Краткая справка:
дзяржаўная ўстанова, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2014)
Названия на других языках:
Брестская крепость-герой (русский); Мемориальный комплекс "Брестская крепость-герой" (русский);
Предыдущие названия:
Брестская крепость-герой, мемориальный комплекс; Брэсцкая крэпасць-герой, мемарыяльны комплекс
3668 символов
Справка
Галоўным гістарычным і турыстычным аб’ектам горада з’яўляецца Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”. Створаны ў 1969–1971 гг. на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці для ўвекавечання подзвігу ўдзельнікаў яе абароны ў чэрвені – ліпені 1941 г. у час Вялікай Айчыннай вайны. Аўтарамі комплексу з’яўляюцца скульптары А. Кібальнікаў (мастацкі кіраўнік), А. Бембель, У. Бабыль; архітэктары У. Кароль, В. Волчак, В. Занковіч, Ю. Казакоў, А. Стаховіч; мастак-архітэктар Г. Сысоеў. У распрацоўцы праекта ўдзельнічалі інжынеры-канструктары М. Гордзін, М. Мэтс, Л. Рашаль і інш. Комплекс урачыста адкрыты 25 верасня 1971 г. На мерапрыемстве прысутнічала больш за 600 ветэранаў– удзельнікаў абарончых баёў за крэпасць і Брэст.
Скульптурна-архітэктурны ансамбль уключае ўцалелыя будынкі, закансерваваныя руіны, крапасныя валы і творы сучаснага манументальнага мастацтва. Комплекс размешчаны ва ўсходняй частцы Цытадэлі. Кожны кампазіцыйны элемент ансамбля нясе вялікую сэнсавую нагрузку і аказвае моцнае эмацыянальнае ўздзеянне. Галоўны ўваход вырашаны ў выглядзе прарэзанай пяціканцовай зоркі ў маналітным жалезабетонным блоку, што абапіраецца на вал і сцены казематаў. Ад яго алея вядзе праз мост да плошчы Цырыманіялаў, дзе праходзяць масавыя ўрачыстасці. Злева ад моста знаходзіцца скульптурная кампазіцыя “Смага” – фігура савецкага воіна, які, абапіраючыся на аўтамат, цягнецца рукой з каскай да вады. Цэнтрам ансамбля з’яўляецца галоўны манумент “Мужнасць” – абагульнены вобраз воіна-пераможца (выкананы з жалезабетону, вышыня – 33,5 м). На адваротным яго баку знаходзяцца барэльефы, што расказваюць аб асобных эпізодах гераічнай абароны крэпасці – “Контратака”, “Партыйны сход”, “Апошняя граната”, “Подзвіг артылерыстаў”, “Кулямётчык”. Над шырокай прасторай дамінуе штык-абеліск (абліцаваны тытанам, вышыня – 100 м). У цэнтры архітэктурнага ансамбля – трох’ярусны калумбарый, дзе пахаваны астанкі 962 абаронцаў крэпасці і членаў іх сямей. На ўстаноўленых тут мемарыяльных плітах – 272 прозвішчы. Астатнія пазначаны як невядомыя. Перад руінамі былога інжынернага ўпраўлення, у паглыбленні, абліцаваным чорным лабрадарытам, гарыць Вечны агонь. Недалёка ад яго знаходзіцца мемарыяльная пляцоўка, дзе пад гранітнымі плітамі з выявай медаля "Залатая Зорка", закладзены капсулы з зямлёй гарадоў-герояў. На сценах казарм, руінах і іншых збудаваннях устаноўлены мемарыяльныя дошкі ў выглядзе адрыўных лісткоў календара 1941 г., якія з’яўляюцца своеасаблівай хронікай гераічнай абароны крэпасці. На агляднай пляцоўцы прадстаўлена артылерыйскае ўзбраенне сярэдзіны XIX ст. і пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У 2011 г. манументальная кампазіцыя мемарыяла папоўнілася помнікам воінам-пагранічнікам.
Незабыўнае ўздзеянне на наведвальнікаў аказваюць не толькі музычна-гукавое суправаджэнне, але і вячэрняя мастацка-дэкаратыўная падсветка, якая складаецца з мноства пражэктараў чырвонага, белага і зялёнага колераў. У склад мемарыяльнага комплексу ўваходзяць Музей абароны Брэсцкай крэпасці-героя, яго філіял «Пяты форт», дзе размешчаны музей фартыфікацыі і ўзбраення XIX–XX стст. На тэрыторыі крэпасці таксама знаходзяцца Брэсцкі мастацкі музей і археалагічны музей «Бярэсце».
Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» разам з тэрыторыяй старажытнага Брэста ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і знаходзіцца пад аховай дзяржавы. У 2014 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь комплексу прысуджана спецыяльная прэмія ў галіне культуры і мастацтва за захаванне гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне і стварэнне новай экспазіцыі ў паўднёва-ўсходняй казарме Цытадэлі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г., актуалізаваны ў 2020 г.