Осіпава Марыя Барысаўна (дзявочае Сакаўцова Марыя Барысаўна)
Дата рождения:
27.12.1908 Серкавіца, в., Талачынскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
05.02.1999 Мінск, г.
Краткая справка:
удзельніца Мінскага камуністычнага падполля і партызанскага руху ў Мінскай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1943), заслужаны работнік культуры Беларусі, узнагароджаная ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны І ст., Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі, ганаровая грамадзянка Мінска
Фамилия в девичестве:
Сакаўцова Марыя Барысаўна
Имена на других языках:
Осипова Мария Борисовна (русский); Соковцова Мария Борисовна (русский);
3359 символов
Справка
На тэрыторыі акупіраванай Беларусі з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны разгарнулася падпольная і партызанская барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сярод тых, кто змагаўся з ворагам, было шмат жанчын. Адна з іх – Марыя Барысаўна Осіпава, удзельніца Мінскага патрыятычнага падполля.
Яна нарадзілася ў в. Серкавіцы Сеннескага павета (цяпер Талачынскі раён Віцебскай вобласці) у сям'і рабочых. З 13 гадоў працавала на шкляным заводзе ў пасёлку Дрэтунь. Вяла актыўную грамадска-палітычную работу. Была старшынёй раённай арганізацыі піянераў. У 1924 г. М.Б. Осіпаву выбралі дэлегатам 6-га з’езда Расійскага Камуністычнага Саюза моладзі. З 1926 г. яна знаходзілася на савецкай і партыйнай рабоце. У ліпені 1928 г. стала членам Усесаюзнай Камуністычнай партыі (бальшавікоў). У 1933 г. з сям'ёй пераехала ў Мінск і паступіла ў Вышэйшую камуністычную сельскагаспадарчую школу Беларусі, якую скончыла ў 1935 г. Адукацыю працягвала ў Мінскім юрыдычным інстытуце. У час вучобы з'яўлялася сакратаром партыйнага камітэта. Пасля заканчэння была накіравана на работу ў Вярхоўны Суд БССР.
У гады акупацыі М.Б. Осіпава заставалася ў Мінску. У ліпені 1941 г. з былых выкладчыкаў і студэнтаў юрыдычнага інстытута яна арганізавала падпольную антыфашысцкую групу (спачатку туды ўваходзіла 14 чалавек, у верасні 1943 г. налічвалася каля 50). Марыя Барысаўна прымала ўдзел у рабоце падпольнай камсамольскай арганізацыі на гарбарным заводзе «Бальшавік». Яна арганізоўвала ратаванне, забеспячэнне дакументамі і адпраўку ў партызанскія атрады савецкіх ваеннапалонных і вязняў гета, займалася дастаўкай зброі і боепрыпасаў. Члены групы рыхтавалі і распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро. У канцы 1941 г. з групай Чорнай (падпольнае прозвішча М.Б. Осіпавай) устанавіў сувязь Мінскі падпольны гаркам партыі. З гэтага часу яна стала сувязной паміж кіраўніцтвам мінскага падполля і партызанскімі атрадамі «Дзімы», «Мясцовыя», брыгадамі «Дзядзькі Колі», «Жалязняк» і 200-й імя К.К. Ракасоўскага. Удзельнічала М.Б. Восіпава і ў выданне газеты «Звязда», якая выходзіла ў акупіраваным Мінску. У ходзе аперацыі «Адплата», адной з арганізатараў якой яна з'яўлялася, 22 верасня 1943 г. быў ліквідаваны генеральны камісар Беларусі В. Кубэ. 29 кастрычніка 1943 г. указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР М.Б. Осіпавай было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Яна ўзнагароджана таксама ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны I ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.
Пасля вызвалення Беларусі Марыя Барысаўна вярнулася ў Мінск. Яна актыўна ўдзельнічала ў аднаўленні разбуранага вайной горада. Працавала ў апараце Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, дзе ўзначальвала аддзел па памілаванні, з'яўлялася членам Вярхоўнага Суда БССР, уваходзіла ў рэспубліканскі Камітэт абароны міру. У 1947–1963 гг. была дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Вялікая заслуга М.Б. Осіпавай і ў рэабілітацыі членаў мінскага падполля, абвінавачаных у супрацоўніцтве з фашысцкімі акупантамі. Яна паручылася больш чым за 300 удзельнікаў антыфашысцкага руху. Пасля выхаду на пенсію займалася патрыятычным выхаваннем моладзі, удзельнічала ў ветэранскім руху. 5 лютага 1999 г. М.Б. Осіпава памерла. Пахавана ў Мінску на Усходніх (Маскоўскіх) могілках. Яна з'ўляецца ганаровай грамадзянкай г. Мінска. Імем падпольшчыцы названа вуліца ў Давыд-Гарадку.