Георгій Васільевіч Сысоеў нарадзіўся 17 кастрычніка 1919 г. у Волагдзе (Расія) у сям’і мастака. Яго бацькоў рэпрэсіравалі ў 1937 г. Пасля выдатнага заканчэння сярэдняй школы ў 1938 г. Георгій паступіў на архітэктурны факультэт Леніградскага інжынерна-будаўнічага інстытута. Як сын ворагаў народа не атрымліваў стыпендыі і вымушаны быў вечарамі працаваць у брыгадзе маляроў. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны закончыў тры курсы інстытута. Дабравольцам пайшоў на фронт і ўсю вайну прайшоў тэхнікам-будаўніком у ваенна-будаўнічым атрадзе. Будаваў абаронныя рубяжы, камандныя і назіральныя пункты, выконваў заданні па інжынерным забеспячэнні наступаючых войск на Заходнім, Цэнтральным, 1-м і 2-м Беларускіх франтах. У маі і жніўні 1945 г. узнаўляў узарваныя немцамі масты праз раку Одэр.
У верасні 1945 г. Георгій Сысоеў дэмабілізаваўся і паступіў на трэці курс Ленінградскага інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна. У 1949 г. выдатна абараніў дыпломны праект “Музей абароны горада Ленінграда”. Маладога архітэктара накіравалі на работу ў інстытут “Ленакадэмпраект”. Тут ён удзельнічаў ва ўзнаўленні інтэр’ераў Аляксандраўскага палаца ў г. Пушкіне і галоўнага будынка Пулкаўскай абсерваторыі, праектаваў Інстытут фізікі і матэматыкі Латвійскай Акадэміі навук, Горна-геалагічны інстытут і Інстытут фізікі металаў у Свярдлоўску, шэраг збудаванняў для Інстытута фізіялогіі імя Паўлава ў Ленінградзе і інш.
Па рэкамендацыі народнага архітэктара СССР С.Б. Спяранскага Сысоева запрасілі ў Мінскі інстытут “Белдзяржпраект”. Ужо ў жніўні 1952 г. пачалося будаўніцтва першага аб’екта Г.В. Сысоева ў Беларусі – летняга кінатэатра “Радуга” ў парку Чалюскінцаў. Праект быў удастоены граматы Саюза архітэктараў СССР на Усесаюзным аглядзе творчых работ маладых архітэктараў. У 1953 г. Георгія Васільевіча прызначылі кіраўніком аўтарскага калектыву па праектаванні другой чаргі галоўнага праспекта сталіцы – ад плошчы імя Я. Коласа да выхаду на Маскоўскую шашу. Сумесна з архітэктарамі С.С. Мусінскім і Д.П. Кудраўцавым Г. В. Сысоеў праектаваў і будаваў інтэрнат Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт), жылыя дамы з магазінамі “Салон гадзіннікаў”, “Сінтэтыка” і “Кветкі” на Ленінскім праспекце (сёння праспект Незалежнасці”), жылы дом з магазінам “1000 дробязей”, уваход у Батанічны сад на плошчы імя Калініна (сумесна з Л.А. Каджар і С.С. Мусінскім).
У пачатку 1960-х гг. архітэктар перайшоў на работу ў інстытут “Мінскпраект”, дзе сумесна з С.С. Мусінскім праектаваў будынак гарвыканкама на плошчы імя У.І. Леніна (сёння плошча Незалежнасці), новы корпус гасцініцы “Мінск”, комплекс 11-павярховых дамоў з кафэ “Планета” на бульвары Луначарскага (суаўтары Д.П. Кудраўцаў і Э.П. Левіна), 8-павярховы жылы дом з магазінам “Тэхніка ў побыце” на Юбілейнай плошчы.
У студзені 1966 г. па даручэнні Міністэрства гандлю СССР Г.В. Сысоеў узначаліў архітэктурнае праектаванне ў інстытуце “Белгіпрагандаль”. Ён займаўся рэканструкцыяй рэстарана фабрыкі-кухні “Папараць-кветка” і тэатральнай часткі Дома афіцэраў, сумесна з архітэктарам Я.А. Цюкавым будаваў Мінскі аблвыканкам на вуліцы Чкалава.
Георгій Васільевіч – удзельнік шматлікіх архітэктурных конкурсаў. У 1958 г. са скульптарам З.І. Азгурам прымаў удзел у конкурсе на праект помніка “Змагарам за Савецкую ўладу ў г. Магілёве” і атрымаў першую прэмію. У канцы 1950-х – пачатку 1960-х гг. праходзіла некалькі тураў конкурсу на праект манумента на ўшанаванне памяці гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці. Праекты Г.В. Сысоева занялі прызавыя месцы.
У 1966 г. быў арганізаваны творчы калектыў па праектаванні і будаўніцтве мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць – герой”, які ўзначаліў народны мастак СССР, скульптар А.П. Кібальнікаў. Доўгі час Г.В. Сысоеў быў галоўным архітэктарам помніка, арганізоўваў праектаванне гэтага складанага аб’екта, распрацоўку рабочых чарцяжоў усіх збудаваняў і добраўпарадкаванасці крэпасці.
З 1971 г. архітэктар зноў працаваў у інстытуце “Мінскпраект”. Яму прапанавалі ўзначаліць работу па ўдасканаленні масавага індустрыяльнага домабудавання ў горадзе. Г.В. Сысоеў арганізаваў аддзел перспектыўнага праектавання, дзе вяліся пошукі шляхоў стварэння новых горадабудаўнічых ансамбляў на базе рознапавярховых блок-секцый з цэглы і маналітнага жалезабетону. Комплекс 12–16-павярховых буйнапанэльных жылых дамоў з убудавана-прыбудаванымі аб’ектамі культурнага побыту ў мікрараёне Усход-1 пры ўездзе ў горад з боку Маскоўскай шашы стаў візітнай карткай Мінска. Фасады 16-павярховых дамоў упрыгожаны мазаічнымі пано па эскізах народнага мастака Беларусі А.М. Кішчанкі.
З удзелам архітэктара ствараліся новыя праекты мікрараёнаў: эксперыментальны жылы раён на вуліцы Прытыцкага, унікальны комплекс рознапавярховых жылых дамоў з садамі над 14-павярховымі карпусамі, шматпавярховыя жылыя дамы з аглапарытабетону. Г.В. Сысоеў удзельнічаў у конкурсе на праект Палаца рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы.
У 1990-я гады Г.В. Сысоеў у складзе групы архітэктараў выканаў праект рэканструкцыі 2-й клінічнай бальніцы, займаўся карэктыроўкай інтэр’ераў будынка быўшага абкама КПБ у Мінску. Сумесна са скульптарам Г.І. Мурамцавым на конкурс Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прадставіў адзін з лепшых праектаў помніка Сімяону Полацкаму для старажытнага горада.
За творчую дзейнасць і значны ўклад у развіццё беларускай архітэктуры Г.В. Сысоеў удастоены звання “Заслужаны архітэктар БССР” (1973). Ён акадэмік Беларускай акадэміі архітэктуры, член-карэспандэнт Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў у Санкт-Пецярбургу (1994), узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1976), трыма Ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1972, 1979, 1985), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1968) за стварэнне архітэктурнага ансамбля Ленінскага праспекта (у складзе аўтарскага калектыву). У 1978 г. атрымаў прэмію Савета Міністраў СССР за праектаванне і будаўніцтва ў Мінску панэльных жылых дамоў новых серый (у складзе аўтарскага калектыву), уладальнік прэміі і дыплома Саюза архітэктараў СССР на ўсесаюзных аглядах дасягненняў савецкай архітэктуры (1977, 1981).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.