Дата рождения:
05.05.1819 Убель, в., Чэрвеньскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
04.06.1872
Краткая справка:
польскі і беларускі кампазітар, дырыжор, педагог, класік польскай і беларускай вакальнай лірыкі, стваральнік нацыянальнай класічнай оперы, першых нацыянальных сімфанічных твораў
Варианты имени:
Манюшка Станіслаў Ян Эдуард Казімір
Имена на других языках:
Moniuszko Stanisłav (польский); Монюшко Станислав (русский);
3821 символ
Справка
У цэнтры айчыннай музычнай культуры XIX ст. амаль два дзесяцігоддзі вылучалася асоба выдатнага музыканта і дырыжора, буйнейшага кампазітара свайго часу Станіслава Манюшкі.
Род Манюшкаў паходзіў з этнічных беларускіх тэрыторый Падляшша і належаў да той часткі насельніцтва, якая спавядала каталіцкую веру і карысталася польскай мовай. Нарадзіўся С. Манюшка на Ігуменшчыне (цяпер Чэрвеньскі раён) у спадчынным маёнтку Убель. Там прайшло яго маленства. Першапачатковую музычную адукацыю Станіслаў атрымаў ад маці, якая вучылася пад кіраўніцтвам вядомага мінскага музыканта і кампазітара П. Карафы-Корбута. Калі настаў час вучобы хлопчыка, сям’я пераехала ў Мінск, дзе С. Манюшка пачаў займацца музыкай пад кіраўніцтвам дырыжора і выдатнага музычнага педагога Д. Стафановіча. У семнаццацігадовым узросце юнак два гады займаўся ў Берлінскай пеўчай акадэміі пад кіраўніцтвам К.-Ф. Рунгенхагена. У Берліне былі напісаны і выдадзены першыя творы С. Манюшкі: “Тры песні” (“Сон”, “Няўпэўненасць”, “Пяшчотка”, 1838), песня “Размова” і балада “Тры Будрысы” (1839) на тэксты А. Міцкевіча, I струнны квартэт. Да гэтага ж часу адносіцца і стварэнне ім першых музычна-сцэнічных твораў і рэлігійнай музыкі. У 1840 г. кампазітар пераязджае ў Вільню. Наступныя 18 год сталі для яго часам напружанай працы і росквіту музычнай творчасці.
У віленскі перыяд кампазітар стварыў большую частку вакальных твораў на сюжэты і тэксты беларускіх народных песень, перакладзеных на польскую мову Я. Чачотам, У. Сыракомлем, А. Міцкевічам і іншымі знакамітымі паэтамі, якія пачаў аб’ядноўваць у серыю зборнікаў пад агульнай назвай “Хатні спеўнік” (першы выйшаў у 1843 г.) Рамансы і песні С. Манюшкі фактычна змянілі бытавы і канцэртны фон Беларусі і Польшчы, дагэтуль арыентаваны на італьянскія, французскія і нямецкія музычныя творы.
Вялікую частку спадчыны С. Манюшкі беларускага перыяду склалі творы на рэлігійную тэматыку, сярод якіх чатыры “Вострабрамскія літаніі” (1843–1855) многія даследчыкі лічаць найвышэйшым дасягненнем кампазітара ў сферы рэлігійнай музыкі, напісанай у беларускі перыяд. Працаваў С. Манюшка і ў такіх жанрах, як кантата, сімфанічная паэма і інш. З Беларуссю звязаны і яго першыя вадэвілі, музычныя камедыі і камічныя оперы. На лібрэта В. Дуніна-Марцінкевіча ім напісаны “Рэкруцкі набор”, “Спаборніцтва музыкаў”, “Чарадзейная вада”. Пастаўленая ў 1852 г. у Мінску разам з В. Дуніным-Марцінкевічам і К. Кжыжаноўскім “Ідылія” (“Сялянка”) стала першай у гісторыі операй, у якой загучала беларуская мова. У віленскі перыяд С. Манюшка стварыў і сваю знакамітую оперу “Галька”, якая ў першапачатковай рэдакцыі прагучала ў канцэртным выкананні ў 1848 г. у Вільні.
У 1858 г. С. Манюшка развітаўся з Беларуссю і пераехаў у Варшаву. Ён стаў дырыжорам і дырэктарам “Тэатра Велькі” (Вялікага тэатра), на сцэне якога паставіў шэраг сваіх опер. Сярод іх – славутая “Галька” ў новай 4-актавай версіі, “Фліс”, багацце песенных і танцавальных мелодый якой узята з беларускага фальклору, оперы “Графіня” і “Вербум нобіле”, якія засведчылі сталасць опернага стылю кампазітара. Яшчэ адна вядомая опера С. Манюшкі “Страшны двор” была напісана ў 1865 г., а наогул кампазітар стварыў 20 опер і аперэт, 3 балеты, два рэквіемы, шмат песень, у тым ліку і “Паходную песню літвінаў” на словы У. Сыракомлі. З 1864 г. і да апошніх дзён жыцця быў прафесарам Музычнага інстытута ў Варшаве.
Еўрапейская слава прыйшла да С. Манюшкі ў варшаўскі перыяд яго жыцця. Ён стаў класікам польскай музыкі. “Але Станіслаў Манюшка быў, застаецца і заўсёды будзе гонарам нашай беларускай зямлі, яе культуры, якая ўзгадавала, натхніла яго і спазнала ўсю прыгажосць і адухоўленасць ягонай ліры”*.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2009 г.
* Дадзіёмава, В.У. Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі / В.У. Дадзіёмава. Мінск, 2001. С. 184.