Рыта Веньямінаўна Млодак з’яўляецца адной з самых яркіх вакалістак сярэдзіны ХХ ст. Яе творчая дзейнасць непарыўна звязана з Беларускім дзяржаўным ордэна Леніна Вялікім тэатрам оперы і балета (цяпер Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь).
Рыта Млодак нарадзілася 27 лютага 1906 г. Яшчэ ў дзяцінстве родныя заўважылі яе выдатныя музычныя здольнасці і любоў да спеваў: дзяўчынка наведвала Мінскую музычную школу, дзе займалася вакалам. З 1924 г. вучылася ў Віцебскім музычным тэхнікуме (цяпер Віцебскі дзяржаўны музычны каледж імя І.І. Салярцінскага). Адной з першых оперных партый Р. Млодак стала партыя Маргарыты ў оперы Ш. Гуно “Фауст” у пастаноўцы студэнтаў Віцебскага тэхнікума. Прыгожы голас, чысціня інтанацыі маладой спявачкі прывялі яе ў оперны клас, які ў 1930 г. быў рэарганізаваны ў Беларускую дзяржаўную студыю оперы і балета. У час навучання Р. Млодак выдатна выканала партыю Домны Сабуравай у пастаноўцы оперы “Царская нявеста” М. Рымскага-Корсакава.
У 1931 г. маладая спявачка стала працаваць у Беларускім радыёкамітэце, прымала ўдзел у радыёпастаноўках опер (“Алека” С. Рахманінава, “Снягурачка” і “Баярыня Вера Шалога” М. Рымскага-Корсакава, “Капітанская дачка” Ц. Кюі, “Сельскі гонар” П. Масканьі, “Аіда” Д. Вердзі), выконвала беларускія народныя песні.
У 1933 г. Р. Млодак разам з Л. Александроўскай, М. Дзянісавым, І. Балоціным, С. Друкер і іншымі ўдзельнікамі студыі оперы і балета ўвайшла ў склад трупы Дзяржаўнага тэатра оперы і балета, адкрытага ў Мінску. Першай пастаноўкай тэатра стала опера “Яўгеній Анегін”. Партыю Таццяны выконвалі Р. Млодак і Л. Александроўская. Менавіта з партыі Таццяны пачаўся сталы артыстычны шлях Рыты Веньямінаўны Млодак. Прыгожы тэмбр, шчырасць, прывабнасць, музыкальнасць, жаданне стварыць жывы, праўдзівы вобраз гераіні былі яе характэрнымі асаблівасцямі. Таццяна ў выкананні маладой артысткі атрымала станоўчыя водгукі і гледачоў, і крытыкаў.
Аднымі з лепшых створаных ёю ў даваенны час вобразаў сталі Ліза ў “Пікавай даме” П. Чайкоўскага і Яраслаўна ў оперы “Князь Ігар” А. Барадзіна. Бездакорная тэхніка і артыстычныя здольнасці дазволілі Р. Млодак раскрыць істотныя рысы вобразаў сваіх гераінь, паказаць іх жаноцкасць, высакароднасць і вернасць каханню.
Для павышэння прафесійнага майстэрства маладая артыстка разам з групай салістаў тэатра была накіравана ў Маскву. Заняткі са знакамітай салісткай, прафесарам Маскоўскай кансерваторыі М. Уладзіміравай, знаёмства з выдатнымі майстрамі вакальнага мастацтва В. Барсавай і К. Дзяржынскай далі новы напрамак для творчасці Р. Млодак. Разам з М. Уладзіміравай беларуская артыстка падрыхтавала партыі Чыа-Чыа-сан з аднайменнай оперы Д. Пучыні і Марфы з “Царскай нявесты” М. Рымскага-Корсакава.
У 1939 г. адкрыўся новы будынак Беларускага тэатра оперы і балета, і ў ім былі пастаўлены адразу тры нацыянальныя оперы: “Кветка шчасця” А. Туранкова, “Міхась Падгорны” Я. Цікоцкага, “У пушчах Палесся” А. Багатырова. У 1940 г. гэтыя спектаклі былі прадстаўлены на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. Рыта Млодак была прызнана лепшай выканаўцай партыі Надзейкі ў “Кветцы шчасця” А. Туранкова. Пасля вяртання ў Мінск спявачцы было прысвоена званне народнай артысткі БССР, яна была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
У чэрвені 1941 г. Рыта Веньямінаўна знаходзілася ў Маскве: уваходзіла ў журы Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады. Тут яе і застала вайна. У Мінску засталіся дзве дачкі Р. Млодак, з якімі яна сустрэлася толькі пасля вызвалення Беларусі. У 1941–1942 гг. разам з артыстамі беларускай оперы Р. Млодак выступала ў Горкім і Каўрове, працавала ў Ленінградскім тэатры оперы і балета імя С.М. Кірава (цяпер Дзяржаўны акадэмічны Марыінскі тэатр у Санкт-Пецярбургу) і Свярдлоўскім тэатры оперы і балета (цяпер Екацерынбургскі дзяржаўны акадэмічны тэатр оперы і балета). У 1943 г. спявачка ўваходзіла ў склад франтавой канцэртнай брыгады, якая выступала з канцэртамі перад вайскоўцамі і партызанамі.
Прыгожы, багатага тэмбру голас, вакальнае майстэрства і артыстычнае абаянне Р. Млодак прыцягвалі да яе ўвагу аматараў і знаўцаў музычнага мастацтва. Спявачку запрашалі на працу ў тэатры Масквы і Ленінграда, але яна адмовілася ад усіх прапаноў і вярнулася ў Мінск.
Рыта Млодак была не толькі таленавітай опернай артысткай, але і цудоўнай камернай спявачкай. Яе рэпертуар складаўся з рамансаў і песень рускіх і беларускіх кампазітараў. Вакальныя творы М. Чуркіна, Я. Цікоцкага, А. Багатырова, Д. Лукаса займалі значнае месца ў канцэртным рэпертуары артысткі. У песенна-рамансавай лірыцы спявачка з сапраўдным майстэрствам і глыбінёй раскрывала ідэйна-мастацкі змест кожнага твора, валодала надзвычайнай здольнасцю аддавацца непасрэднаму пачуццю і настрою твораў. Значнае месца ў творчасці Р. Млодак займалі народныя песні, якія яна выконвала з вялікім майстэрствам, цудоўна перадаючы іх настрой і нацыянальны каларыт.
Больш за чвэрць стагоддзя Рыта Веньямінаўна Млодак была адной з вядучых салістак Вялікага тэатра Беларусі. Яна ўнесла значны ўклад у яго станаўленне і развіццё, прымала непасрэдны ўдзел у фарміраванні творчага калектыву. Творчасць Р. Млодак ведалі і любілі ў Беларусі і за яе межамі.
Матэрыял быў падрыхтаваны ў 2026 г.