Краткая справка:
вядучая вышэйшая навучальная ўстанова ў нацыянальнай сістэме адукацыі, буйны навуковы цэнтр
Краткие названия:
БДУ
Названия на других языках:
Белорусский государственный университет (русский);
5305 символов
Справка
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ) з’яўляецца вядучай навучальнай установай у нацыянальнай сістэме адукацыі Беларусі, буйным навуковым і культурным цэнтрам краіны.
Дата нараджэння БДУ – 30 кастрычніка 1921 г., аднак яго гісторыя пачынаецца некалькімі гадамі раней. Пастанову аб адкрыцці ўніверсітэта Прэзідыум Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР прыняў 25 лютага 1919 г. Дзяржавай былі выдзелены грашовыя сродкі, перададзены будынкі для аўдыторый. У Маскве і Мінску дзейнічалі спецыяльныя камісіі, якія падбіралі навукова-педагагічныя кадры, распрацоўвалі вучэбныя планы, абмяркоўвалі структуру будучага ўніверсітэта. Аднак акупацыя буржуазнай Польшчай часткі тэрыторыі Беларусі на два гады перарвала гэтую дзейнасць. Толькі летам 1920 г., пасля вызвалення Мінска, падрыхтоўчыя камісіі аднавілі работу. У стварэнні ўніверсітэта ўдзельнічалі акадэмік Я. Ф. Карскі, прафесары В. П. Волгін, Л. С. Мінор, Д. М. Пранішнікаў, А. Ф. Фартунатаў, К. А. Ціміразеў і інш. Першым рэктарам БДУ Народным камісарыятам асветы БССР быў прызначаны выдатны вучоны, гісторык-славіст, прафесар У. І. Пічэта. Ён узначальваў установу восем гадоў і вельмі шмат зрабіў для развіцця вышэйшай школы ў Беларусі.
У першыя гады існавання БДУ зведаў цяжкасці ў сувязі з адсутнасцю кваліфікаваных педагагічных кадраў. Для выкладчыцкай працы ва ўніверсітэт запрашалі вучоных з Масквы, Петраграда, Кіева, Смаленска, Казані і іншых гарадоў. Сярод іх былі В. Г. Кнорын, У. М. Ігнатоўскі, У. М. Перцаў, М. М. Нікольскі і інш. У лютым 1925 г. БДУ выпусціў першых спецыялістаў, а ў кастрычніку 1927 г. пры ўстанове адкрылася аспірантура. Восенню таго ж года ў цэнтры Мінска пачалося будаўніцтва студэнцкага гарадка. У ім актыўна ўдзельнічалі студэнты, якія наладжвалі масавыя суботнікі. У 1930 г. БДУ атрымаў чатыры вучэбныя карпусы – медыцынскі, анатамічны, біялагічны і хімічны. Праз год завяршылася будаўніцтва галоўнага корпуса. На базе асобных факультэтаў БДУ ў Мінску адкрыты інстытуты – медыцынскі, педагагічны, юрыдычны, народнай гаспадаркі, – шэраг галіновых ВНУ, якія ў 1933 г. аб’яднаны ў Беларускі політэхнічны інстытут. За дзесяць гадоў існавання ўніверсітэт стаў асновай для арганізацыі 12 ВНУ і шэрагу НДІ.
У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны большасць выкладчыкаў і студэнтаў БДУ пайшлі на фронт, у партызанскія атрады або дзейнічалі ў падполлі. Шмат з іх аддалі жыццё за свабоду Айчыны, а 12 атрымалі высокае званне Героя Савецкага Саюза. Нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі навучальна-матэрыяльную базу ўніверсітэта. Каштоўнае абсталяванне лабараторый і кабінетаў, унікальныя экспанаты батанічнага, заалагічнага, мінералагічнага і глеба-геалагічнага музеяў былі вывезены ў Германію. Значную частку ўніверсітэцкага фонду ўдалося эвакуіраваць на станцыю Сходня, што знаходзілася непадалёку ад Масквы, дзе 11 кастрычніка 1943 г. БДУ аднавіў сваю работу. Летам 1944 г. Беларусь вызвалілі ад нямецкіх захопнікаў, і ўжо 1 жніўня ўніверсітэт вярнуўся ў родны горад. Студэнты і выкладчыкі стойка пераадольвалі пасляваенныя цяжкасці. Яны не толькі вучыліся і працавалі, але і будавалі свой універсітэт і горад. Былі адноўлены разбураныя карпусы БДУ, і з восені 1944 г. пачаліся рэгулярныя заняткі на сямі факультэтах, аднак даваенны ўзровень быў дасягнуты толькі ў канцы 1950 г. У наступныя гады ўніверсітэт пашырыўся: пабудавалі карпусы фізічнага і хімічнага факультэтаў, новы ўніверсітэцкі гарадок у прыгараднай зоне Мінска. Пачаўся перыяд бурнага росту, плённых пошукаў у навукова-даследчай і педагагічнай дзейнасці. 7 студзеня 1967 г. універсітэт быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт стаў роданачальнікам вышэйшай адукацыі ў краіне, назапасіў багатыя традыцыі ў выхаванні моладзі і навукова-даследчай рабоце. Сёння ў яго структуру ўваходзяць 16 факультэтаў, а таксама Дзяржаўны інстытут кіравання і сацыяльных тэхналогій, Інстытут бізнесу і менеджменту, Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла, ліцэй і юрыдычны каледж, некалькі нацыянальных навуковых цэнтраў і НДІ, унітарных навуковых і вытворчых прадпрыемстваў. Адказваючы патрабаванням часу, ва ўніверсітэце абучаюцца такім спецыяльнасцям, як міжнароднае права, міжнародныя адносіны, дызайн, турызм, эканамічная інфарматыка і інш. Навуковыя распрацоўкі БДУ выкарыстоўваюцца ва ўсіх галінах і сферах нацыянальнай эканомікі, навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя.
Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту – 90 гадоў! І калі па ўзросце ён значна саступае такім вядомым у свеце навучальным установам, як Кембрыджскі і Оксфардскі ўніверсітэты, Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М. В. Ламаносава, аднак па якасці адукацыі, па ўзроўні навуковай думкі займае дастойнае месца сярод сусветных лідараў вышэйшай школы. Пра гэта сведчаць поспехі яго студэнтаў на міжнародных алімпіядах і конкурсах, шматлікія ўзнагароды, атрыманыя беларускімі вучонымі на замежных і айчынных выстаўках за навуковыя распрацоўкі. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт уваходзіць у Еўрапейскую і Еўразійскую асацыяцыі ўніверсітэтаў, з’яўляецца адным з заснавальнікаў Міжнароднай сеткі ўніверсітэтаў Еўропы і Цэнтральнай Азіі, актыўна супрацоўнічае з вялікай колькасцю навучальных і навуковых цэнтраў свету.
Інфармацыю пра БДУ можна знайсці на сайце http://www.bsu.by.