Краткая справка:
царкоўны і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, пісьменнік-палеміст, філосаф, багаслоў, адзін з ініцыятараў і арганізатараў Брэсцкай уніі 1596 г.
Духовные имена:
Пацей Іпацій; Потей Ипатий
Имена на других языках:
Потей Адам Львович (русский);
4364 символа
Справка
Жыццё Іпація Пацея праходзіла на мяжы культур і пераломе эпох, што абумовіла характар і спецыфіку яго светапогляду. У ліку іншых ідэолагаў ён зрабіў спробу выпрацаваць альтэрнатыўную рэнесанснай канцэпцыю грамадскага і духоўна-культурнага жыцця. Лёс І. Пацея быў асветлены адной палымянай ідэяй – аб’яднаць прыхільнікаў праваслаўнага і каталіцкага веравызнанняў у межах Беларусі і Украіны. Акрамя царкоўна-палітычнай дзейнасці ён пакінуў пасля сябе вялікую інтэлектуальную, пісьменніцкую спадчыну.
Нарадзіўся І. Пацей (свецкае імя Адам Львовіч) у сядзібе Ражанцы Камянецкага павета Падляшскага ваяводства (цяпер Брэсцкая вобласць) у праваслаўнай шляхецкай сям’і. Дзяцінства праходзіла ў арыстакратычным асяроддзі, што прадвызначыла яго выхаванне і будучы лёс. Першапачатковыя веды атрымаў пры двары Сігізмунда II Аўгуста, куды яго ўладкавалі ў якасці каралеўскага пажа. Затым здольнага юнака пад сваю апеку ўзяў Мікалай Радзівіл Чорны. Тут, у кальвінісцкай школе, ён атрымаў сярэднюю адукацыю. Прыхільнікам кальвінізму заставаўся да 1573 г. (ці 1574), потым зноў вярнуўся ў праваслаўе. Прадоўжыў адукацыю ў Ягелонскім універсітэце (Кракаў) на факультэце свабодных мастацтваў. Менавіта ў гэтай навучальнай установе І. Пацей авалодаў некалькімі замежнымі мовамі, а таксама атрымаў грунтоўныя веды па шырокім коле дысцыплін: рыторыцы, дыялектыцы, матэматыцы, астраноміі і інш. Пасля вяртання на Радзіму пачаў рабіць дзяржаўную кар’еру. З 1566 г. ён брэсцкі земскі пісар, потым брэсцкі земскі суддзя, з 1578 г. па 1580-я гг. выконваў абавязкі падатковага інспектара Берасцейскага ваяводства, а з 1588 г. стаў брэсцкім кашталянам, тытул якога забяспечыў яму месца сенатара ў сейме Рэчы Паспалітай. У 1593 г. пад імем Іпацій прыняў манаства і ўзначаліў Уладзіміра-Брэсцкую епіскапскую кафедру. На новай пасадзе развіў актыўную дзейнасць, накіраваную на злучэнне праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Іпацій Пацей адыграў галоўную ролю ў справе заключэння Брэсцкай царкоўнай уніі. Вялікім прыхільнікам ідэй І. Пацея быў канцлер Вялікага Княства Літоўскага Л. Сапега. Але замест згоды і мірнага суіснавання з-за асуджэння дзеянняў патрыярхаў некаторымі прыхільнікамі праваслаўя і непрыняцця імі уніі пачаўся доўгі перыяд міжканфесійнага супрацьстаяння. З 1599 г. І. Пацей – уніяцкі мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі.
Іпацій Пацей стварыў выдатныя палемічныя творы на старабеларускай і польскай мовах “Унія...” (1595), “Справядлівае апісанне ўчынкаў і справы сінодавае” (1597), “Размова берасцяніна з братчыкам” (1604), “Уваскрослы Налівайка” (1607), “Ерасі, невуцтва і палітыка папоў і мяшчан віленскага брацтва”, “Гармонія...”, “Рэляцыя” (усе 1608). Ён аўтар вялікай колькасці лістоў да князя К. В. Астрожскага, прамоў, павучанняў, казанняў і інш. Дамінуе царкоўна-рэлігійная і маральна-філасофская праблематыка, шырока асвятляюцца тэмы Суднага дня, царкоўных цырымоній, Тайнаў Хрыстовых, пастоў... Аўтар не прымаў і рэзка асуджаў анархію, хаос. Неаднаразова ўжываў у сваіх творах прыклады са старажытнай рымскай гісторыі, палітычных і грамадскіх падзей краін Заходняй Еўропы, з жыцця знакамітых асоб, хрысціянскай царквы. Адзін з важных прынцыпаў канструявання тэксту для І. Пацея – зварот да апанентаў, чытачоў, свецкіх асоб, святароў, Бога. Вылучаюцца наступныя тыпы стыляў: аналітычна-публіцыстычны, прапаведніцкі, мемуарна-белетрыстычны і панегірычны. У творах шырока выкарыстоўваў розныя вобразныя сродкі мовы – метафары, параўнанні, алегорыі, рытарычныя фігуры і інш. Прапаведніцкія творы таленавітага пісьменніка-палеміста на старабеларускай мове былі сабраны і выдадзены ў 1677 г., у 1714 г. перавыдадзены на польскай мове ў Супраслі. Пры жыцці І. Пацея, на жаль, кнігі не былі надрукаваны, таму і не пашырыліся ды не ўвайшлі тады ў нашу літаратурную скарбніцу. Не стала вядомага царкоўнага дзеяча 18 ліпеня 1613 г., пахаваны ён ва Уладзімірскім кафедральным саборы.
Іпацій Пацей зрабіў значны ўклад у рэфармаванне старабеларускай літаратурнай мовы. Дасканалы майстар роднай мовы, арыгінальны мысліцель, таленавіты прапаведнік, ён услед за Ф. Скарынам, В. Цяпінскім, С. Будным і іншымі беларускімі асветнікамі эпохі Адраджэння заўсёды вельмі клапаціўся аб развіцці нацыянальнай беларуска-ўкраінскай культуры. Уласным творчым прыкладам адкрываў вялікую мастацка-эстэтычную перспектыву для будучых пакаленняў.