Дата рождения: 12.11.1920 Борхаў, в., Рагачоўскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти: 16.11.1982
Краткая справка: драматург, народны пісьменнік Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Купалы (1962), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1974)
Псевдонимы: Жур А.; Журавіцкі А.; Малаказдатчык А.
Имена на других языках: Макаёнок Андрей Егорович (русский);
Сярод айчынных драматургаў, якія раскрылі сацыяльнае прызначэнне камедыі, па праву можна назваць таленавітага беларускага драматурга Андрэя Ягоравіча Макаёнка. Яго п’есы заўсёды выклікалі павышаную цікавасць тэатральных калектываў і гледачоў. Абапіраючыся на багацце беларускага фальклору, пісьменнік па-наватарску развіваў традыцыі драматургіі, праўдзіва і ярка адлюстроўваў жыццё народа.
Нарадзіўся А. Макаёнак у в. Борхаў Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Журавіцкай школе, пасля заканчэння якой паступіў у ваеннае вучылішча. Аднак вайсковая служба не стала яго прызваннем. Вярнуўшыся на радзіму, працаваў масавіком раённага Дома культуры. Восенню 1939 г. прызваны ў армію, служыў на Каўказе, удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Быў у складзе Феадасійска-Керчанскага дэсанта, атрымаў цяжкае раненне, у выніку якога пагражала ампутацыя абедзвюх ног. Каля пяці месяцаў лячыўся ў шпіталях Краснадара і Баку. У 1942 г. А. Макаёнак быў прызнаны непрыгодным да вайсковай службы. Пасля дэмабілізацыі выкладаў ваенную справу ў грузінскай школе. Калі была вызвалена Гомельшчына, вярнуўся дадому і адразу ўключыўся ў работу. Працаваў сакратаром Журавіцкага райкама камсамола. Пасля вучобы на курсах прапагандыстаў яго накіравалі ў Гродна, дзе стаў другім сакратаром гаркама ЛКСМБ. Скончыўшы ў 1949 г. Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б, А. Макаёнак пачаў працаваць загадчыкам аддзела прозы часопіса «Вожык». У 1966–1977 гг. быў галоўным рэдактарам часопіса «Нёман».
Актыўная літаратурная творчасць А. Макаёнка пачалася з ваенных дзённікаў, розных замалёвак, псіхалагічных абразкоў і эцюдаў, сцэнак і нататак, што пры жыцці пісьменніка не друкаваліся, а таксама з прызначаных для часопіса “Вожык” гумарэсак і фельетонаў. Упершыню выступіў у друку ў 1946 г. з аднаактовай п’есай “Добра, калі добра канчаецца”. Твор быў адзначаны дыпломам і прэміяй на рэспубліканскім конкурсе. Да пачатку 1950-х гг. напісаў яшчэ некалькі аднаактовых п’ес, якія вызначаліся адметнай мастацкай выразнасцю, праблемнасцю, актуальнасцю: “Перад сустрэчай”, “Жыццё патрабуе”, “Крымінальная справа”, “Першае пытанне”, “Аксеніна цялушка”, а таксама шматактовыя: “Ворагі”, “Узыходы шчасця”, “Выйгрыш”. У часопісе “Вожык” папулярнасцю карысталася рубрыка “Выбачайце, калі ласка”, заснавальнікам і асноўным аўтарам якой быў А. Макаёнак. Вожыкаўскія публікацыі пісьменніка вызначаліся бескампраміснай вастрынёй выкрыцця розных прайдзісветаў, махляроў, нягоднікаў. Першай сур’ёзнай спробай А. Макаёнка ў драматургіі з’явілася п’еса “На досвітку” (1951), спектакль па якой быў пастаўлены рэжысёрам К. Саннікавым у 1952 г. у тэатры імя Я. Купалы. Твор апавядае пра барацьбу французскіх рабочых за свае правы. І хоць спектакль карыстаўся поспехам, драматург адчуваў, што павінен звярнуцца да беларускай рэчаіснасці, вясковага жыцця. Менавіта гэта грамадзянскае адчуваннне і дапамагло А. Макаёнку здзейсніць сапраўды творчы подзвіг – напісаць вострую, выкрывальную сатырычную камедыю “Выбачайце, калі ласка!” (1953). П’еса была пастаўлена беларускімі тэатрамі імя Я. Коласа (1953) і імя Я. Купалы (1954), больш як 200 тэатрамі па-за межамі Беларусі.
У новых сатырычных камедыях “Каб людзі не журыліся” (1958) і “Лявоніха на арбіце” (1961, Літаратурная прэмія імя Я. Купалы 1962) драматург працягваў раскрываць праблемы вясковай рэчаіснасці, пытанні калгаснага будаўніцтва, паказваць людзей з абывацельскай псіхалогіяй, асэнсоўваць жыццёвыя клопаты вяскоўцаў. Амаль 10 гадоў А. Макаёнак не прапаноўваў тэатрам новых п’ес, шукаў новыя сродкі сцэнічнай выразнасці. У выніку напружаных пошукаў узніклі трагікамедыі “Зацюканы апостал” (1969) і “Трыбунал” (1970). Першая вызначаецца вялікай філасофскай насычанасцю, прытчавай шматзначнасцю і абагульненасцю персанажаў. Стваралася трагікамедыя на матэрыяле замежнай рэчаіснасці і трактавалася як п’еса пра норавы буржуазнага грамадства. Другому твору аўтар даў падвойнае жанравае вызначэнне: трагікамедыя, народны лубок. Ён нязвыклы ўжо тым, што пра гераізм народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны драматург адважыўся пісаць у камедыйнай п’есе, шырока выкарыстоўваючы анекдатычныя сітуацыі, шаржыраваныя сцэны з яўнымі прыметамі фарса, высмейваннем няўдачлівых ваяк, дурных мужоў, іх жонак, розных махляроў і інш. Спектаклі доўгі час з поспехам ставіліся на сцэнах саюзных і замежных тэатраў. А ў 1974 г. А. Макаёнак за п’есы “Трыбунал” і “Таблетку пад язык” быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Коласа. У 1970-я гг. з’явіліся сатырычная камедыя трагікамічнага плана “Кашмар” (сцэнічная назва “Святая прастата”, 1974), сентыментальны фельетон “Верачка” (1979), трагікамедыя “Дыхайце эканомна” (1982). У апошняй на поўны голас гучыць пісьменніцкі пратэст супраць шалёнай гонкі ўзбраенняў і пагрозы тэрмаядзернай вайны. Асобнае месца ў творчасці А. Макаёнка займае п’еса “Пагарэльцы” (1980). Гэта трагікамедыя, дзе ўзнімаюцца балючыя сацыяльна-маральныя праблемы жыцця, і па сённяшні дзень гучыць актуальна. Усе п’есы драматурга вызначаюцца арыгінальнасцю формы і зместу. Над кожным творам пісьменнік працаваў доўга, старанна асэнсоўваў і аналізаваў убачанае. Пяру А. Макаёнка належаць пераклады многіх п’ес: “Дабракі” Л. Зорына, “Блакада” У. Іванова, “Чацвёрты” К. Сіманава і інш. Па яго сцэнарыях пастаўлены фільмы “У адзінай сям’і” (1957), “Шчасце трэба берагчы” (1958), “Кандрат Крапіва” (1961), “Пасля кірмашу” (1973) і інш.
А. Макаёнак – мастак яркага, непаўторнага таленту. Ён творча развіў многія жанравыя традыцыі беларускай драматургіі, узняў узровень айчыннай камедыяграфіі да лепшых сусветных узораў. Імем драматурга названы Гродзенская цэнтральная гарадская бібліятэка, сярэдняя школа ў Журавічах, дзе створаны літаратурны музей, вуліцы ў Гомелі і Мінску.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г., актуалізаваны ў 2020 г.