Мемарыяльны музей-майстэрня скульптара Заіра Ісакавіча Азгура – адзін з нямногіх манаграфічных музеяў у Беларусі, заснаваны на базе творчай майстэрні мастака. Будынак майстэрні (праект архітэктара В. М. Аладава) узведзены згодна з распараджэннем П. М. Машэрава ў 1984 г. Тут З. І. Азгур працаваў 11 гадоў. Пасля смерці скульптара ў 1996 г. арганізаваны Мемарыяльны музей-майстэрня З. І. Азгура, філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
У музеі сабрана больш за 4 тыс. экспанатаў: калекцыя твораў З. І. Азгура, яго бібліятэка, інструменты, якімі працаваў майстар, дапаможныя матэрыялы, уласныя рэчы, перапіска, рукапісы, фотаздымкі, а таксама значны архіў – 2 тыс. адзінак захоўвання. Ёсць тут і калекцыя жывапісу жонкі майстра, карціны, якія падаравалі сям'і беларускія мастакі.
Экспазіцыя музея ахоплівае ўсю прастору трохпавярховага будынка. На першым паверсе знаходзяцца лекцыйная зала і фарматорская. У лекцыйнай зале выстаўлены бронзавыя помнікі К. Марксу і У. Леніну, фотаздымкі манументаў, выкананых мастаком у 1950–1980-я гг. У фарматорскай – рабочым памяшканні былой майстэрні, прызначаным для лепкі і фармоўкі скульптуры, – экспануюцца скульптурныя матэрыялы, інструменты, скульптурны станок, каркасы, формы, эскізы, мадэлі манументальных твораў З. І. Азгура, што дазваляе наведвальнікам тэарэтычна і практычна пазнаёміцца з асобнымі этапамі стварэння скульптуры. На другім паверсе размешчаны мемарыяльная і скульптурная залы. Мемарыяльная зала ўяўляе сабой біяграфічную частку экспазіцыі. У дакументах і фотаздымках у храналагічным парадку адлюстраваны творчы шлях З. І. Азгура з 1925 па 1991 г. Матэрыялы распавядаюць пра найменш даследаваны перыяд жыцця і дзейнасці скульптара – даваенны. Тут можна ўбачыць кампазіцыі “Галава ліцейшчыка” (1925), “Эцюд” (1928), фотарэпрадукцыі партрэтаў У. Галубка (1936), Л. Александроўскай (1939), Я. Купалы (1939), Я. Коласа (1940), а таксама жывапісныя партрэты З. І. Азгура (1944, 1971) і яго сям'і – бацькі І. Азгура (1985), маці С. Рудэр (1984), жонкі Галіны (1944), – напісаныя мастакамі Г. і Ю. Гарэлавымі, і інш.
Скульптурная зала – асноўная экспазіцыйная прастора музея, дзе размешчаны 284 скульптурныя творы майстра, створаныя з пачатку 1942 г. Зала падзяляецца на асобныя тэматычныя зоны: “гераічны партрэт” (Л. Даватар, С. Крывашэін, Ф. Смалячкоў, Дзед Талаш, В. Харужая і інш.); партрэты дзеячаў навукі і культуры (Я. Колас, І. Ахрэмчык, У. Дзядзюшка, Я. Глебаў, З. Бядуля, Цётка, К. Чорны, Я. Брыль, П. Броўка, Б. Палявы і інш.); партрэты дзяржаўных, палітычных і грамадскіх дзеячаў (Т. Шкурко, П. Машэраў, К. Мазураў, Хо Шы Мін і інш.). На трэцім паверсе – бібліятэка, мемарыяльны кабінет і канферэнц-зала. У памяшканні былой бібліятэкі знаходзяцца бібліятэчны фонд музея і архіў. Архіў музея складаецца з дакументаў, рукапісаў, фотаздымкаў, датаваных 1924-м – пачаткам 1990-х гг. У раздзеле “Творчыя матэрыялы З. І. Азгура” сабраны фотаздымкі, рэпрадукцыі твораў мастака перыяду вучобы ў Віцебску, Ленінградзе, Кіеве, Тбілісі; скульптуры З. І. Азгура 1930-х – пачатку 1990-х гг., фотаздымкі і рэпрадукцыі помнікаў. Раздзел “Рукапісы З. І. Азгура” ўключае ўспаміны, артыкулы, выступленні, даклады, лекцыі мастака. Лісты скульптара да дзеячаў культуры, у арганізацыі, выдавецтвы, рэдакцыі газет і часопісаў, ад пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, сваякоў, сяброў і знаёмых самому З. І. Азгуру знаходзяцца ў раздзеле “Перапіска”. Ёсць і такія раздзелы, як “Матэрыялы да біяграфіі З. І. Азгура”, “Вершы, прысвечаныя З. І. Азгуру; памятныя запісы пісьменнікаў”, “Матэрыялы, сабраныя З. І. Азгурам для сваіх прац і па тэмах, якія яго цікавілі”.
Бібліятэчны фонд музея мае 2068 адзінак захоўвання (на 2011 г.): кнігі, аўтарэфераты, перыядычныя выданні. З іх 972 кнігі – паэтычныя зборнікі, зборы твораў, выставачныя каталогі, альбомы па выяўленчым мастацтве і архітэктуры (А. Адамовіча, П. Броўкі, М. Данцыга і інш.). Таксама захоўваюцца 537 выданняў з дарчымі подпісамі майстру. Сярод іх – кнігі “Вераснёвыя ночы” К. Чорнага (1929), “Медзі дождж” А. Куляшова (1932), “Набліжэнне” З. Бядулі (1935), “Рыбакова хата” Я. Коласа (1949) і інш. У мемарыяльным кабінеце захавалася абстаноўка майстэрні скульптара, тут знаходзяцца мэбля, асабістыя рэчы З. І. Азгура. Не змянілася прастора канферэнц-залы, што выкарыстоўвалася пры жыцці майстра як творчая гасцёўня. Тут экспануюцца пейзажы Галіны Азгур, а таксама праходзяць тэматычныя выстаўкі з архіва і бібліятэчнага музейнага фонду.
Музей выконвае функцыю захавання нацыянальнага культурнага здабытку. Важным кірункам работы з'яўляецца навукова-даследчая, культурна-асветніцкая дзейнасць. Форма работы музея разнапланавая: праводзяцца канферэнцыі, відэалекцыі, разнастайныя тэматычныя лекторыі з выкарыстаннем мультымедыйнай тэхнікі. Музей цесна супрацоўнічае з многімі вядомымі скульптарамі, Саюзам дызайнераў, Саюзам архітэктараў Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.