Дата рождения: 21.10.1878
Дата смерти: 23.06.1947
Краткая справка: гісторык-славіст, першы рэктар БДУ, адзін з арганізатараў Інбелкульта, акадэмік НАН Беларусі і АН СССР, заслужаны прафесар БССР, заслужаны дзеяч навукі Узбекістана, кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
Имена на других языках: Пичета Владимир Иванович (русский);
Не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі вядома імя выдатнага вучонага-гісторыка, акадэміка Акадэміі навук СССР і Акадэміі навук БССР, доктара гістарычных навук, заслужанага прафесара БССР Уладзіміра Іванавіча Пічэты, якога ў еўрапейскім навуковым свеце па праву лічаць буйнейшым спецыялістам і аўтарытэтам па гісторыі Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Сербіі, Балгарыі. І. Пічэта з’яўляецца адным з заснавальнікаў беларускай гістарычнай навукі, адным з арганізатараў Інстытута беларускай культуры і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (раней АН БССР), першым рэктарам Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
Нарадзіўся Уладзімір Іванавіч у Палтаве. Яго бацька, родам з Герцагавіны, некаторы час быў рэктарам Віцебскай, а пасля Палтаўскай духоўных семінарый. У. Пічэта бліскуча скончыў Маскоўскі універсітэт, дзе пад кіраўніцтвам В.В. Ключэўскага распачаў навуковыя даследаванні, прычым яўную схільнасць выявіў да гісторыі Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Да 1917 г. Пічэта выкладаў рускую мову і літаратуру ў навучальных установах Екацярынаслаўля, славянскую і расійскую гісторыю ў Маскоўскім універсітэце і на Вышэйшых жаночых курсах у Маскве, чытаў лекцыі ў розных гарадах Расіі. У 1918 г. за манаграфію “Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве” У. Пічэту былі прысуджаны вучоныя ступені магістра і доктара. У гэтым жа годзе ён стаў прафесарам Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта, быў абраны старшынёй Праўлення створанага ў Маскве Беларускага навукова-культурнага таварыства, прачытаў курс лекцый па гісторыі Беларусі ў Беларускім народным універсітэце ў Маскве.
У канцы 1920 г. У. Пічэта пераехаў у Мінск. Яшчэ ў Маскве ён прыняў актыўны ўдзел у падрыхтоўчай працы па стварэнню універсітэта ў Мінску, а 8 ліпеня 1921 г. быў прызначаны першым рэктарам Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Цяжка пераацаніць усё зробленае У. Пічэтам за 8 год знаходжання на гэтай пасадзе. З’яўляючыся рэктарам, ён падабраў высокакваліфікаваны склад выкладчыкаў выключна на ўсіх факультэтах БДУ. У якасці прафесараў, дацэнтаў і выкладчыкаў гэтай вышэйшай навучальнай установы ім былі запрошаны буйныя вучоныя краіны, выдатныя партыйныя, дзяржаўныя і ваенныя дзеячы. Тут выкладалі А. Смоліч і Д. Даўгяла, М. Доўнар-Запольскі і У. Ігнатоўскі, К. Міцкевіч і М. Шчакаціхін. Выдатны вучоны-гісторык У. Пічэта і сам быў бліскучым педагогам, цудоўным лектарам, патрабавальным і клапатлівым настаўнікам. Рэктар выступаў за падрыхтоўку нацыянальных навуковых кадраў, удзел студэнтаў у навуковай працы па вывучэнню сваёй Бацькаўшчыны, развіццё краязнаўства. Свае лекцыі рэктар чытаў на беларускай мове, якой авалодаў за час працы ва універсітэце. Дзякуючы яго арганізатарскаму таленту БДУ ператварыўся ў буйны цэнтр падрыхтоўкі спецыялістаў, многія з якіх сталі гонарам беларускай навукі. З першых дзён свайго рэктарства вучоны ўсталёўваў дзелавыя і навуковыя кантакты з замежнымі ВНУ і навуковымі таварыствамі, выступаў з лекцыямі па гісторыі Беларусі ў розных краінах Еўропы. Шмат увагі ўдзяляў У. Пічэта паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы БДУ. У 1927 г. ён узняў пытанне аб будаўніцтве універсітэцкага гарадка, а ў 1930 г. чатыры вучэбныя карпусы былі ўжо пабудаваны. Дзейнасць У. Пічэты на пасадзе рэктара была высока ацэнена Урадам Рэспублікі Беларусь. У 1926 г. у гонар 25-годдзя навуковай і творчай дзейнасці вучонага і 5-годдзя яго рэктарства У. Пічэта атрымаў званне заслужанага прафесара БССР, але ў 1929 г. на новы тэрмін на пасаду рэктара абраны не быў.
Адначасова з дзейнасцю рэктара вучоны актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі і дзейнасці Інбелкульта: распрацаваў яго статут, быў старшынёй гісторыка-археалагічнай секцыі, пасля – загадчыкам кафедры права і гаспадаркі. У. Пічэта стаў адным з ініцыятараў стварэння Акадэміі навук БССР, а з 1928 г. – беларускім акадэмікам. З імем У. Пічэты звязана і арганізацыя архіўнай справы на Беларусі. Разам з іншымі вучонымі і архівістамі рэспублікі ён сабраў і захаваў шматлікія дакументальныя матэрыялы дарэвалюцыйных устаноў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў і Заходняга фронту, а таксама архіўныя фонды партыйных органаў і савецкіх устаноў. У. Пічэта неаднаразова абіраўся на з’езды Саветаў, быў членам ЦВК БССР 3–9 скліканняў. У 1930-я гады вучоны зведаў арышт і ссылку, але дзякуючы еўрапейскай вядомасці ў 1935 г. атрымаў дазвол вярнуцца ў Маскву, з якой і звязаў свой далейшы лёс. Напярэдадні вайны У. Пічэта ўзнавіў адносіны з Інстытутам гісторыі АН БССР і ў 1940 г. быў адноўлены у званні акадэміка Акадэміі навук БССР. У час вайны, знаходзячыся ў эвакуацыі ў Ташкенце, ён займаўся даследаваннем гісторыі Узбекістана, за што ў 1943 г. атрымаў ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі Узбекскай ССР. У 1945 г. быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Пасля вайны вучоны плённа працаваў у Акадэміі навук СССР. Быў абраны акадэмікам і ў 1947 г. стаў намеснікам дырэктара Інстытута славяназнаўства Акадэміі навук СССР.
Таленавіты даследчык, буйнейшы гісторык У. Пічэта пакінуў пасля сябе больш за 500 навуковых прац, у тым ліку 23 манаграфіі. У пачатку сваёй навуковай дзейнасці, а таксама ў 1930-я –1940-я гг. У. Пічэта шмат увагі надаваў гісторыі Расіі. Кола пытанняў, якія ён вывучаў, было надзвычай шырокім: узнікненне Рускай дзяржавы, мінулае Масквы, Смутны час, Айчынная вайна 1812 г. Вялікі ўклад зрабіў вучоны і ў развіццё славістыкі. Да гэтай тэмы ён звяртаўся ўсё жыццё, асабліва ў апошні яго перыяд. Але цэнтральнае месца ў навуковай дзейнасці вучонага займала гісторыя Беларусі. Яшчэ ў студэнцкія гады, знаходзячыся пад уплывам сваіх настаўнікаў – вядомых гісторыкаў В. Ключэўскага, М. Любаўскага, П. Вінаградава, – У. Пічэта зацікавіўся ВКЛ і ў 1909–1910 гг. напісаў артыкулы “Литовско-польские унии и отношение к ним литовско-русской шляхты” і “Литовско-Русское государство”, якія сталі першай прыступкай да ўжо названай вышэй манаграфіі “Аграрная реформа Сигизмунда Августа в Литовско-Русском государстве”, якая атрымала сусветную вядомасць. Вялікаму княству Літоўскаму У. Пічэта прысвяціў свае працы “История Литовского государства до Люблинской унии”, “Великое княжество Литовское (XIII–XVI вв.)”, “Юрыдычнае становішча вясковага насельніцтва на прыватнаўласніцкіх землях да часу выдання Літоўскага статута 1529 г.”. З імем У. Пічэты звязаны новы этап у вывучэнні пануючага класа Вялікага княства Літоўскага. Яго асобныя працы прысвечаны гісторыі Полацкай зямлі ў пачатку XVI ст., Мінска, Магілёва, Віцебска. Адным з першых вучоных гісторыкаў ён пачаў распрацоўваць тэму рабочага і сялянскага руху на Беларусі ў другой палове XIX – пачатку XX ст. Значнае месца сярод прац Пічэты займаюць яго даследаванні гісторыі культуры Беларусі. Беларускаму і ўсходнеславянскаму першадрукару Ф. Скарыне ён прысвяціў свае артыкулы “Францішак Скарына і яго працы”, “Друк на Беларусі ў XVI і XVII стагоддзях”, “Scoriniana”. І сёння не страцілі сваёй каштоўнасці працы вучонага, прысвечаныя беларускай мове. Вядомы гісторык-славіст У.Д. Каралюк пісаў пра У. Пічэту: “Не будучи белорусом, В.И. Пичета оказался именно тем русским историком, который благодаря своей великолепной научной подготовке и любви к славянскому белорусскому народу мог стать во главе возникшей белорусской исторической школы… Именно в Белоруссии Владимир Иванович сложился как один из крупнейших организаторов советской исторической науки”*.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2008 г.
* Вопросы истории. 1970. № 8. С. 76.