Дата рождения:
15.05.1936 Вялікі Бор, в., Хойніцкі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
05.07.1995
Краткая справка:
пісьменнік, перакладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1982), Літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1991), кавалер двух ордэнаў "Знак Пашаны", уладальнік медаля Ф. Скарыны
Псевдонимы:
Бародка Б.; Сібарсач І.; Сібарсач Р.; Чорны Б.
Имена на других языках:
Саченко Борис Иванович (русский);
3813 символа
Справка
Каштоўным набыткам беларускай літаратуры другой паловы XX ст. стала творчасць празаіка Б. Сачанкі.
Радзіма пісьменніка – вёска Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Дзяцінства яго прыпала на гады вайны. Родная вёска была спалена фашыстамі, а хлопчык разам з бацькамі выгнаны ў Германію. Дамоў яны вярнуліся толькі пасля вызвалення. У 1960 г. Б. Сачанка скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт імя У.І. Леніна. Вучобу спалучаў з працай у часопісе “Вожык”. Працаваў у аддзеле прозы часопіса “Полымя”. У 1976–1986 гг. быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 1986 г. – загадчыкам рэдакцыі перакладной замежнай літаратуры выдавецтва “Мастацкая літаратура”, у апошнія гады жыцця – галоўным рэдактарам выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя”.
Свой творчы шлях Б. Сачанка пачаў з апавядання “Плынь”, надрукаванага ў 1956 г. у часопісе “Маладосць”. Ужо першыя апісанні, замалёўкі, кароценькія навелы паказалі, што галоўная каштоўнасць для пісьменніка – чалавек з яго духоўным светам, ладам жыцця. Першыя кнігі Б. Сачанкі “Дарога ішла праз лес” (1960) і “Барвы ранняй восені” (1962) з’явіліся своеасаблівым адкрыццём Палесся, яго зямлі, людзей, іх думак, настрояў, побыту. Па сутнасці ўся творчасць пісьменніка звязана з яго малой радзімай. Родным мясцінам Б. Сачанка прысвяціў нарыс “Зямля маіх продкаў”, аповесці “Баравое рэха”, “Дзік-бадзяга”. Гісторыя палескага краю раскрываецца ў аповесцях “Варэйка Золата”, “Англіцкая сталь”, “Дыярыуш Мацея Белановіча” і інш. Своеасаблівым вяртаннем на радзіму стала кніга Б. Сачанкі “Ваўчыца з Чортавай Ямы” (1978), адзначаная Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Якуба Коласа, 1982.
Паралельна з тэмай Палесся, пачынаючы з першай кнігі і да твораў апошніх гадоў, праз творчасць Б. Сачанкі праходзіць тэма Вялікай Айчыннай вайны. Прыкметнымі вехамі на шляхах яе раскрыцця сталі аповесці “Пакуль не развіднела” (1965), “Апошнія і першыя” (1966), “Аксана” (1968), раманы “Чужое неба” (1975) і “Вялікі Лес” (1979–1983). Адным з лепшых дасягненняў празаіка з’яўляецца аповесць “Апошнія і першыя”, у якой ён узнавіў трагедыю адной са шматлікіх беларускіх Хатыней, спаленых фашыстамі ў вайну. Твор прысвечаны роднай вёсцы пісьменніка. У рамане “Чужое неба” Сачанка, імкнучыся паглыбіць праўду пра вайну, расказаў пра лёс людзей у выгнанні, стварыў дакладную і драматычную карціну чалавечага існавання пад чужым небам. Раман-трылогія “Вялікі Лес”, праз які таксама праходзіць тэма вайны, ахоплівае вялікі перыяд жыцця жыхароў вёскі Вялікі Лес і апавядае пра час калектывізацыі, пра суровыя 1930-я гады. Твор гэты глыбокі і арыгінальны. Пісьменнік стварыў у ім цэлую галерэю цікавых персанажаў, як станоўчых, так і адмоўных. Апошнія зборнікі аповесцей пісьменніка – “Горкая радасць вяртання” (1987), “Родны кут” (1989), “Вечны кругазварот” (1989). Добра праявіў сябе ў гэтыя гады Б. Сачанка і як руплівы літаратуразнавец і публіцыст, настойлівы збіральнік беларускай літаратуры. Ён пісаў пра невядомыя ці малавядомыя старонкі з жыцця Я. Купалы і Я. Коласа, пра Ф. Скарыну і М. Доўнар-Запольскага, пра К. Сваяка, Я. Радзівіла, пра драматычны лёс беларускай інтэлігенцыі. Кніга крытыкі і публіцыстыкі Б. Сачанкі “Сняцца сны аб Беларусі…” (1990) была адзначана ў 1991 г. Літаратурнай прэміяй імя І.П. Мележа. Плённа працаваў пісьменнік у галіне дзіцячай літаратуры, сатыры і гумару. Перакладаў на родную мову творы Я. Гуцалы, П. Андрэева, І. Андрыча, А. Салынскага і інш.
Багата зрабіў Б. Сачанка і як укладальнік. Ён склаў кнігі аповесцей і апавяданняў Я. Гушчы “Пан Грацыян і іншыя”, Я. Івашкевіча “Дзяўчына і галубы”, выбранай прозы М. Булгакава, У. Набокава, “Анталогію рускага савецкага апавядання”, анталогію эмігранцкай беларускай паэзіі “Туга па Радзіме” і інш. Па сцэнарыю Б. Сачанкі ў 1990 г. быў зняты дакументальны фільм “Алесь Гарун”.