Дата рождения: 19.02.1921
Дата смерти: 02.03.1989
Краткая справка: дырыжор, народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990)
Имена на других языках: Вощак Ярослав Антонович (русский);
Яраслаў Антонавіч Вашчак нарадзіўся ў г. Броды Львоўскай вобласці (Украіна). У 1939 г. скончыў Вышэйшы музычны інстытут імя М. Лысенкі ў Львове. Вучыўся ў знакамітага дырыжора і кампазітара, заснавальніка заходне-украінскай школы Мікалая Калесы, сярод вучняў якога – легендарны дырыжор і педагог Стэфан Турчак, дырэктар Украінскага тэатра оперы і балета Іван Гамкала, дырэктар Адэскага тэатра оперы і балета Ярэма Скібінскі. Па падручніку М. Калесы “Основы техники дирижирования” вучылася не адно пакаленне музыкантаў.
З 1944 г. Я. Вашчак працаваў дырыжорам, а ў 1953–1963 гг. – галоўным дырыжорам Львоўскага тэатра оперы і балета. Ён прымаў актыўны ўдзел у пастаноўках на сцэне тэатра нацыянальных опер: “В степях Украины” О. Сандлера, “Зарево” А. Кос-Анатольскага, “Украденное счастье” Ю. Мейтуса і інш. Як адзначалі даследчыкі, гэта было адно з самых плённых дзесяцігоддзяў у пасляваеннай гісторыі калектыву, у час якога расквітнеў талент зорак львоўскай оперы і балета.
У 1963 г. Яраслаў Антонавіч быў запрошаны на пасаду галоўнага дырыжора ў Адэскі тэатр оперы і балета, а ў 1965 г. паехаў працаваць у г. Грозны, сталіцу Чачэна-Інгушскай АССР. Тут ён стаў заснавальнікам і галоўным дырыжорам Сімфанічнага аркестра Дзяржаўнай філармоніі, у які сабраў лепшых музыкантаў рэгіёна.
У 1967 г. Я. Вашчак становіцца галоўным дырыжорам Варонежскага тэатра оперы і балета, а ў 1970–1972 гг. працуе на такой жа пасадзе ў Казанскім тэатры оперы і балета і адначасова выкладае ў кансерваторыі.
З 1972 г. пачаўся мінскі этап у біяграфіі дырыжора. Ён стаў галоўным дырыжорам (з 1980 г. – дырыжорам) Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі. Адначасова ў 1973–1977 гг. ён выкладаў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі.
Яраслаў Вашчак актыўна супрацоўнічаў з беларускімі кампазітарамі С. Картэсам, У. Солтанам, У. Кандрусевічам у працэсе стварэння і пастаноўкі опер “Джардана Бруна” С. Картэса (1977), “Дзікае паляванне караля Стаха” У. Солтана паводле аднайменнай аповесці У. Караткевіча (1989, Дзяржаўная прэмія Беларусі 1990), балета “Крылы памяці” У. Кандрусевіча (1986).
Прэм’ера беларускай оперы “Джардана Бруна” ўнесла прыметнае ажыўленне ў музычна-тэатральнае жыццё рэспублікі. Спектакль уяўляў сабой узор сучаснага твора ва ўсёй разнастайнасці гэтага паняцця. У ім выяўляліся рысы агульнасці з асноўнымі тэндэнцыямі тых гадоў, звязанымі з імкненнем да пашырэння вобразна-стылістычнай сферы шляхам засваення новых пластоў літаратурнага матэрыялу, больш арганічнага тыпу ўзаемаадносін сцэнарнай і музычнай драматургіі. Усё гэта стымулявала фантазію пастаноўшчыкаў, садзейнічала ўзнікненню новых сцэнічных вырашэнняў.
Галоўным цэментуючым пачаткам, які трывала змацоўваў “каркас” кампазіцыі оперы С. Картэса, з'яўляўся аркестр. Дэталізаваная распрацоўка складаных душэўных рухаў, фіксацыя імгненных эмацыянальных імпульсаў, вобразна-выразная трактоўка тэмбраў – усё гэта ў спектаклі аказалася добра прадуманым і высокапрафесійна выконвалася аркестрам на чале з музычным кіраўніком і вядучым дырыжорам спектакля Я. Вашчакам, які здолеў тонка раскрыць арыгінальнасць і выразнасць музыкі С. Картэса. Рэцэнзенты адзначалі і дакладна знойдзеныя суадносіны розных дынамічных пластоў, і тонкую распрацаванасць шматслойнай партытуры, і вобразную значнасць асобных інструментаў, што з'явілася асабліва важным у партытуры “Джардана Бруна” з яе дыферэнцыяцыяй тэмбраў і індывідуалізаванай фактурай.
Пастаноўка оперы “Дзікае паляванне караля Стаха” У. Солтана ўяўляла сабой значную з’яву ў развіцці нацыянальнага музычнага тэатра. Працягваючы і творча развіваючы лепшыя традыцыі беларускага опернага мастацтва, кампазітар стварае сучасны твор са своеасаблівым пранікненнем у свет народных паданняў, пераканаўча вырашае праблемы музычна-сцэнічнай драматургіі. Услухоўваючыся ў драматургічнае разгортванне твора, узаемазвязанасць яго сцэн і эпізодаў, глядач спасцігае зладжаную сістэму ўзаемадзеяння музычнага і сцэнічнага планаў. Пры гэтым музычны план вызначае сцэнарый, рэгулюючы працэс драматычнага развіцця, што становіцца магчымым дзякуючы падключэнню да дзеяння тонка развітога аркестравага пласта з уласцівым яму стылістычным адзінствам, драматургічна прадуманым чаргаваннем тэмбраў, старанна вывераным вакальна-аркестравым апаратам опернага спектакля.
Немалая заслуга ў гэтым дырыжора Я. Вашчака, які ўважліва сачыў за работай маладога кампазітара. Уладзімір Солтан адзначаў, што дзякуючы цеснаму кантакту з дырыжорам з’явіліся вопыт работы з аркестрам і больш патрабавальнасці да сябе, а галоўнае – была набыта практыка “слухання” музычнага матэрыялу ў кантэксце ўсяго твора. Праца над пастаноўкай оперы “Дзікае паляванне караля Стаха” – рэдкі прыклад калектыўнай творчасці, якім захапілася ўся трупа.
З самага пачатку намецілася і затым усё больш мацнела садружнасць аднадумцаў, якая абумовіла цэласнасць спектакля ва ўсіх кампанентах. Цэласнае ўспрыманне оперы перш за ўсё было б немагчыма без мэтанакіраванай і зладжанай работы дырыжора і музычнага кіраўніка Я. Вашчака. Гэта было тонкае пранікненне ў партытуру, ажурнасць выканання. З самага пачатку ён задаў рамантычны тон пастановачнаму вырашэнню оперы.
Аднак у сілу трагічных абставін Я. Вашчаку не давялося быць на прэм’еры за дырыжорскім пультам: раптоўная смерць напярэдадні генеральнай рэпетыцыі прыпыніла работу калектыву, якая была прадоўжана дырыжорам А. Анісімавым. У кароткі тэрмін ён унікнуў у сутнасць драматургіі твора, яго канцэпцыю, зразумеў творчую задуму свайго папярэдніка, што патрабавала вялікага напружання і высокага прафесіяналізму.
Пастановачная група ў складзе кампазітара У. Солтана, дырыжораў Я. Вашчака (пасмяротна) і А. Анісімава, рэжысёра В. Цюпы, мастака Э. Гейдэбрэхта, салістаў Н. Кастэнкі, В. Скорабагатава і У. Экнадзіёсава была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі (1990 г.).
Значнымі падзеямі ў тэатральным жыцці Беларусі сталі здзейсненыя пад кіраўніцтвам Я. Вашчака пастаноўкі опер “Міндыя” А. Тактакішвілі (1972), “Сельскі гонар” П. Масканьі (1973), “Барыс Гадуноў” М. Мусаргскага (1974), “Севільскі цырульнік” Дж. Расіні (1986), балетаў “Кармэн-сюіта” Ж. Бізэ Р. Шчадрына (1974), “Спартак” А. Хачатурана (1980), “Балеро” на музыку М. Равеля (1984), вакальна-харэаграфічнае прадстаўленне “Карміна Бурана” на музыку К. Орфа (1983).
У 1970-я гг. у беларускага опернага калектыву ўсталяваліся трывалыя сувязі з Вроцлаўскім тэатрам оперы і балета (Польшча). Яны набылі форму ўзаемных абменаў выканаўцамі, дырыжорамі, рэжысёрамі. У 1975 г. польскі рэжысёр Б. Янкоўскі паставіў у Мінску оперу С. Манюшкі “Галька”. Вялікае дасягненне гэтага музычнага твора – таленавітае выкарыстанне ў ім танцавальна-вакальных інтанацый польскай народнай музыкі. Гэту глыбока народную сутнасць оперы пастановачны калектыў, і перш за ўсё дырыжор Я. Вашчак, плённа імкнуліся данесці да гледача. Дырыжор адзначаў, што калектыву хацелася перадаць лірычна-трагедыйную сутнасць оперы, узбуйніць, узмацніць эмацыянальна-псіхалагічны план, захаваўшы пры гэтым нязгасную абаяльнасць, глыбокую чалавечнасць, меладычную шчырасць музыкі Манюшкі, прастату і яснасць музычных характарыстык.
У цеснай садружнасці працаваў творчы калектыў беларускай опернай трупы з кампазітарам Ц. Хрэннікавым над пастаноўкай спектакля “У навальніцу” (1976). Пастановачнае вырашэнне адлюстравала драматургічныя заканамернасці оперы, у якой спалучаліся яркія драматычныя кульмінацыі і лірычныя сцэны, што адбілася на канцэпцыйным узроўні выканання аркестра пад кіраўніцтвам Я. Вашчака. Ім быў правільна знойдзены тэмпарытм спектакля, логіка дынамічнага развіцця, дзякуючы чаму музычна-сцэнічнае дзеянне ў оперы ўспрымалася як дынамічна насычанае сімфанічнае палатно.
Высокую ацэнку музычнай грамадскасці атрымаў пастаўлены ў 1979 г. спектакль “Дон Карлас” Дж. Вердзі, які пакарыў гледача ўзроўнем культуры выканання музыкі. Партытура оперы прагучала сімфанічна цэласна, маштабна, насычана дзякуючы дырыжору Я. Вашчаку. Ён праводзіў спектакль згодна мэтанакіраванаму музычна-сцэнічнаму дзеянню і ў буйным плане, і ў дэталях. Роўны і вывераны тэмпарытм спектакля, падпарадкаваны адзінай аўтарскай ідэі, спалучаўся з чуйнасцю і ўвагай да выканаўцаў. Не парушаючы галоўнай лініі музычна-сцэнічнай драматургіі, аркестр садзейнічаў выяўленню лепшых прафесійных якасцей спевакоў, раскрываючы новыя бакі іх таленту.
У 1982–1983 гг., працуючы ў Мінску, Я. Вашчак супрацоўнічаў з Башкірскім тэатрам оперы і балета. Пад яго кіраўніцтвам былі пастаўлены спектаклі “Дон Карлас” і “Аіда” Дж. Вердзі і нацыянальная опера “Салават Юлаев” З. Ісмагілава.
Выканальніцкая манера Я. Вашчака вызначалася спалучэннем эмацыянальнай свабоды са строгім густам, уважлівым стаўленнем да аўтарскага тэксту. Як удумлівы педагог-выхавацель ён спрыяў павышэнню агульнай музычнай культуры тэатра. У 2002 г. у Львоўскім тэатры оперы і балета імя С. Крушальніцкай былі ўстаноўлены бюсты пяці творцаў, якія зрабілі найбольш значны ўклад у развіццё калектыву. Сярод іх і скульптурны партрэт Я. Вашчака.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.