Выдатны пісьменнік і драматург В. Дунін-Марцінкевіч па праву лічыцца пачынальнікам беларускага нацыянальнага тэатра. З 1840 г. ён жыў у фальварку Люцынка (каля Івянца), дзе і разгарнулася яго культурна-асветная, літаратурная і тэатральная дзейнасць. Тут В. Дунін-Марцінкевіч адкрыў на асабістыя сродкі школу, у якой вучыў сялянскіх дзяцей і наладжваў спектаклі. Вакол яго групаваліся прадстаўнікі перадавой разначыннай інтэлігенцыі – літаратары, музыканты, мастакі. Ён сябраваў з драматургам А. Вярыгам-Дарэўскім, пісьменнікам У. Сыракомлем, будучым выдатным польскім кампазітарам С. Манюшкам і інш.
Асноўным зместам драматычных твораў В. Дуніна-Марцінкевіча з'яўляецца жыццё і быт беларускай вёскі ў перадрэформенны і паслярэформенны час. Як драматург і акцёр ён дэбютаваў у Мінску, дзе ў 1841 г. паставіў аперэту «Рэкруцкі яўрэйскі набор».
Пачаткам працы В. Дуніна-Марцінкевіча ў галіне літаратуры стала выданне лібрэта камедыі-оперы «Ідылія» («Sielanka», Вільня, 1846). Сюжэт твора быў выбраны драматургам невыпадкова: ён «апраўдваў» ужыванне беларускай мовы на сцэне побач з польскай. Як вядома, у Беларусі беларуская мова лічылася мовай «хлопаў», простых людзей, шляхта ёю не карысталася. Сюжэт п'есы патрабаваў дзвюх моў. В. Дуніну-Марцінкевічу даводзілася цярпець нападкі шляхты, якая высмейвала яго за ўжыванне беларускай мовы, але драматург цвёрда стаяў на сваім: «Жывучы сярод люду, які размаўляе па-беларуску, прасякнуты яго ладам думак, марачы аб долі гэтага братняга народу, вырашыў я для заахвочвання яго да асветы ў духу яго звычаяў, паданняў і разумовых здольнасцей пісаць на яго ўласнай гаворцы...».
Шчаслівы сцэнічны лёс камічнай оперы «Сялянка» ў многім быў вызначаны тым, што музыку да яе напісаў С. Манюшка, які раней ужо выступаў у творчым супрацоўніцтве з В. Дуніным-Марцінкевічам. Кампазітар шырока выкарыстаў у сваім творы беларускую музычную народную творчасць. У стварэнні музыкі прымаў удзел аматар тэатра, спявак К. Кжыжаноўскі і інш.
Опера «Сялянка» – поліфанічны, сінтэтычнага плана твор, у якім спалучаны драматычнае, музычна-вакальнае і танцавальнае мастацтвы. Яна вызначаецца і жанравай разнастайнасцю: тут арганічна суіснуюць пранікнёная лірыка, падкрэсленая камедыйнасць, вострая сатыра. Па сваёй тэматыцы і ідэйна-мастацкіх прынцыпах «Сялянка» належыць менавіта да жанру оперы, пра што сведчыць наяўнасць разгорнутых вакальных нумароў і ансамбляў опернага характару. Твор складаецца з двух актаў і больш чым 30 музычных нумароў, сярод якіх – песні, рамансы, арыі, харавыя творы, танцы.
Прэм'ера оперы адбылася 9 лютага 1852 г. у Мінску. Рэжысёрам і выканаўцам галоўнай ролі Навума Прыгаворкі з'яўляўся сам В. Дунін-Марцінкевіч. Ролі ў спектаклі выконвалі Кжыжаноўскі, Ляўданскі, Лопат, дочкі В. Дуніна-Марцінкевіча Каміла і Мальвіна, сын Міраслаў. Выступалі таксама хор і аркестр.
Па ўспамінах сучаснікаў да нас дайшла частка тэксту прэм'ернай афішы оперы: «З дазволу начальства, у суботу, 9 лютага 1852 г., будзе прадстаўлена аматарамі, у карысць бедных, опера ў дзвюх дзеях на польскай і простанароднай мове, сачынення Вікенція Марцінкевіча з музыкай Манюшкі, Кжыжаноўскага і іншых пад загалоўкам: «Сялянка».
Пісьменнік А. Паўловіч, сучаснік В. Дуніна-Марцінкевіча, успамінаў, што афіша «Сялянкі» «была першай і апошняй абвесткай аб ужыванні на сцэне беларускай мовы: у той жа дзень быў выдадзены слоўны загад (а затым і пісьмовы) аб забароне спектакляў на «простонародном языке». І ўсё ж такі ў той дзень, 9 лютага 1852 г., спектакль адбыўся, бо дазваленне на той дзень было ўжо мясцовай уладай дадзена, але была толькі нейкая замінка з расклейкаю афішы, – яе меліся знішчыць. Афіша не была расклеена, яе давялося саматугам разносіць па знаёмым, як запрашэнне. Вестка аб забароне хутка разнеслася па Мінску, і дзякуючы гэтаму збор быў небывалы». Аб папулярнасці «Сялянкі» сведчыць і выказванне вядомага беларускага этнографа, пісьменніка, публіцыста П. Шпілеўскага, які называў яе «вядомай народнай аперэткай».
Нягледзячы на тое, што пасля першага паказу спектакль быў забаронены, яго працягвалі іграць фактычна ў нелегальных умовах на прыватных кватэрах, у іншых прыстасаваных памяшканнях у Мінску, Бабруйску, Слуцку, Глуску і г. д. (вядомы паказы да 1856 г.).
Опера «Сялянка» мела вялікае значэнне для далучэння гледачоў да сцэнічнага мастацтва і абуджэння ў іх нацыянальнай самасвядомасці. Яна зрабіла значны ўплыў на станаўленне беларускага прафесійнага тэатра. Традыцыі гэтай пастаноўкі існавалі і развіваліся ў тэатры І. Буйніцкага, музычна-драматычных гуртках Вільні, Гродна, Мінска, Віцебска і іншых гарадоў.
29 снежня 1993 г. адбылася прэм'ера спектакля «Ідылія» («Сялянка») у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы. Пастаноўку ажыццявіў рэжысёр М. Пінігін, сцэнаграфічнае афармленне зрабіў мастак З. Марголін. Пастаноўка «Ідыліі» стала тэатральным святам – яркім, відовішчным, багатым на фарбы, шчодрым, а часта і нечаканым на выдумку. Спектакль нясе з сабой радасць, дае адпачынак душы. А яшчэ – і гэта самае галоўнае – абуджае любоў да Бацькаўшчыны, роднай прыроды, абуджае ў чалавеку нацыянальную годнасць. Спектакль вырашаны як маштабнае палатно, ідылічна-камедыйным сцэнам нададзена высокае патрыятычнае гучанне. Ён з'явіўся значным дасягненнем творчага калектыву і меў вялікі поспех у тэатральнай грамадскасці.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.