, 10-ы том выпусціў Інбелкульт (1928), падрыхтаваныя 11–14-ы тамы загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, лёс 15-га невядомы).
Плённай была і рэдактарская дзейнасць Е.Р. Раманава: ён узначальваў неафіцыйную частку газеты «Могилевские губернские ведомости» (1897–1903), рэдагаваў зборнікі «Могилевская старина» (1900–1903), «Материалы па этнографии Гродненской губернии» (1911–1912), «Первоисточники для истории Могилевского края» (1916). Вялікая заслуга вучонага ў выданні пісьмовых крыніц, папулярызацыі твораў беларускай літаратуры. У 1900 г. быў выпушчаны зборнік «Тарас на Парнасе и другие стихотворения» (дапоўненае выданне выйшла ў 1902 г.), апублікаваны працы «Путевые заметки стольника П.А. Толстого о Могилевской губернии (1697–1699)» (1898), «Варкалабовская летопись» (1899), «Описание Кричевского графства 1786 г.» А. Меера (1901) і інш. Пад літаратурным псеўданімам Е. Радзіміч даследчык выдаў асобнымі кнігамі арыгінальныя творы «Кара в сто лет. Белорусская легенда» (1894) і «Милостивый Осип, или Милости хочу, а не жертвы. Быль» (1896).
Вучонаму належыць ганаровае месца ў станаўленні беларускай археалогіі. Даследчык сабраў звесткі пра 1000 гарадзішчаў Беларусі, выявіў шэраг стаянак першабытнага чалавека, займаўся раскопкамі курганоў і могільнікаў X–XII стст., адкрыў «Барысаў камень» – помнік эпіграфікі XII ст. (каля в. Высокі Гарадзец Талачынскага раёна Віцебскай вобласці), склаў археалагічныя карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў. Сярод публікацый па археалогіі – «Старина доисторическая Северо-Западного края» (1907), «Археологический очерк Гомельского уезда» (1910), «Археологические разведки в Могилевской губернии» (1912) і інш.
Па ініцыятыве Е.Р. Раманава і пры яго актыўным удзеле былі заснаваны царкоўна-этнаграфічныя музеі ў Віцебску (1893), Магілёве (1897) і Вільні (1910), куды даследчык перадаў значную частку археалагічных прадметаў з уласнай калекцыі.
З 1906 па 1916 г. Е.Р. Раманаў жыў і працаваў у Вільні. Як член Часовай камісіі займаўся ўладкаваннем спраў Віленскай публічнай бібліятэкі і музея, загадваў секцыяй этнаграфіі і археалогіі Паўночна-Заходняга аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства. У 1917 г. накіраваны на Паўночны Каўказ для правядзення этнаграфічных даследаванняў. Апошнія гады жыцця правёў у Стаўрапалі.
За вялікі ўклад у развіццё навукі Е.Р. Раманаў быў выбраны правадзейным членам Рускага геаграфічнага таварыства (1886), Маскоўскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (1888), Маскоўскага археалагічнага таварыства (1890). Вучоны ўзнагароджаны некалькімі імяннымі прэміямі Расійскай акадэміі навук, залатым і вялікім сярэбраным медалямі, дыпломамі навуковых таварыстваў.