Дата рождения:
07.08.1910 Новы Пагост, в., Міёрскі (Мёрскі) раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
20.06.1986
Краткая справка:
этнамузыколаг, дзеяч харавога мастацтва, дырыжор, народны артыст Беларусі і СССР, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1978), прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968)
Имена на других языках:
Цитович Геннадий Иванович (русский);
2742 символа
Справка
Творчая дзейнасць Генадзя Іванавіча Цітовіча, заснавальніка беларускага этнамузыказнаўства – адна з самых яркіх старонак фальклорна-музычнага жыцця Беларусі.
Нарадзіўся Генадзь Цітовіч у в. Новы Пагост Мёрскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і сельскіх настаўнікаў. Пасля заканчэння праваслаўнай духоўнай семінарыі паступіў у Віленскі ўніверсітэт, а пазней у кансерваторыю, якую закончыў у 1939 г. Свой першы фальклорны запіс Г. Цітовіч зрабіў у дваццацідвухгадовым узросце ў час вучобы ў Віленскім універсітэце. Гэта была вясенняя песня “Ды што ў садзе лялеіцца”. Нястомныя пошукі мелодый, народных песень пачаліся з жадання запісаць у першую чаргу бабуліны песні. Потым быў зафіксаваны песенны фальклор родных мясцін. У пошуках народнага фальклору Г. Цітовіч пабываў у многіх кутках Беларусі. Ён стаў руплівым, шчырым і высокакваліфікаваным збіральнікам і даследчыкам беларускіх народных песень, іх інтэрпрэтатарам спачатку ў ансамблі “Баян”, з 1939 г. – у самадзейным Падлескім народным хоры (Ляхавіцкі раён), а потым з 1952 да 1974 г. – у Дзяржаўным акадэмічным народным хоры Рэспублікі Беларусь.
Генадзь Цітовіч аўтар прац “Беларускія народныя песні” (двухгалосыя, 1948), “Песні шчасця” (1950), “Песні беларускага народа” (1959), “Сучасная беларуская песня” (1961), “Польскія народныя песні” (выбраныя, 1962), “Новыя стылявыя рысы традыцыйнай беларускай народнай песні” (1964) і інш. З-пад яго пяра выйшлі энцыклапедычная “Анталогія беларускай народнай песні” і грунтоўнае даследаванне “Аб беларускім песенным фальклоры”. За гэтыя працы ў 1978 г. Генадзь Іванавіч Цітовіч быў удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР. Збіральніцкая дзейнасць для яго была не калекцыяніраваннем, а даследаваннем прынцыпаў народнай песні, яе інтанацыйнага і рытмічнага складу, меладычнай самабытнасці і перанясення ўсіх гэтых якасцей на прафесійную сцэну ў натуральным выглядзе без змены гукаўтварэння. Г. Цітовіч захоўваў першародную чысціню і хараство народных мелодый, даваў іх на сцэне ў сінкрэтычным адзінстве з музыкай, рухам, танцам. Нястомны прапагандыст беларускай музычнай культуры, ён глыбока раскрыў жывую трапяткую душу народнай песні і вывеў яе на шырокія прасторы сусветнага мастацтва. Г. Цітовіч запісаў больш за 3000 узораў песеннага і інструментальнага фальклору, зрабіў больш за 60 апрацовак беларускіх народных мелодый. Такія песні, як “Рэчанька”, “Вяне рута”, “Да ў зялёнай дуброве”, “Ой, рана на Йвана”, “Жавароначкі, прыляціце”, “Хацела ж мяне маці замуж аддаці”, “Чаму ж мне не пець?” і іншыя, увайшлі ў залаты фонд нацыянальнага музычнага мастацтва. Шматгранная творчая праца выдатнага фалькларыста-музыканта адзначана ўрадавымі ўзнагародамі – трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.