Дата смерти:
14.11.1942 Сенненскі раён, Віцебская вобласць
Краткая справка:
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падпольнага і партызанскага руху ў Віцебскай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1943), кавалер ордэнаў Леніна (1942, 1943)
Псевдонимы:
Дзядзька Косця; Дядя Костя
Имена на других языках:
Заслонов Константин Сергеевич (русский);
3695 символов
Справка
Канстанцін Сяргеевіч Заслонаў нарадзіўся ў г. Асташкаў Цвярской вобласці Расіі ў сям’і рабочага. У 1930 г. скончыў Вялікалуцкую чыгуначную прафесійна-тэхнічную школу і стаў працаваць у Віцебскім паравозабудаўнічым дэпо слесарам, потым быў памочнікам машыніста, машыністам, брыгадзірам паравоза.
Інжынернай адукацыі К.С. Заслонаў не атрымаў, аднак на практыцы авалодаў тэхнікай і арганізацыяй чыгуначнай справы, стаў вопытным спецыялістам і ў 1935 г. быў прызначаны памочнікам начальніка лакаматыўнага дэпо станцыі Новасібірск-Галоўны. З 1937 г. працаваў начальнікам паравознага дэпо станцыі Рослаўль Смаленскай вобласці, са снежня 1939 г. – станцыі Орша Віцебскай вобласці.
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Орша як буйны чыгуначны вузел стала месцам штодзённых бамбардзіровак. Чыгуначнікі пад кіраўніцтвам К.С. Заслонава рамантавалі паравозы рэзервовага парка. За першыя два тыдні вайны больш за 150 паравозаў былі падрыхтаваны для вядзення саставаў. 2 ліпеня Заслонаў атрымаў загад аб неадкладнай эвакуацыі абсталявання ў Маскву. У сталіцы ён пачаў працаваць у паравозным дэпо імя Ільіча, аднак у хуткім часе звярнуўся ў Наркамат шляхоў зносін з просьбай адправіць яго на акупіраваную тэрыторыю для арганізацыі супраціўлення захопнікам. У верасні 1941 г. К.С. Заслонаў сфарміраваў партызанскі атрад чыгуначнікаў, які пад яго камандаваннем быў адпраўлены на захопленую ворагам тэрыторыю для правядзення дыверсійнай работы. У лістападзе 1941 г. К.С. Заслонаў быў прызначаны на пасаду начальніка рускіх паравозных брыгад Аршанскага дэпо. У хуткім часе ён арганізаваў і ўзначаліў некалькі падпольных дыверсійных груп, якія разам з іншымі групамі Аршанскага антыфашысцкага падполля парушалі работу чыгуначнага вузла. Для правядзення дыверсій заслонаўцы здабывалі ўзрыўчатку і выраблялі міны, замаскіраваныя пад каменны вугаль. За тры месяцы падпольшчыкі ажыццявілі каля 100 крушэнняў цягнікоў, вывелі са строю больш за 200 паравозаў, тысячы вагонаў і цыстэрнаў, звыш 200 аўтамашын і іншай тэхнікі ворага.
Калі ўзнікла пагроза правалу, К.С. Заслонаў стаў партызанам. З лютага 1942 г. ён камандаваў партызанскім атрадам, які хутка вырас у брыгаду “Дзядзі Косці”. Летам і восенню 1942 г. брыгада ажыццяўляла баявыя рэйды ў раёне Віцебск – Орша – Смаленск, дзе праходзілі важныя камунікацыі нямецкай групы войск “Цэнтр”, займалася знішчэннем варожых салдат і тэхнікі. У кастрычніку 1942 г. К.С. Заслонаў прыняў камандаванне ўсімі партызанскімі сіламі Аршанскай зоны. На жаль, 14 лістапада 1942 г. у баі з карнікамі каля вёскі Купаваць Сенненскага раёна Віцебскай вобласці камбрыг загінуў.
Заслугі Канстанціна Сяргеевіча Заслонава былі высока ацэнены дзяржавай: ён з’яўляецца кавалерам ордэнаў Леніна (1942, 1943), у сакавіку 1943 г. яму пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. 1 жніўня 1948 г. у Оршы быў адкрыты мемарыяльны музей у памяць аб легендарным падпольшчыку. У гэтым жа горадзе К.С. Заслонаву ўзведзены помнік. Помнікі ўстаноўлены таксама ў вёсцы Купаваць, на скрыжаванні аўтамабільных дарог Мінск – Масква і Орша – Віцебск, а на месцы гібелі – стэла. У Лепельскім раёне станцыя 116-ты км перайменавана ў чыгуначную станцыю Заслонава, назву “Заслонаўка” маюць вёскі Аршанскага і Сенненскага раёнаў Віцебскай вобласці. Імя героя прысвоена сярэдняй школе ў Оршы, дзіцячай чыгунцы ў Мінску, вуліцам у сталіцы, шэрагу абласных і раённых цэнтраў Беларусі. Подзвігу славутага партызанскага камбрыга прысвечаны кінафільмы “Константин Заслонов” (1949, рэжысёры А. Файнцымер і У. Корш-Саблін), “Это было в Орше” (1970, рэжысёр Л. Броўтман), “Отец” (1963, 1972, аўтар сцэнарыя і рэжысёр М. Заслонава), творы літаратуры, жывапісу, скульптуры і музыкі.