Имена на других языках:
Неслуховский Иван Люцианович (русский);
Криптонимы:
S.; Н-ский
3868 символов
Справка
Янка Лучына – паэт, публіцыст, перакладчык, культурны дзеяч, драматург, этнограф і крытык – адметная асоба ў беларускай літаратуры ХІХ ст. У сваёй творчасці ён імкнуўся да ўдасканалення культуры пісьма, узбагачэння форм паэтычнай вобразнасці і выразнасці. Вершам паэта ўласцівы мяккі лірызм, паглыбленне ў псіхалагічны стан чалавека, выкарыстанне фальклору і народнай паэтыкі.
Нарадзіўся Янка Лучына (сапраўднае імя Іван Люцыянавіч Неслухоўскі) у Мінску ў сям’і адваката. Літаратурай захапіўся ў час вучобы ў прыватным пансіёне, дзе напісаў свой першы верш. У 1865 г. паступіў у трэці клас Мінскай класічнай гімназіі. Пасля заканчэння вучобы (1870) стаў студэнтам матэматычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе правучыўся адзін год. З 1871 г. адукацыю працягваў у Санкт-Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце на механічным аддзяленні, які скончыў у 1877 г. Працаваў інжынерам-тэхнолагам у чыгуначных майстэрнях Тыфліса, часта наведваў Мінск. У час апошняга прыезду ў родны горад (у канцы 1879 г. ці пачатку 1880 г.) моцна захварэў і пасля працяглага лячэння ўладкаваўся на працу ў Мінскае тэхнічнае бюро Лібава-Роменскай чыгункі.
У пачатку 1880-х гг. Янка Лучына пачаў займацца літаратурнай творчасцю. Пісаў на трох мовах – беларускай, рускай і польскай. У друку дэбютаваў рускамоўным вершам «Не ради славы иль расчета», які быў змешчаны ў першым нумары газеты «Минский листок» (2 красавіка 1886 г.). У гэтым жа годзе на старонках часопіса «Kłosy» («Каласы») апублікаваў верш «Раскоша натхнення», у якім праявіў сябе як лірык рамантычнага складу. Пазней Янка Лучына друкаваўся і ў іншых польскіх часопісах і штотыднёвіках, а таксама ў «Северо-Западном календаре на 1893 год». Пад уражаннем выступлення ўкраінскіх артыстаў, якія гастралявалі ў Мінску ў 1887 г., пачаў пісаць па-беларуску. Ствараючы вершаваныя прывітанні «Усёй трупе дабрадзея Старыцкага беларускае слова» і «Дабрадзею артысту Манько», паэт дзякаваў акцёрам за майстэрства. У 1889 г. былі напісаны вершы «Вясновай парой» і «Заходзіць сонца за горы…», «Роднай старонцы» і «Пакуль новы год настане на свеце…» (1891) і інш. Тэматычна яны звязаны пераважна з жыццём беларускай вёскі. Галоўны герой – селянін, які заўсёды захоўвае традыцыі і звычаі продкаў, выступае носьбітам сапраўднай высокай маральнасці. Адной з найбольш вядомых лічыцца паэма на польскай мове «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся» (1892), раздзел якой «Стары паляўнічы» (пад назвай «Стары ляснік») быў надрукаваны ў беларускім перакладзе ў «Северо-Западном календаре на 1893 год». Сярод іншых твораў на польскай мове «Песня аратая» (1887), «Лірнік вясковы» (1888), «Серэнада» (1889), «На могілках» (1890); на рускай – апавяданні «На железной дороге» (1886) і «С праздничной поездки» (1893), вершы-прысвячэнні «По поводу 100-летней годовщины со дня рождения лорда Байрона» (1888) і «Джюбелини-Рядновай, в память бенефиса 22 февраля в Минске в 1891 году» (1891) і інш. Янка Лучына напісаў шмат лірычных твораў. У 1898 г. у Варшаве выйшаў зборнік «Poezye» («Паэзія»); аповесць «Верочка» была выдадзена ў Маскве ў 1900 г. Кніга вершаў «Вязанка» надрукавана на беларускай мове ў 1903 г. у Санкт-Пецярбургу.
Янка Лучына добра ведаў народную культуру, з’яўляўся карэспандэнтам вядомага этнографа П. Шэйна, збіраў і дасылаў яму беларускі фальклор. Ён адыграў важную ролю і ў станаўленні паэтычнага перакладу. Пры пераўвасабленні твораў выкарыстоўваў шэраг мастацкіх прыёмаў (параўнанне, антытэзу, анафару, паралелізм, эўфемізм) і інш. На рускую мову Янка Лучына перакладаў творы У. Сыракомлі, А. Асныка; на польскую – вершы В. Чуміной-Міхайлавай, М. Някрасава, байкі І. Крылова, асобныя творы А. Хамякова; з нямецкай – Г. Гейнэ, са старажытнагрэчаскай – Гамера. Вершы Янкі Лучыны з польскай на беларускую мову перакладалі М. Арочка, М. Клімковіч, У. Мархель, М. Машара, П. Пестрак, І. Чыгрын і інш.