Дата рождения:
15.01.1908 Маўчаны, в., Сенненскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
18.02.1995
Краткая справка:
скульптар, народны мастак Беларусі і СССР, заслужаны дзеяч мастацтваў Дагестанскай АССР, акадэмік НАН Беларусі, правадзейны член АМ СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946, 1948)
Варианты имени:
Азгур Заір Ісаакавіч
Имена на других языках:
Azghur Zair Isakavitch (не определен); Азгур Заир Исаакович (русский);
4950 символов
Справка
Скульптурны ансамбль на плошчы Я. Коласа ў Мінску, манумент Перамогі на плошчы Перамогі добра вядомы жыхарам і гасцям сталіцы. Аўтарам скульптурнага ансамбля і кампазіцыі “Слава загінуўшым героям” на адной з граняў манумента з'яўляецца Заір Ісакавіч Азгур, патрыярх беларускага выяўленчага мастацтва.
Нарадзіўся будучы скульптар у в. Маўчаны Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. Дзіцячае захапленне глінай прывяло яго ў Віцебскі мастацкі тэхнікум. Прафесіянальную адукацыю атрымаў у Вышэйшым мастацка-тэхнічным інстытуце ў Ленінградзе, у Кіеўскім мастацкім інстытуце і Тбіліскай акадэміі мастацтваў. Наcтаўнікамі З. Азгура былі выдатныя скульптары С. Юдовін, М. Керзін, Р. Бах, М. Манізер.
Талент маладога скульптара заўважылі адразу. У дваццатых гадах З. Азгурам былі створаны партрэты беларускіх асветнікаў Ф. Скарыны (1924, 1925), В. Цяпінскага (1928), пісьменнікаў Я. Купалы (1924), З. Бядулі (1927) і інш. У 1925 г. на 1-й Усебеларускай мастацкай выстаўцы ён прадставіў у гліне вобразы рабочага, слесара і ліцейшчыка. У трыццатых гадах мастак удзельнічаў у афармленні Дома Урада – зрабіў бюсты Г. Бабёфа, А. Мяснікова, Ф. Дзяржынскага. У гэты ж час ім была створана серыя партрэтаў дзяржаўных дзеячаў (Р. Арджанікідзе, І. Сталіна, А. Стасавай), прадстаўнікоў беларускай культуры (Л. Александроўскай, Я. Коласа). У 1938 г. скульптар стварыў партрэты К. Маркса, Ф. Энгельса, У.І. Леніна. За ўдзел у выстаўцы работ беларускіх мастакоў у дні дэкады беларускага мастацтва ў Маскве ў 1940 г. З. Азгур быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У пачатку вайны многія работы скульптара загінулі, засталіся толькі фотаздымкі (цудам захаваліся мармуровая скульптура Л. Александроўскай, якая была на выстаўцы ў Маскве, і партрэт скульптара А. Бразэра). У пачатку вайны З. Азгур быў ілюстратарам плаката-газеты “Раздавім фашысцкую гадзіну”, супрацоўнічаў у франтавым друку. У 1942–1944 гг. – працаваў пры Цэнтральным штабе партызанскага руху ў Маскве.
Па-сапраўднаму талент мастака праявіўся ў ваенныя і пасляваенныя гады. З. Азгур увекавечыў у скульптуры вобразы каля сарака Герояў Савецкага Саюза (М. Гастэлы, В. Талаліхіна, А. Радзімцава, М. Сільніцкага, Ф. Смалячкова, М. Шмырова, А.І. Малодчага і інш.). Усе яны вызначаліся адметнай індывідуальнасцю, паказам гераічнага, узнёслага ў простым чалавеку. Некаторыя з гэтых работ у 1946 г. былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. У пасляваенныя гады побач з тэмай Вялікай Айчынай вайны ў творчасці З. Азгура вялікае месца займала гістарычная тэматыка. З'явіўся цыкл партрэтаў славутых прадстаўнікоў беларускай культуры мінулага (Ф. Скарыны, Ф. Багушэвіча, Цёткі), выдатных дзеячаў літаратуры і мастацтва Савецкай Беларусі (Я. Коласа, Я. Купалы, К. Крапівы, С. Селіханава, У. Дзядзюшкі). Сваёй працай ён сцвярджаў агульначалавечыя гуманістычныя каштоўнасці і тым узвышаў сваю Радзіму, пашыраў духоўныя гарызонты землякоў.
Але не толькі партрэтны жанр вабіў З. Азгура. Шырока вядомы яго здзяйсненні ў манументальнай скульптуры – ужо названы вышэй ансамбль помніка Я. Коласу ў Мінску, шматлікія манументы і помнікі-бюсты дзяржаўным дзеячам, героям-патрыётам і творцам – П. Машэраву, С. Грыцаўцу, Я. Купалу і інш.
Многія творы майстра прадстаўляюць наша мастацтва за межамі Беларусі. У Барадзіно пад Масквой знаходзіцца помнік-бюст палкаводцу П. Баграціёну. У Калькуце ўстаноўлены велічны помнік Р. Тагору (сярэбраны медаль на Міжнароднай выстаўцы ў Бруселі). Яго манументальныя скульптуры ёсць у Астрахані, Рыбінску, Махачкале, Кітаі, Балгарыі, Індыі. Ім створаны партрэты кіраўнікоў урадаў і кіраўнікоў камуністычных партый свету – Хо Шы Міна, П. Тальяці, М. Тарэза, Д. Ібаруры, Кім Ір Сена і іншых міжнародных дзеячаў. Шмат работ мастака ўпрыгожваюць музеі краін СНД.
Творчасць З. Азгура – сапраўднае адлюстраванне яго эпохі, але не толькі ў гліне, граніце, мармуры, бронзе і гіпсе зрабіў гэта выдатны творца. Ён аўтар пяці кніг успамінаў, нарысаў, партрэтаў. Першая з іх выйшла пад назвай “Незабыўнае” ў 1962 г.; другая, трэцяя, чацвёртая і пятая – “Тое, што помніцца...” – былі выдадзены адпаведна ў 1977, 1988, 1992, 1994 гадах. Гэта кнігі пра час, людзей і мастацтва, роздум над убачаным і перажытым, старонкі і павучальныя ўрокі доўгага, надзвычай яркага і насычанага падзеямі жыцця.
Побач з творчай дзейнасцю З. Азгур актыўна займаўся грамадскай. Ён неаднаразова выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, актыўна ўдзельнічаў у рабоце многіх грамадскіх арганізацый, з 1981 г. узначальваў творчую майстэрню скульптуры Акадэміі мастацтваў у Мінску. За вялікія заслугі ў галіне мастацтва Заіру Ісакавічу Азгуру прысвоена званне народнага мастака Беларусі (1944) і СССР (1973), нададзена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Ён узнагароджаны многімі ордэнамі і медалямі, двойчы яму прысуджалася Дзяржаўная прэмія СССР. У Мінску адкрыты мемарыяльны музей З. Азгура, філіял Нацыянальнага мастацкага музея.