Дата рождения:
28.12.1910 Пухавіцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
12.02.1977
Краткая справка:
акцёр тэатра і кіно, народны артыст Беларусі
Имена на других языках:
Шатилло Иван Брониславович (русский);
3287 символов
Справка
Шмат запамінальных мастацкіх вобразаў стварыў вядомы акцёр Іван Браніслававіч Шаціла. Яго героі, прадстаўнікі самых розных сацыяльных груп грамадства, заўсёды былі вельмі рэалістычнымі. У кожным характары артыст імкнуўся знайсці індывідуальныя рысы.
Нарадзіўся І. Шаціла ў в. Талька Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Вучыўся ў прыватнай школе. Ужо ў дзяцінстве ў яго праявіліся артыстычныя здольнасці, актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. Тады і з’явілася жаданне стаць акцёрам. У 1927 г. пачаў вучыцца на драматычных курсах імя Ф. Дзяржынскага ў Мінску. Скончыўшы навучанне ў 1932–1961 гг., а пасля з 1967 па 1971 г. працаваў у Беларускім тэатры імя
Я. Купалы (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы), у 1961–1967 гг. – у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры імя М. Горкага (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага). У 1953 г. атрымаў ганаровае званне народнага артыста Беларусі.
Маючы акцёрскі талент, статную постаць, сцэнічнае абаянне, моцны драматычны тэмперамент, прыгожы тэмбравай афарбоўкі голас, выразную пластычнасць Іван Браніслававіч стварыў на сцэне як станоўчыя і нават ідэальныя, так і адмоўныя вобразы. Выступаў з такімі артыстамі, як Г. Глебаў, В. Пола, У. Уладамірскі, С. Станюта. Пераймаючы багаты вопыт славутых акцёраў, набыў высокае майстэрства, стаў акцёрам шырокага творчага дыяпазону. Складаным псіхалагічным малюнкам, глыбокім драматызмам вызначаліся ролі Рыгора («Партызаны» К. Крапівы), Касагорава («Уцёкі з ночы» бр. Тур). Высокім грамадзянскім пафасам, патрыятычным гучаннем надзелены вобразы Сафонава («Рускія людзі» К. Сіманава), Алега Кашавога («Маладая гвардыя» паводле А. Фадзеева), Левановіча («Хто смяецца апошнім» К. Крапівы). Сапраўдным творчым здабыткам стала роля Янкі Купалы ў спектаклі «Шчасце паэта» В. Віткі, якую І. Шаціла выканаў узнёсла, з вялікай творчай аддачай і адухоўленасцю. Акцёр імкнуўся перадаць якасці, уласцівыя паэту: натхнёнасць, вялікую любоў да простых людзей, імкненне разабрацца ў супярэчнасцях жыцця, знайсці шлях да сэрца народа, служыць яму сілай свайго таленту. Сыграны эмацыянальна, тэмпераментна ролі парывістага Рыбакова («Крамлёўскія куранты» М. Пагодзіна), паэтычнага, летуценнага Якіма Сарокі («Паўлінка» Я. Купалы), лірычнага, надзеленага душэўнай цеплынёй Міколы Вераса («Пяюць жаваранкі» К. Крапівы) і інш. Нават у параўнальна невялікіх ролях нярэдка даволі глыбока раскрываўся талент І. Шацілы: агністы і напорысты Тыбальт («Рамэа і Джульета» У. Шэкспіра), нягоднік Якараў («Апошнія» М. Горкага), абмежаваны прадстаўнік улады Мядзведзеў («На дне» М. Горкага) і інш. На сцэне Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра імя М. Горкага стварыў цікавыя, змястоўныя вобразы. Сярод іх – Аляксей («Аптымістычная трагедыя» У. Вішнеўскага), Давыдаў («Узнятая цаліна» паводле М. Шолахава), Паратаў («Беспасажніца» А. Астроўскага) і інш. Вярнуўшыся ў Купалаўскі тэатр, з высокім трагедыйным напалам сыграў ролю Сыраварава ў спектаклі «У мяцеліцу» Л. Лявонава, у якой яскрава і поўна раскрыліся шырыня і маштаб таленту, майстэрства І. Шацілы. Таксама акцёр здымаўся ў фільмах «Пяюць жаваранкі», «Першыя выпрабаванні», «Вуліца малодшага сына», «Масква – Генуя» і інш. Выступаў як чытальнік на Беларускім радыё, удзельнічаў у радыёпастаноўках.