Дата рождения:
24.09.1956 Воранава, г. п., Гродзенская вобласць
Краткая справка:
вучоны ў галіне тэхнічнай кібернетыкі, акадэмік НАН Беларусі, шэрага міжнародных акадэмій, заслужаны дзеяч навукі Беларусі (2017), лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1990), прэміі НАН Беларусі (1998, 2007), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2002), прэміі Расійскай АН і НАН Беларусі (2009), кавалер ордэна Дружбы (Расія)
Имена на других языках:
Абламейко Сергей Владимирович (русский);
5566 символов
Справка
У міжнародных навуковых колах вучоны Сяргей Уладзіміравіч Абламейка шырока вядомы як буйны спецыяліст у галіне інфарматыкі, інфармацыйных тэхналогій, апрацоўкі выяў і распазнавання вобразаў.
Нарадзіўся ён у г. п. Воранава Гродзенскай вобласці ў сям’і інжынера-землеўпарадчыка. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1973 г. паступіў на механіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (БДУ). Навуковай працай пачаў займацца яшчэ ў час вучобы і пераддыпломнай практыкі, якую праходзіў у Інстытуце тэхнічнай кібернетыкі Акадэміі навук БССР (зараз Нацыянальная акадэмія навук (НАН Беларусі)). Яго дыпломная работа была апублікавана ў навукова-тэхнічным зборніку інстытута «Теория и методы автоматизации проектирования» і ўдастоена ўзнагароды за першую навуковую публікацыю сярод маладых навукоўцаў.
Пасля заканчэння вучобы з 1978 па 2008 г. працаваў у інстытуце (з 2002 г. – Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі) спачатку стажорам-даследчыкам, малодшым навуковым супрацоўнікам, кіраўніком групы. З 1986 г. быў загадчыкам лабараторыі апрацоўкі і распазнавання выяў, з 1998 г. намеснікам дырэктара. З 2002 па 2008 г. з’яўляўся генеральным дырэктарам інстытута. Даследаваў пытанні стварэння аўтаматычнай апрацоўкі картаграфічных выяў. Вучоным былі распрацаваны метады папярэдняй апрацоўкі растравай графічнай інфармацыі і пабудовы лічбавай мадэлі графічнага дакумента па яго растравым ўяўленні, а таксама створана спецыяльнае праграмнае забеспячэнне. Вынікі даследаванняў ляглі ў аснову дысертацыі, якую С. У. Абламейкі абараніў у 1984 г. У далейшым вучоны развіваў даследаванні ў абраным кірунку і ў 1989 г. абагульніў іх у манаграфіі «Обработка и отображение информации в растровых графических системах» (у суаўтарстве). Гэта тэма таксама склала аснову доктарскай дысертацыі С. У. Абламейкі (1990). Распрацаваныя ім сумесна з вучнямі асновы тэорыі, метады, алгарытмы і сістэмы апрацоўкі і распазнавання розных класаў графічных выяў атрымалі шырокую міжнародную вядомасць і прызнанне і выкарыстоўваюцца ў шматлікіх галінах народнай гаспадаркі Беларусі і іншых краін.
У 1992 г. С. У. Абламейку прысвоена вучонае званне прафесара. У 1998 г. за вялікі ўклад у развіццё тэорыі апрацоўкі выяў быў абраны галоўным членам Міжнароднай асацыяцыі па распазнаванні вобразаў (IAPR). У 2004–2006 гг. з’яўляўся яе віцэ-прэзідэнтам, у 2006–2008 гг. першым віцэ-прэзідэнтам. У 2004 г. абраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі і прызначаны членам яе Прэзідыума. У 2005–2012 гг. быў акадэмікам-сакратаром Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН Беларусі. На працягу многіх гадоў У. С. Абламейка працаваў прафесарам кафедры матэматычнага забеспячэння АСК факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. У 2008 г. прызначаны рэктарам БДУ. У 2009 г. абраны акадэмікам НАН Беларусі. Вучоны быў навуковым кіраўніком праграм Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі «Космас-БР» і «СКІФ». Ён унёс вялікі ўклад у развіццё даследаванняў па касмічнай тэматыцы ў Беларусі і стварэнне найбольш моцных на тэрыторыі СНД суперкамп’ютараў.
Сяргей Уладзіміравіч Абламейка з’яўляецца аўтарам больш за 450 навуковых прац, у тым ліку 15 манаграфій. Сярод іх – «Географические информационные системы. Создание цифровых карт» (2000, у суаўтарстве), «Кибернетика жизни: размышления академика» (2012), «Космонавтика Беларуси» (2014) і інш. Вучоны – адзін з аўтараў вучэбных дапаможнікаў «Обработка изображений: технология, методы, применение» (2000), «Глобальные навигационные спутниковые системы» (2011), «Малые космические аппараты» (2012) і інш. Кнігі С. У. Абламейкі выдаюцца ў ЗША, Вялікабрытаніі, Нідэрландах, Польшчы і іншых краінах. Ён галоўны рэдактар часопісаў «Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя фізіка-матэматычных навук» і «Вестник БГУ», уваходзіць у рэдакцыйныя саветы часопісаў «Наука и инновации», «Информатика», член рэдкалегій часопісаў «Вестник компьютерных и информационных технологий», «Pattern Recognition and Image Analysis» і інш. Сяргей Уладзіміравіч Абламейка выконвае абавязкі намесніка старшыні Нацыянальнага савета па космасе Рэспублікі Беларусь. Ён член Камісіі па пытаннях дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, член Прэзідыума Рэспубліканскага савета рэктараў Беларусі і шэрагу іншых навуковых саветаў. З 2015 г. з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў. Вучоны абраны акадэмікам Еўрапейскай акадэміі, Расійскай акадэміі касманаўтыкі імя К. Э. Цыялкоўскага, Іспанскай каралеўскай акадэміі дактароў і шэрагу іншых акадэмій. Узнагароджаны ордэнам Дружбы Расійскай Федэрацыі (2009), бронзавым медалём Норберта Вінера Міжнароднай акадэміі навук інфармацыі, інфармацыйных працэсаў і тэхналогій (2003), медалём Францыска Скарыны (2007), залатым медалём Ю. Гагарына Федэрацыі касманаўтыкі Расіі (2007), ордэнам К. Э. Цыялкоўскага Федэрацыі касманаўтыкі Расіі (2015) і інш. Ён лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1990), Дзяржаўнай прэміі Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі (2002), прэмій НАН Беларусі за лепшую манаграфію (1998) і цыкл работ «Медицинские информационные технологии и системы» (2007), сумеснай прэміі НАН Беларусі і Расійскай акадэміі навук (2009). Вучонаму прысвоена званне ганаровага прафесара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта (Кітай), Універсітэта Бінь Зыёнг (В’етнам) і інш.