Краткая справка:
акцёр тэатра і кіно, народны артыст Беларусі і СССР, акадэмік Міжнароднай акадэміі тэатра, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1998), тэатральнай прэміі імя І. Буйніцкага (1992), прэміі "За духоўнае адраджэнне" (2003), прэміі Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі ў галіне культуры і мастацтва (2006), міждзяржаўнай прэміі "Зоркі Садружнасці" (2015), кавалер ордэна Ф. Скарыны (2000)
Имена на других языках:
Янковский Ростислав Иванович (русский);
3643 символа
Справка
Імя акадэміка Міжнароднай акадэміі тэатра, лаўрэата тэатральнай прэміі імя І. Буйніцкага, Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прэміі “За духоўнае адраджэнне” і прэміі Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі ў галіне культуры і мастацтва, ганаровага грамадзяніна г. Мінска Расціслава Іванавіча Янкоўскага добра вядома ў нашай краіне і за яе межамі.
Нарадзіўся акцёр у Адэсе. Яшчэ ў школе займаўся мастацкай самадзейнасцю, іграў камедыйныя ролі. Пасля заканчэння школы юнак працаваў дыспетчарам аўтабазы ў Ленінабадзе. У гэты час Р. Янкоўскі займаўся самадзейнасцю пры Палацы культуры. Там яго заўважыў кіраўнік мясцовага тэатра Д. Ляхавецкі і прапанаваў работу ў тэатры. Сумяшчаў работу і вучобу ў студыі пры тэатры. Малады акцёр быў заняты ў спектаклях “Макар Дубрава” А. Карнейчука, “Апошнія” М. Горкага. Пасля заканчэння студыі пры Ленінабадскім драматычным тэатры працаваў у розных тэатрах Савецкага Саюза. У 1957 г. разам з сям’ёю пераехаў у Мінск, і вось ужо больш за 50 год працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага. Прывабная знешнасць, прыродныя здольнасці да сцэнічнага пераўвасаблення, выключная працавітасць вялі яго да творчых поспехаў і прызнання. Над кожнай роллю Р. Янкоўскі працуе як удумлівы, сур’ёзны даследчык. Таму характары яго герояў цэласныя, напоўненыя сцэнічным тэмпераментам, жыццёвай і мастацкай праўдаў. Акцёр можа сыграць ўсё: сацыяльную драму, бытавую камедыю, рускую класіку і п’есу замежных аўтараў, – увасобіць творы беларускіх драматургаў. Школай прафесійнага майстэрства, а потым і крыніцай мастацкага натхнення стала для акцёра драматургія М. Горкага і А. Арбузава. Галерэя горкаўскіх вобразаў, сярод якіх Пётр, Якаў Каламійцаў (“Апошнія”), Мельнікаў, Пяцёркін (“Васа Жалязнова”), Ягор Булычоў (“Ягор Булычоў і іншыя”), Чапурын (“Дзеці сонца”), Барон (“На дне”), паказвае карціну грамадскага жыцця Расіі на пераломных этапах яе развіцця. Р. Янкоўскі багаццем сваёй акцёрскай палітры адлюстраваў духоўную спустошанасць і маральную некампетэнтнасць адных, чалавечую недасканаласць і сацыяльную асуджанасць другіх, трагічную непахіснасць трэціх. Жыццесцвярджальны пафас драматургіі А. Арбузава знайшоў яркае ўвасабленне ў вобразах Жэнькі Шарамета (“Домік на ўскраіне”), Максіма Самадзельнага (“Далёкая дарога”), Віктара Байцова (“Іркуцкая гісторыя”) і іншых, дзе Р. Янкоўскі паказаў сябе таленавітым выканаўцам. Кантрастныя сцэнічныя ўвасабленні ўласцівы вобразам у пастаноўках спектакляў па творах беларускіх аўтараў: Барыс (“Пад адным небам” А. Маўзона), Крыленка (“Галоўная стаўка” К. Губарэвіча), Гайшун (“Вяртанне ў Хатынь” паводле А. Адамовіча), Старцаў (“У прыцемках” А. Дударава), Альховік і Фёдар Максімавіч (“Трывога і Соль” А. Петрашкевіча) і інш. У класічным і сучасным рэпертуары Р. Янкоўскі стварыў цэлы шэраг вобразаў, якія склалі “залаты фонд” айчыннай сцэны.
Ёсць яшчэ адна яркая старонка ў творчым жыцці Р. Янкоўскага. Гэта кінематограф і тэлебачанне. Ён зняўся ў многіх фільмах: “Чырвонае лісце” (1958), “Служылі два таварышы” (1968), “Я, Францыск Скарына” (1969), “Ватэрлоо” (1970) і інш. Прымаў удзел у буйным праекце М. Міхалкова і П. Янкоўскага “Стацкі саветнік” (2005) па кнізе Б. Акуніна, дзе сыграў ролю Храпава. З кінематографам ён звязаны не толькі як акцёр. З 1993 г. – нязменны старшыня Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. У 1999 г. на гэтым кінафоруме Р. Янкоўскаму быў уручаны ганаровы дыплом “Джэнтльмен кіно і рыцар Мельпамены”. За ўклад у развіццё беларускай культуры ўзнагароджаны ордэнамі “Знак Пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, Айчыны III ступені, Францыска Скарыны, медалямі.