Нарадзіўся Віктар Мацвеевіч 22 красавіка 1910 г. на чыгуначнай станцыі Цінская Ніжнеінгашскага раёна Краснаярскага краю ў шматдзетнай сям'і. Пасля заканчэння ў 1928 г. школы з педагагічным ухілам працаваў настаўнікам, а праз год накіраваны на далейшую вучобу. У 1936 г. скончыў Усерасійскую акадэмію мастацтваў у Ленінградзе. У гэты час тут працавалі вядомыя майстры савецкай архітэктуры, у тым ліку і прафесар І.Р. Лангбард, які стаў кіраўніком дыпломнага праекта студэнта В. Волчака.
1937–1953 гг. пазначаны ў біяграфіі В. Волчака як гады напружанай працы ў Ташкенце. Ён аўтар буйных грамадскіх будынкаў, праекта помніка выдатнаму узбекскаму паэту Алішэру Навоі (сумесна са скульптарам Л. Дзітрыхам), які быў устаноўлены на адной з вуліц Ташкента ў 1950 г.
У гады Вялікай Айчыннай вайны В. Волчак знаходзіўся ў дзеючай арміі, вызваляў Беларусь, Польшчу, Чэхаславакію. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені і пяццю медалямі, у тым ліку медалём «За адвагу». Пасля вайны вярнуўся на былое месца працы, а ў красавіку 1953 г. пераехаў у Мінск і ўладкаваўся на працу галоўным архітэктарам інстытута «Белдзяржпраект» (1953–1959).
Галоўны кірунак творчасці Віктара Мацвеевіча – архітэктура адміністрацыйных будынкаў. Асноўныя работы на Беларусі: будынак Мінскага аблвыканкама (1958), Дзяржаўны літаратурны музей імя Янкі Купалы (1959), жылы дом ЦК КПБ на вуглу вуліц К. Маркса і Я. Купалы (1959). У гэты ж перыяд В.М. Волчак звяртаецца да манументальнага мастацтва. Першай работай на беларускай зямлі ў гэтым жанры быў помнік Ф. Дзяржынскаму (1953, скульптар З. Азгур). Як архітэктар-манументаліст у садружнасці са скульптарамі ён шмат працуе над ленінскай тэмай. У 1957 г. па яго праекце (скульптар С. Сабсай) устаноўлены помнік В.І. Леніну ў Магілёве перад Домам Саветаў і Маладзечне (1959, скульптар З. Азгур).
Значны ўклад унёс Віктар Мацвеевіч у гераічную тэму Вялікай Айчыннай вайны, стварыўшы мемарыяльныя збудаванні і памятныя знакі ў гонар савецкіх воінаў і партызан. Па яго праектах у розныя гады ўзведзена 11 буйных мемарыялаў. І ўжо ў першых сваіх работах – помніку на брацкай магіле польскіх воінаў дывізіі імя Т. Касцюшкі ў в. Леніна Горацкага раёна Магілёўскай вобласці (1953), помніку на брацкай магіле ахвярам Масюкоўшчынскага лагера смерці ў Мінску (1959), абелісках у гонар савецкіх воінаў і партызан у г.п. Івянец Валожынскага раёна (1959, скульптар Я. Печкін), помніку ахвярам фашысцкага тэрору ў в. Уручча (1959) – дакладна прасочваецца ідэйна-мастацкая накіраванасць дойліда. Для іх характэрны актыўнае развіццё прасторавай кампазіцыі мемарыяла, імкненне да гарманічнай узаемасувязі помніка з дакументальна-прасторавым наваколлем ландшафту. У 1959 г. сумесна са скульптарам С. Селіханавым створаны ў Мінску помнік піянеру-герою М. Казею.
На працягу 15 гадоў, пачынаючы з 1956 г., В.М. Волчак працаваў над тэмай абароны Брэсцкай крэпасці. Ён удзельнічаў ва ўсіх архітэктурных конкурсах, якія праводзіліся на гэту тэму, і, нарэшце, у 1966 г. увайшоў у склад творчага калектыву, узначаленага народным мастаком СССР скульптарам А. Кібальнікавым. Каля трох гадоў Віктар Мацвеевіч быў галоўным архітэктарам праекта гэтага ўнікальнага комплексу, а затым ажыццяўляў аўтарскі нагляд за будаўніцтвам мемарыяла. 25 верасня 1971 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё велічнага мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой».
На працягу 20 гадоў (1954–1975) В.М. Волчак выкладаў у Беларускім політэхнічным інстытуце. У апошнія гады жыцця (з 1979 г.) працаваў у інстытуце «Мінскметропраект».
Архітэктурныя заслугі В.М. Волчака адзначаны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Узбекскай ССР і Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. У 1978 г. архітэктару прысвоена званне заслужанага архітэктара БССР.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.